– У мяне было шмат жыццяў, і ўсе іх я пражыў бязлітасна. У кожным з гэтых жыццяў у мяне было сваё імя. І я ўжо сам не ведаю, якое з іх сапраўднае.
– Я б усё ж парэкамендаваў вам супрацоўнічаць са следствам, – спагадліва пасміхнуўся камітэтчык. – Тым больш вашае сапраўднае імя нам і так добра вядомае. Але нам трэба, каб вы назвалі яго самі.
Агент Z дэманстратыўна прамаўчаў. Пяткевіч вытрымаў аптэкарскую паўзу, перайшоў да наступнага пункта:
– Пятнаццаць дзён таму вы разам з двума дыверсантамі, падрыхтаванымі ЦРУ, дэсантаваліся блізка Нясвіжа. Дыверсантаў мы абясшкодзілі на месцы. А вось ваш парашут знойдзены нераскрытым. Як у вас атрымалася ацалець?
– Перакінуўся ў птаха і зляцеў, – растлумачыў Агент Z надзіва будзённа, нібы гаварыў пра праполку бульбы.
– У якога такога птаха? – сумеўся Пяткевіч.
– У звычайнага. З дзюбай і крыламі.
– А чаму не ў свінню? – чэкіст здзекліва падхапіў інтанацыю суразмоўцы. – Быць свіннёй, містар амерыканскі дыверсант, у вас атрымалася б куды больш прыродна.
Арыштаваны глянуў у закратаванае вакно. Графітныя галінкі раскрэслівалі маціцовую шэрань вуліцы. Ватныя дымкі з комінаў уклейваліся ў халодны лакавы заход. Клін журавоў праплываў над панурымі шыфернымі дахамі.
– Можа, я і перакінуўся б у свінню, ды толькі Бог свінням крылаў не даў…
Вікенцій Дамінікавіч выпрастаўся, змерыў падследнага суворым поглядам, даючы зразумець, што жарты скончаныя і што цяпер пачнецца допыт па ўсіх правілах чэкісцкай навукі.
– Але ж выкрутасы, якім вы навучыліся ў заакіянскіх імперыялістаў, вам так і не дапамаглі, – засведчыў ён пераможным голасам радыёрэпрадуктара. – Наш народ рашуча адмятае беларускі нацыяналізм, у чым вы самі і пераканаліся. Першая ж калгасніца вас і затрымала!
– Наш народ – то ўзяты ў палон дзіцёнак. Іншага жыцця, апроч як турэмнага, ён не бачыў, таму і лашчыцца да чужынцаў, якія не даюць яму сканаць з голаду, – цвёрда запярэчыў Агент Z. – І перамагчы ў такіх варунках можа толькі пярэварацень, чалавек з чужым абліччам. Тут усе глабальныя задачы вырашаюцца адно праз падман: калі ўдаеш з сябе каго-небудзь іншага і дбайна маскуеш сапраўдную мэту…
– Ад-ставіць антысавецкую агітацыю! – камітэтчык ляпнуў далонню па стальніцы. – Гэтага вам Радзіма таксама не даруе!..
Агент Z стрэліў у гаспадара кабінета пранізлівым поглядам, маўляў, распінацца ў КГБ пра Радзіму – тое ж самае, як у бардэлі згадваць пра каханне.
Было відавочна: адказваць на пытанні падследны не стане. Вікенцій Дамінікавіч дарэчна прыгадаў пра халодную галаву, гарачае сэрца і чыстыя рукі, упікнуў сябе за выбух эмоцый і змякчыў інтанацыю:
– Хацеў з вамі па-добраму. Але бачу, не атрымаецца. Давядзецца перадаць вас жорсткім і бязлітасным людзям, якія ў нас акурат і спецыялізуюцца на паліцаях, шпегах і антысаветчыках. Распішыцеся нанізе пратакола, што адмаўляецеся ад дачы сведчанняў.
Агент Z узяў асадку, і мозг камітэтчыка прапаліў імгненны электрычны разрад: на безыменным пальцы падследнага цьмяна блішчэў пярсцёнак цяжкага старажытнага срэбра з таямнічымі надпісам. Пяткевіч бразнуў ключамі пад сейфавай дзвёрцай, нецярпліва дастаў папку, дасланую яму яшчэ ў ліпені з самае Лубянкі…
Прагляд фотаздымкаў, зробленых на даху нью-ёркскага хмарачоса, адмёў усе сумневы: безумоўна, гэта быў той жа самы пярсцёнак, які ўпрыгожваў руку вядзьмаркі-антысаветчыцы Ганны Францаўны Рымшы падчас яе размовы з прэзідэнтам Кенэдзі.
– Ледзьве не забыўся: у следчым ізалятары ювелірныя аздобы забароненыя, так што пярсцёнак давядзецца зняць, – як бы між іншым заўважыў чэкіст.
Арыштаваны незалежна таргануў падбароддзем з глыбокай гранёнай ямінкай.
– Толькі з пальцам.
– Можна і з пальцам, – знізаў плячыма Вікенцій Дамінікавіч.
Рука дыверсанта разняволена ляжала на аркушы пратакола, у роўным конусе настольнае лямпы. Бліскучы абадок на сухой фаланзе выглядаў ажурнай цацкай. Срэбныя блікі дрыжэлі на бліжняй сцяне.
Чэкіст звузіў вочы і ледзь заўважна напружыўся, бы драпежнік перад кідком.
– Не раю, – надзіва спакойна папярэдзіў Агент Z, не прыбіраючы руку з пярсцёнкам. – Толькі сабе нашкодзіце…
Таварыш маёр учапіўся ў палец – і войкнуў, нібы крануў аголены высакавольтны дрот. Цела працяла ледзяная голка, па-садысцку пашкрабала рэбры і пазванкі, утыкнулася ў сэрца й трансфармавалася ў пачварных памераў бур. Бліскучы свердзел завішчэў і з бяздушным аўтаматызмам занурыўся ў пяшчотнае нутро, намотваючы на рыфлёную сталь ніцяныя ашмёткі нерваў. Пад чэрапам надзьмулася і адшпокнула бурбалка, крышталёва блямкнуў званочак, і масіўная стальніца імкліва ўрэзалася ў лоб.