Выбрать главу

У словах госця пра перавыхаванне цяжкой фізічнай працай адчуваўся неабвержны практычны досвед, і Басота канчаткова вырашыў рабіць усё, што ад яго запатрабуюць.

– І штаны пераапрані, а то прастынеш і заўчасна памрэш… А мне гэтага пакуль што не трэба!

На тэлеэкране замільгала «Хроніка пяцігодкі»: Хрушчоў з кукурузінамі, Гагарын з піянерамі, фізікі з лірыкамі. Госць выключыў тэлевізар, прыадчыніў дзверы…

…Начныя дрэвы страсалі кроплі ў калюжыны. Ананій Міронавіч, па-зэкаўску склаўшы рукі за спінай, паслухмяна тупаў паперадзе незнаёмца. Старшынёвы «газон» чужынскім браневіком грувасціўся каля канторы.

Мужчына ў начышчаных ботах намацаў у кішэні аўтамабільныя ключы і пасунуўся да дзвёркі кіроўцы…

Трэніраваны зрок знянацку зафіксаваў рэльефны рухомы цень – і нешта доўгае, шэрае і вельмі важкае, што імкліва ляцела проста ў голаў. Ён усё ж паспеў ухіліцца – удар прыйшоўся не ў скронь, а ў патыліцу.

Сусвет закруціўся ў шалёным рытме, задзінкаў і імклівымі жарынкамі разляцеўся ўбакі...

* * *

Галасы гучалі глуха і блякла, бы з-пад пярыны. Першы, жаночы і нібы знаёмы, пераконваў, маўляў, гэты дзядзька адразу падаўся падазроным, вось і вырашыла прасачыць, куды пойдзе. Другі, мужчынскі і таксама знаёмы, абяцаў бандыта прынародна расстраляць, згнаіць на ўранавых рудніках, пасадзіць на кол і спаліць жыў-цом, бо бандыт той зняважыў годнасць паважанага ў раёне калгаснага старшыні.

Паранены ляжаў ніцма на пачарсцвелай зямлі, каля старшынёўскага «газона». Шаргацеў ветрык у кустоўі, ля самага вуха чвякалі падэшвы, і кожны крок аддаваўся хваравітымі ўдарамі ў чэрапе – крохкім, рыхтык яечнае шкарлупінне. Спроба памацаць патыліцу атрымалася няўдалай: рукі былі надзейна звязаныя за спінай.

Удалечыні загойдаліся дзве жоўтыя кропкі, вуліца афарбавалася зменлівай электрычнасцю, гырчэнне аўтамабільнага рухавіка наблізілася і зрэзалася. Мякка чвякнула дзвёрка, і аматар мудрагелістых страт прамовіў з халуйскай інтанацыямі:

– Вось ён, Вікенцій Дамінікавіч, той самы фашыст… Залез да мяне ў хату, агітаваў супраць палітыкі партыі і ўраду ў галіне добраўладкавання савецкай вёскі, а потым захапіў мяне ў палон і паабяцаў на скрадзенай калгаснай машыне адвесці на могілкі, каб жыўцом закапаць!

Голас пасажыра легкавіка таксама падаўся параненаму знаёмым:

– Разбяромся, таварыш Басота… Дарэчы, вы што – выпівалі?

– Факцічаскі не выпіваў. А то як бы я ўзброенага ворага народа абясшкодзіў?

На апошняю фразу наклаўся старэчы ўздых, і жаночы голас дадаў нясмела:

– А яшчэ ён пытаўся – чаму мы, маўляў, жыццём не абураемся. А нашто абурацца – і горшае бачылі!.. Я яму дарогу на Нясвіж паказала, узяла дручок – і следам, бо падазроны занадта. Гляджу – а ён нашага паночка старшыню кудысь вядзе, відаць, на расправу. Што ж, думаю, з намі без калгаса станецца?!..

– Дапамагла мне ворага абясшкодзіць, дапамагла, – высокародна вызнаў Басота. – Вось, глядзіце, якіх узорных калгаснікаў мы выхоўваем: Агнешка Крукоўская, наша скотніца. Культурная жэншчына: дзеці ў яе, карова…

Дужыя рукі прыўзнялі арыштаванага з зямлі, прыгнулі голаў і пацягнулі да шэрай «волгі». Перад тым як машына паехала, Вікенцій Дамінікавіч пільна глянуў у твар пасажыра:

– Доўга ж мы вас, містар амерыканскі дыверсант, шукалі!..

Глава 16

Старамодны чорны «рольс-ройс» глядзеўся у вечаровым трафіку Манхэтэна, нібыта саноўны лорд на рокн-рольнай вечарынцы. Срэбная багіня ганарліва лунала па-над вуглаватым радыятарам. Зашморгнутыя фіранкі сведчылі пра таямнічы статус пасажыраў.

Ліўрэйны кіроўца камянеў за стырном, рыхтык сфінкс. Ён не зважаў ані на даўжэзны зялёны «плімут», які прыклеіўся яшчэ каля Цэнтральнага парка, ані на пранізлівыя аргазмічныя войкі, што даносіліся з-за перагародкі салона; праца ў Станіслава Альбрэхта Радзівіла навучыла не задавацца залішнімі пытаннямі нават у думках.

Лабавое шкло замятала электрычная завея. Юрлівыя стогны праціналі да дрыжыкаў. Зялёны лімузін каціў амаль бампер у бампер. Пераследнікі колькі разоў спрабавалі было праціснуцца наперад, але кіроўца трапным даваротам стырна спыняў падазроны манеўр.

Непадалёк ад Таймс-сквера пажадлівыя гукі ў салоне сцішыліся. «Плімут» крыху паадстаў. Паперадзе расцягнуўся затор мінімум на мілю. З-за перагародкі патыхнула шляхотным дымком кубінскай цыгары, у які ледзь заўважна ўпляталася аскомістая нітка канабісу.