– Мэм, як гэта ў вас атрымалася? – пацікавіўся Джэкі з інтанацыямі школьніка, якому маці замест абяцанага ровару нечакана купіла «кадылак».
Вядзьмарка стомлена глянула на прэзідэнта і прамовіла надзіва роўна:
– Іншаму б не сказала, а табе скажу… Тваёй краіне не варта баяцца Саветаў, яны разваляцца. Да развалу СССР прыкладзе руку адзін мой зямляк на імя Станіслаў. Запомні гэтае імя. Але ты гэтага ўжо не заспееш, бо цябе застрэляць. А смерць твая, сыначка, акурат і прыйдзе з Беларусі, з Мінска. Заб’е цябе вайсковец, які скончыў адмысловую школу, дзе й навучаюць забіваць. Так што не хвалюйся, ты памрэш хутка і без пакутаў…
…Ранішні ветрык з Гудзона варушыў шызы попел вогнішча, пад якім пяшчотна ружавела вуголле. На глянцавай вадзе басейна гайдаўся самотны купальскі вяночак. Галівудскія дэкаратары дзелавіта скручвалі ў рулоны штучны мох. І ніхто не зважаў ані на старую, якая па-ранейшаму сядзела, прыхінуўшыся спінай да шурпатага пластыка, ані на вялізны спод састылых дранікаў перад ёй.
Паветра басавіта завібравала, нібы мост пад таварным саставам. Энергічны шоргат крылаў успароў вільготную шэрань. На борцік басейна важка апусціўся гіганцкі гуталінава-чорны крумкач інфернальнага выгляду. Ён скасавурыў вясёлкавае вока на біклажку з самагонам і пранізліва каркнуў.
– Ну, выпі, выпі, калі так хочацца, – з нечаканай пяшчотай дазволіла старая. – Толькі дранікам заясі, каб па-людску было…
Варажбітка падчапіла відэльцам самы тоўсты дранік, і срэбны пярсцёнак на яе пальцы бліснуў, нібы апошняя зорка на золку.
* * *
Наступствамі купальскага перформансу ў 1961 годзе сталіся дзевяць цяжарнасцяў, сем абортаў, пяць разводаў і два самагубствы. Натуральна, уплывовыя бульварныя газеты пра гэта не напісалі; Жаклін і Лі ведалі, як правільна сябраваць з медыямагнатамі.
Жаклін неўзабаве паляцела ў Парыж, на прымерку чарговай ружовай сукні ад Шанэль. Лі захапілася творчасцю Трумэна Капотэ, моднага пісьменніка-гомасексуала, і гэта стала прычынай мадэрнісцкіх чутак пра раптоўную змену эстэтычнай і сексуальнай парадыгмы ўсіх ейных каханкаў. Стэсі Радзівіл, уладальнік транснацыянальнай рыэлтарскай агенцыі, з галавою занурыўся ў канвертацыю нерухомасці ў грошы і наадварот. А Джон Фіцджэральд Кенэдзі, нібы той штурман, жорстка пракладаў на глобусе знешнепалітычны курс ЗША, з пераменлівым поспехам пазбягаючы рыфаў, водмеляў, бураў і штыляў.
Неўзабаве і пра Купалле, і пра падзеі, звязаныя з тым перформансам, забыліся амаль усе…
Акрамя Алена Далеса, усемагутнага дырэктара ЦРУ. Містар Далес, ласкавы стары з халоднымі вачыма патолагаанатама, пільна адсочваў абсалютна ўсё, што тычылася Джона Кенэдзі і яго атачэння. Свята разбэзсты на даху хмарачоса асабліва не зацікавіла звыклага да ўсяго спецслужбоўцу; яго картатэка і так была заваленая кампраметарнымі матэрыяламі на ўсіх больш-менш уплывовых людзей Злучаных Штатаў.
А вось першабытныя камланні экзатычнай шаманкі і яе глабалісцкія прадказанні раптоўна адрадзілі ў Алане Далесе веру ў надзвычайнае. Пасля залевы ў Тэхасе, якую, без сумневу, выклікала паліванне конавак у НьюЁрку, не даваць веры прароцтвам Сівілы з невядомай для ўсіх Беларусі было не толькі немагчыма, але і злачынна.
Ужо на другі пасля Купалля дзень старэчу затрымалі спецагенты і даставілі ў пентхаўс аднаго з манхэтэнскіх хмарачосаў, дзе месцілася сакрэтная лабараторыя ЦРУ. Падвопытнай вядзьмаркай заняліся самыя прасунутыя псіхааналітыкі, гіпнатызёры, тэлепаты, тэолагі і следчыя, але ніякага плёну іх даследаванні пакуль не давалі.
І толькі інфернальна-чорны крумкач, якога бачылі ў кампаніі варажбіткі як мінімум трое.
Глава 1
Пеўні прагарлалі новы дзень. У вільготных пасля ночы травах зашаргацела, застракатала і засноўдалася. Сонца пераможна ўздымалася над вясковымі дахамі. Ясная ліпеньская раніца выкладала на грунтоўцы рытмічныя сінія цені, залаціла бляшаны рэпрадуктар на калгасным кароўніку.
Рэпрадуктар адкашляўся, напружыўся і праз радыёшоргат выплюнуў у празрысты блакіт:
– У эфіры – перадача «Раніца маёй рэспублікі». Ідучы насустрач гістарычным рашэнням студзеньскага пленума ЦК КПСС, працоўныя калгаса «Чырвоны шлях» Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці ўзялі на сябе падвышаныя сацыялістычныя абавязацельствы па пашырэнні пасеваў кукурузы…
– Выключыце вы гэту херню, Міроныч, – чарнявы маладзён дбайна абцёр рукі аб доўгі скураны фартух, напялены паверх медычнага халата.