Выбрать главу

Кіроўца апусціў шкло дзвёркі і механічна адзначыў, што тытунёва-наркатычны букет узбагаціўся нязвыклым жывым водарам, які прымусіў імгненна пазабыцца на ўсе штучныя пахі. Водар відавочна наплываў ад старэнькага дзюралевага трэйлера на ўзбочыне.

І тут на прыборным шчытку замігцеў чырвоны агеньчык. Гэта азначала, што кіроўцу належыць неадкладна спыніцца, выйсці з машыны і суправаджаць пасажыра туды, куды таму трэба.

* * *

Шлёма Шапіра спрытна скінуў з патэльні свежаспечаныя бурштынавыя круглякі, ссыпаў у місу і меланхалічна зазначыў, што ягоны hand made – адзіная натуральная рэч сярод ілюзорнага шыку Таймс-сквера. Арон сунуў пару дранікаў у папяровы пакет, фіксавана пасміхнуўся кліенту і глянуў яму за спіну; чаргі да трэйлера не было...

Фургончык з шыльдай «Шапіто» стаяў у цэнтры Манхэтэна ўжо хвілін сорак. Дранікі раздаваліся проста задарма. Згодна з бізнэсовай стратэгіяй містара Шапіры, публіку трэба было спярша азнаёміць з новым прадуктам, і ўжо калі тая падсядзе на дранікавую голку, перайсці да наступнага этапу.

Рэпрадуктар на дзюралевым даху рэгулярна расстрэльваў Таймс-сквер скарагаворкай: маўляў, карпарацыя братоў Шапіраў мае гонар прапанаваць сакральную страву таямнічага народу пярэваратняў, які жыве за жалезнай заслонай. Асобна падкрэслівалася, што дранікі выпякаюцца па рэцэпце тамтэйшай варажбіткі, падвышаюць імунітэт, нішчаць бацылы, спрыяюць аптымістычнаму погляду на жыццё і за пэўнымі ўмовамі могуць перавярнуць звычайнага нью-ёркера ў дэманічную істоту.

Нягледзячы на крэатыўны паблісіці і процьму патэнцыйна галодных кліентаў, ахвочых пакаштаваць нават задарма выявілася небагата. Прычынай правальнай прамоцыі была шкляная стадола з гіганцкай літарай «М», што свяцілася насупраць. Праз жоўтыя вокны праглядалася бітма набітая зала; публіка пажырала гамбургеры са спрытам землярыйных машын. Клоўн Рональд МакДональд у бязглуздым ружовым парыку вытанцоўваў на паркінгу каля фаст-фуду, спакушаючы галодных і недасведчаных рэкламнымі буклетамі.

Вечаровыя фасады сляпілі штучнымі сузор’ямі. Шкляныя дзверы канкурэнтаў не паспявалі ў руху. Натоўп абыякава абцякаў фургон з экзатычным фаст-фудам. Браты зажурыліся; «Шапіто» ўжо быў у глыбокім мінусе…

Раптам Рональд МакДональд спыніў танцы і здзіўлена ўтаропіўся ў бок трэйлера. Мінакі запаволілі хаду. Шлёма вызірнуў вонкі, ачмурэла хаўкнуў і праліў бульбяное цеста на чаравікі.

Блізка «Шапіто» браненосна прышвартаваўся мільянерскі «рольс-ройс» з зашморгнутымі фіранкамі. Ліўрэйны кіроўца паважна прыадчыніў пасажырскую дзвёрку. У паўцемры салона бліснула шляхотная скура. Зашаргацеў ядваб, цокнулі абцасы, шыкоўная бяляўка схіліла цэлулоідны тварык да акенца трэйлера.

І тут за «рольс-ройсам» пранізліва завішчэў гальмамі зялёны «плімут». З салона высыпала банда рэпарцёраў. Яны імгненна абступілі красуню шчыльным паўколам і ўзвіліся над ёй, нібы вупыры над анёльчыкам. Зашчоўкалі фотаапаратныя затворы, у вусны дзявулі ткнулася колькі мікрафонаў.

– Ці праўда, што Джон Фіцджэральд Кенэдзі стаў вашым чарговым каханкам? – засакатаў першы.

– Для ложка нашага прэзідэнта я яшчэ недастаткова разбэсная! – адпарыравала харашуня ці то з цнотай, ці то са шкадаваннем.

– Значыцца, вы вярнуліся да папярэдняга каханка, містара Радзівіла? – другі рэпарцёр бессаромна зазірнуў дзявулі ў дэкальтэ.

– Для ложка містара Радзівіла я яшчэ недастаткова разумная, – бяляўка гарэзліва пасміхнулася Арону Шапіру. – Ваў, няўжо гэта тыя самыя бульбяныя блінчыкі, дзякуючы якім можна перакінуцца ў пярэваратня? Са смятанай, калі ласка!...

– Але ж вы ўжо тры гадзіны запар катаецеся па Манхэтэне ў лімузіне з зашморгнутымі фіранкамі! І лімузін гэты, як мы дакладна ведаем, належыць менавіта Станіславу Альбрэхту! – нагадаў трэці і выразна скасавурыўся на дзвёрку «рольс-ройса» з радзівілаўскім гербам «Трубы».

– Я ўражаная вашай назіральнасцю. У салоне мяне сапраўды чакае мой стары сябра Стэсі. Але мушу вас расчараваць: час, які містар Радзівіл пагадзіўся прысвяціць мне, мы вытрачаем выключна на этнапалітычны дыспут. Цікава, джэнтльмены, ці згодныя вы з наступнай тэзай князя: платформай для пабудовы ідэалогіі посткаланіяльных дзяржаў могуць стаць нават размытыя нацыянальныя маркеры, гэткія культурніцкія сімулякры, кшталту этнаграфічнага адзення ці традыцыйнай кулінарыі?..

На рэпарцёрскіх тварах з’явіўся выраз, які бывае ў людзей пасля гадзіны безвыніковага сядзення на ўнітазе. Бяляўка з асалодай даела дранікі, эратычна аблізала наманікюраныя пальцы і ўдзячна пасміхнулася ў акенца трэйлера.