– Колькі я вам вінная?
– Ніколькі, – Арон глядзеў на красуню ашклянелымі вачыма; ён відавочна не верыў, што ўсё гэта адбываецца насамрэч.
Шлёма шчодра сыпануў у пакет стос залацістых круглякоў і задыхнуўся ад шчасця.
– Гэта для майго найдаражэйшага сябра, містара князя Радзівіла! Сёння ў нас прамоцыя, і мы частуем усіх задарма!
Бяляўка паклала на прылавак стодаляравую купюру.
– Тады гэта ад мяне на знак падзякі. Нават не сумнявайцеся, джэнтльмэны: вашыя дранікі каштуюць куды большых грошай!..
Прастора вакол трэйлера за якую секунду ўтрамбавалася натоўпам. Мужчыны цягнулі шыі і прыўзнімаліся на дыбачкі, жанчыны фатаграфічнымі позіркамі фіксавалі туфлікі, сукню, радыкюль і фрызуру. Спакусніца азначыла рух да «рольс-ройса». Да ўлюбёнкі публікі пацягнуліся рукі з асадкамі, алоўкамі, нататнікамі і рэкламнымі буклетамі «МакДональдса».
Бяляўка выхапіла з працягнутай рукі фламастар, накрэмзала на плоскасці трэйлера колькі ўзнёслых слоў і знікла ў лімузіне.
Шлёма Шапіра праводзіў «рольс-ройс» поглядам беспрытульніка, які толькі што выйграў у латарэю мільянерскі палац. Да «Шапіто» ўжо змяілася даўжэзная чарга; праз хвіліну яна расцягнулася на два кварталы.
– Арончык, схадзі да гэтага клоўна Рональда, пацікаўся, за колькі яго гаспадары згодныя прадаць свой збанкрутаваны гадзюшнік, – спакойна мовіў ён брату.
* * *
Чорны «рольс-ройс» плыў у шчыльным трафіку Пятай Авеню. Неонавыя д’яблы абсыпалі лімузін каляровым жвірам. Каля гатэля «Плаза» аўтамабіль адслаіўся ад руху, прыгальмаваў. Стэсі Радзівіл сеў у салон, пытальна паглядзеў на Мэрылін Манро і яшчэ больш пытальна – на Джона Кенэдзі.
Прэзідэнт лянотна запаліў цыгару. Акторка пацягнулася было па касяк з канабісам, але перадумала і захрумсцела свежаспечаным дранікам.
– Усе газетчыкі – ідыёты, – канстатавала яна. – Яны вераць толькі ў тыя міфы, якія самі і ствараюць. Маўляў, Кенэдзі – гэткі сучасны кароль Артур, які разам з цнатлівай каралеўнай Жаклін будуе ў Амерыцы чароўны Камелот... ці Новы Іерусалім, ці Вернуты Рай – як каму падабаецца. А каралі не паляць марыхуану, не жлукцяць ром і не спяць з іншымі жанчынамі. Калі б тыя ёлупні напісалі, што прэзідэнт Злучаных Штатаў тры гадзіны запар трахаў мяне ў лімузіне свайго найлепшага сябра проста ў цэнтры Манхэтэна, для нашага агульнага з Джэкі задавальнення – ім бы ніхто не даў веры.
– Але чуткі пра нешта падобнае іншым разам цыркулююць па каралеўстве, – падхапіў прэзідэнт Злучаных Штатаў. – І, здараецца, даходзяць нават да Кангрэсу. Мяркую, заўтрашніх газет будзе дастаткова для іх абвяржэння. Так што дзякуй табе, Стэсі, за кэб!
– І за ідэю! – дадала акторка.
– Але ўвесь гэты час ты быў без аховы, – нагадаў Радзівіл. – А калі б цябе застрэлілі?
– …амерыканцы абралі б новага прэзідэнта, – супакоіў Кенэдзі.
«Рольс-ройс» важка каціў па Бруклінскім мосце. Прэзідэнцкая цыгара дымілася ў крышталёвай попельніцы. Акторка з асалодай хрумсцела дранікамі, і яе гарачы вільготны рот навяваў на фрэйдысцкія алюзіі.
– Між іншым я сёння атрымаў адказ ад містара Хрушчова, – паведаміў Джэкі. – Ён у прынцыпе згодны на нашу прапанову абмяняць Кубу на мару ўсяго твайго жыцця. Але ж, Стэсі, калі па-шчырасці, я ніяк не магу зразумець: нашто табе спатрэбіліся ўсе тыя рыцары, калгасы і іншае сярэднявечча ў нейкай забытай Богам зямлі… Ты заўсёды лічыў сябе польска-амерыканскім касмапалітам!
Стэсі ўзяў у рукі пакет з сакральнай стравай пярэваратняў, панюхаў, прымружыўся.
– Нехта вяртаецца на Радзіму, каб атрымаць спадчыну. Нехта – каб наведаць магілы продкаў. Нехта – каб пабачыць сваякоў. А я хачу проста вярнуцца.
Глава 17
– З вяртаннем на Радзіму, містар амерыканскі дыверсант! – маёр Пяткевіч глянуў на арыштаванага з дазаванай іроніяй, уключыў настольную лямпу і зашаргацеў паперамі. – Радзіма, як бачыце, на вас не забылася…
Агент Z сядзеў насупраць, праз стол, на прышрубаваным да падлогі зэдліку. Левая рука яго была прыкаваная кайданкамі да батарэі, правая звісала долу. Гранітны чэрап цямнеў гематомай.
На твары не чыталася ані ірацыянальнага страху, які спрэс накрывае ў КГБ шараговых савецкіх грамадзян, ані нават хвалявання – толькі роўная і непрыхаваная агіда.
– Давайце па-парадку, – з казённай добразычлівасцю прапанаваў Вікенцій Дамінікавіч. – Па дакументах вашых заакіянскіх гаспадароў вы праходзіце як «Агент Z». Падчас вашай працы ў фашысцка-нацыяналістычным падполлі вас называлі «Місь», «Лось» і «Рысь». А як гучыць вашае сапраўднае прозвішча?