– Ну што, дарагія таварышы. Першы выхад у свет нашага гадаванца атрымаўся надзіва ўдалым, – Паўлаў выцягнуў з-пад століка пляшку каньяку з гранчакамі, разліў узважанай рукою хірурга. – Прапаную адзначыць чарговую перамогу савецкай навукі.
– Гэта Ленінская прэмія, таварыш палкоўнік медычнай службы! – мовіла Каця ціха і пранікнёна. – Шкада, як закрытым спісам дадуць. Але, з іншага боку, не друкаваць жа пра стварэнне новага тыпу савецкага чалавека ў газеце «Правда»!
– Чаму «ГэБэ» – зразумела, – цыбаты засяроджана панюхаў каньяк, выдыхнуў і інстынктыўна пашукаў вачыма кіслы гурок. – Сапраўдны, клапом смуродзіць! Але чаму ён…
– …чаму менавіта «гібрыд»? – доктар выпіў нагбом, выцер далонню рот. – Усё проста: маці ў яго гарыла, а тата – рускі. Звычайнае міжвідавае скрыжаванне. Дазаванае апраменьванне пры атамным рэактары з мэтай мутагенезу. Эпіляцыі, імплантацыі, пластычныя аперацыі. Заняткі з дрэсіроўшчыкам, лагапедам і палітруком. Апошняю шліфоўку і першыя выпрабаванні даверылі нашай лабараторыі. І ўсё, як бачыце, атрымалася!
Цыбаты на знакі паказаў, што за гэта варта выпіць зноўкі.
– Але ж занадта пільны маёр з мясцовага райаддзела гэбэ… -– нагадала лабарантка нясмела.
– Пяткевіча яшчэ раз папярэдзілі, каб не лез не ў свае справы, – адмахнулся Паўлаў. – Для яго ўжо падрыхтаванае інфармацыйнае паведамленне, якое ён назаўтра і адправіць кіраўніцтву. Маўляў, у дзень Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі шырокія народныя масы выказалі стыхійнае абурэнне дэманстрацыяй нізкапробнага амерыканскага фільма, які прапагандуе гвалт, сэкс і заняпад нораваў. «Мы не дазволім разбэшчваць нашу моладзь!» – заявіў Гаўрыла Батыеў, удзельнік Вялікай Айчынай і заслужаны ардэнаносец.
– Ордэн ваш жыўчык з ветэраншы садраў, якую ледзьве не згвалціў? – удакладніў цыбаты з крывой посмешкай.
– А нягож не!.. – шкляныя вочкі палкоўніка медычнай службы бліснулі нездароўчым захапленнем. – Узяў трафей – дык і добра; а то што за герой без ордэну? І ўжо заўтра па горадзе пойдуць гуляць байкі пра франтавыя подзвігі нашага гібрыда. Як пад Сталінградам сяржант Батыеў кінуў гранату, якія забіла трыццаць фашыстаў, а потым выбухнула. Як з сякерай на Курскай Дузе ён быў страшнейшым за танк. А без сякеры – і ўвогуле танкам!
Вогнішча перад кінатэатрам палала ўжо з паўгадзіны. Барвовыя водблескі клаліся на сцены і брукаванку ліпучымі камуфляжнымі плямамі. Доктар прыклаў акуляры шпегунскага апарата да вачэй: волат, мяркуючы па звяружных грымасах, даваў юнакам урок мужнасці. Па коле пайшла біклажка спірту пад бляшанку тушонкі.
Карціна схіляла да чуллівага маналога. Паўлаў накаціў, хэкнуў, энергічна пачухаў геніталіі і натхніўся на сола.
– Звычайны дарвінізм, можаце пераканацца самі, – доктар перадаў апарат цыбатаму. – Калі харызматычны альфа-самец прымае у свой статак несвядомых маладзёнаў, у апошніх з’яўляецца адчуванне асэнсаванасці жыцця і падвышаецца самаацэнка. Статак набывае статус, чым і вабіць неафітаў, якія ўсведамляюць сваю непаўнавартаснасць і прагнуць зацвердзіцца ў вачах аднагодкаў праз сяброўства з героем. З цягам часу мы атрымліваем сімпатычную хеўру з выдрэсіраваным дамінантным самцом, жорсткай іерархіяй і жалезнай дысцыплінай. Раскажыце ім каля вогнішча пра фашызм, нагадуйце тушонкай са спіртам і пакажыце на ворага – і хеўра без ваганняў пашматуе яго, бы той плакат. Гэта і ёсць наш адказ амерыканскім імперыялістам з іх хвалёнымі свабодамі: сэксам, нар…
Знянацку ад вогнішча данеслася жывёльнае скавытанне ў пачварна нізкай танальнасці:
– У-у-у!.. У рот, у душу і ў дупу!..
Паўлаў схамянуўся, адставіў шклянку, сувора ўтаропіўся ў Кацю:
– Сюды яго цягні па-хуткаму, а то яшчэ згвалціць каго незнарок! Твая, між іншым, недапрацоўка!..
– Я яму сёння ўжо двойчы драчыла, таварыш палкоўнік, – лабарантка паспешліва адчыніла дзвёрку. – Як вы і загадалі: зраніцы і акурат перад выездам сюды…
– Я сказаў – хутка!..
Дзявуля паслухмяна зацокала абцасамі да вогнішча. Цыбаты коратка і цынічна рагатнуў. Доктар Паўлаў нервова пачухаў шыю, выйшаў з фургона, зашаргацеў цыгарэтным пачкам.
Ад Замкавага возера цягнула пранізлівым халадком. Вуголле інтымна ружавела ў ліловай імгле. Каця кранальна схілілася да вуха Гаўрылы Батыева, але адразу адскочыла – волат з нечаканым для яго камплекцыі спрытам цапнуў дзявулю за азадак.
– Мы ўвесь свет паставім ракам, усіх нярускіх – ломам у сраку!.. – пераможна разнеслася па начным Нясвіжы.