Гаспадар засяроджана дагрыз селядцовую галаву, дапіў, набулькаў і журботна скасавурыўся ў акно. Дашчаная прыбіральня, панурыя шыферныя дахі і лямпа ў бляшаным конусе над ганкам «Сельпо»… Памуліўся, пакрахтаў, ухапіў за хвост чарговага селядца і зноў утаропіўся ў тэлевізійных курваў і джэнтльменаў, гэткіх прывідаў з-за межаў рэальнасці.
– А мы тут, бы тыя пчолкі… – прашаптаў мужчына ці то з агідай, ці то з зайздрасцю.
На падворку бразнуў ланцуг, перарывіста і злосна забрахаў сабака. Гаспадар здрыгануўся, уцягнуў голаў у плечы і баязліва глянуў паверх фіранкі, але адразу ўпікнуў сябе за ўкаранелы рэфлекс: чорныя варанкі па начах ужо восем гадоў як не ездзілі.
Сабака захлынаўся шалёным брэхам, ірваў ланцуг і гырчэў, але знянацку віскнуў і сцішыўся. Мужчына мацюкнуўся, выцер тлустыя рукі газетным камяком і неахвотна пасунуўся ў сенцы. Намацаў у куце сякеру, асцярожна адчыніў дзверы. Пастаяў, паслухаў, высмаркаўся, паслухаў, пашкрабаў ніз жывата, уважлівым позіркам праінспектаваў паўабляцелы сад і сарайчыкі за прысадамі… На падворку панаваў санлівы спакой. Хіба што сабака змоўк падазрона хутка, але ён мог пабрахаць на позняга мінака для блезіру і схавацца ў будцы.
Гаспадар адклаў сякеру, выдыхнуў з палёгкай і пайшоў у залу. Рыпнуў дзвярыма – і сутаргава схапіўся за вушак, каб захаваць цела вертыкальна.
У фатэлі перад тэлевізарам сядзеў зусім незнаёмы дзядзька: каменнае падбароддзе з гранёнай ямінкай, хітраватыя сялянскія вочы пад пукатым лобам… Боты нязванага госця блішчэлі люстэркам. Прыадчыненае вакно тлумачыла спосаб яго пранікнення ў хату, але ж не асобу самога госця, і ўжо тым больш – не мэту яго візіту.
Першай думкай было: зараз незнаёмец зжарэ селядца, выжлукціць самагонку і вынесе тэлевізар, але ж госць відавочна не нагадваў крымінальніка.
– Ты… што тут робіш? – нечаканым фальцэтам прасіпеў гаспадар.
Дзядзька сцішыў у тэлевізары гук, скасавурыўся нядобра.
– Прапануеш адразу на «ты»? Прынята. Ананій Міронавіч Басота – гэта ты?
Пытанне прагучала надзіва спакойна, але ў інтанацыі было нешта ад патрабавання азнаёміцца з ордарам на арышт.
– Ну, я… – на выдыху працягнуў старшыня калгаса «Чырвоны шлях».
– Значыцца, цябе я і чакаю, – госць нетаропка падняўся насустрач.
– А хто ты… хто вы такі? – гаспадар палахліва адступіў.
– Гэта ты загадаў могілкі на кургане распахаць, а надмагіллі на шчабёнку змалаціць? – утыркнулася жорсткае.
Ананій Міронавіч крыху ачомаўся ад першаснага шоку. У галаве ўключыўся працэс мыслення: на адказнага таварыша з райкама госць быў не падобны, а на мянта ці камітэтчыка і пагатоў. Дый не праз акно ж ім трапляць у хату старшыні самага перадавога ў раёне калгаса а дзявятай вечара… ды яшчэ з такім неістотным гаспадарчым пытаннем!
– Пайшоў на хер адсюль! – асмялелы Басота схапіў качаргу, але замахнуцца не паспеў: сталёвай моцы пальцы сціснулі яго запясце, і жалазяка бразнула аб падлогу.
Рука дзядзькі бліснула лязом. У жываце Ананія Міронавіча адразу матэрыялізаваліся шчыльна набіты страўнік, селязёнка, кішэчнік і гладкая пяшчотная пячонка. Воля да супраціву выпарылася імгненна. Дужыя, спрытныя і неласкавыя рукі абшукалі яго кішэні, зарыентавалі да фатэля і ўціснулі ў скураную сідзячку, якая адразу зрабілася цёплай і мокрай.
– Абсікаўся, – амаль спачувальна канстатаваў госць. – Ты што, фінкі ніколі не бачыў? Ці, можа, я такая пачвара?
– Не-не-не, зусім не пачвара! – горача запярэчыў Басота.
– То і не хвалюйся, – абнадзеіў незнаёмец. – Зараз на могілкі паедзем. Тамака «газон» каля канторы – твой?
– Ага… Як гэта на могілкі? – старшыня калгасу зацкавана вырачыў вочы. – А… навошта?
– Не для таго, каб цябе там жыўцом хаваць… Хаця ты таго і варты. То калі я цябе цяпер закапаю, то хто ж твае паскудствы папрыбірае і надмагіллі на месца паставіць?
Ананій Міронавіч закуёўдзіўся на мокрай сідзячцы, заспіеў прыніжана:
– Усё зраблю ў лепшым выглядзе, анягож не… Толькі надмагіллі тыя зацяжкія, каб я адзін іх цягаў, тамака з тузін калгаснікаў трэба. Дый і нашто менавіта ўначы? Заўтра зранку папраўлю, слова гонару!..
– Нашто менавіта ўначы? А таму, што працы ў цябе дні на чатыры сама мала. І працаваць ты будзеш адзін, пакуль усё не зробіш. Раней пачнеш – раней вызвалю. Камяні і саматужкі адужаеш, нават не сумняюся: ты ж у нас Герой Сацыялістычнай працы!.. Усё, збірайся: ломік вазьмі, вяроўкі, сякеру, рыдлёўку і шуфлю. Цяжкая фізічная праца і не такіх перавыхоўвала!..