Мажны свінавокі мужчына ў цёмным, не па надвор’і, бастонавым строі глянуў на суразмоўцу з начальніцкай перасцярогай.
– Па-першае, Генік, я табе не Міроныч, а таварыш Ананій Міронавіч Басота, – адказаў ён у густым селядцова-цыбульным сіпенні. – Герой Сацыялістычнай працы і старшыня самага перадавога калгаса Нясвіжскага раёна. Па-другое, не выключу, бо тут акурат мой калгас і прапагандуюць. А па-трэцяе – піздзіш замнога. Чапаева ідзі рэж, а то з раёна ў кожны момант могуць прыехаць.
Генік не стаў пярэчыць. Падхапіў сакваяжык з аблушчаным чырвоным крыжам і пасунуўся за кароўнік. У цяньку, на шырокім брызенце, грувасцілася туша прыўкраснага чорнага бугая. Тлустая зялёная муха поўзала на пукатым, у кравяністых пражылках, бычыным воку.
– Я ж чалавечы патолагаанатам, а не жывёльны, – Генік нетаропка абышоў тушу, прыкідаючы, з чаго пачынаць. – Тут рэзнік патрэбны, са спецыяльным рыштункам. Ці ветэрынар…
– Так, без дэмагогіі, – жорстка асадзіў Ананій Міронавіч. – Мне загадалі арганізаваць анатамаванне бычынага трупа, і каб пад пратакол. Не зробіш як мае быць – гэта будзе не апошні пратакол у тваім жыцці!..
Сонца прыпякала. Генік анатамаваў. У бязветранае паветра падымаўся моташліва-салодкі пах крыві. Калгасны старшыня сядзеў на лавачцы пад бярозай і штохвіліны выціраў бліскучы лоб.
– Агне-ешка!.. – крыкнуў ён у бок кароўніка. – Прынясі што-небудзь папіць!..
З дзвярэй кароўніка вызірнула немаладая спалоханая скотніца і па хуткім часе прыбегла са жбанам.
– Вось, паночак, халоднае…
– Колькі разоў табе гаварыць, што ў нас у Савецкім Саюзе ўсе роўныя і ніякіх паноў тут няма, – Ананій Міронавіч прагна прыклаўся да жбана, і малако пацякло з куткоў яго рота. – Ці ніяк сваю белапанскую Польшчу забыць не можаш?.. Ат, яшчэ гадоў дзесяць таму цябе за адно б толькі слова «паночак» ведаеш куды б выправілі?..
– Ведаю, паночак, ведаю… – уздыхнула старая.
Калгасны старшыня зняў заплямлены малаком пінжак, кінуў на рукі скотніцы і пасунуўся да кароўніка. На цаглянай сцяне пагойдвалася шырокая прасціна ў бурых падсохлых плямах. Басота асцярожна адагнуў край, зазірнуў пад тканіну і адразу адскочыў, нібыта апёк вочы.
– Генік, гэта ты завесіў?
– Угу, – засяроджана азваўся патолагаанатам, адганяючы мух, якія манатонна гулі над разваленай бычынай грудзінай.
– Ну, хоць нешта зрабіў правільна. А то ў нас тут яшчэ шмат несвядомых!..
Скотніца асцярожна наблізілася да тушы, схілілася над скрываўленай пысай і сантыментальна яе абняла. Тым часам Генік аберуч выдраў з чапаеўскай грудзіны маціцова-барвовае сэрца і пераможным жэстам Данка прыўзняў яго над галавою.
– Гля, якая прыгажосць! Проста цукерачка, а не фіброзна-мускульны орган!..
Ананій Міронавіч слізгануў вачыма па органе, перавёў позірк на прасёлак і здранцвеў тварам.
Па дарозе, у даўжэзным шлейфе пылу, нетаропка каціла шэрая «волга» з доўгім прутком антэны спецсувязі. Старшыня калгаса выпрастаўся, нібы насаджаны на кол. Уцягнуў па магчымасці жывот, выцер аб штаніны імгненна спатнелыя далоні і вернападданым поглядам прывітаў госця, які выйшаў з машыны адразу, як тая спынілася.
– Добрай вам раніцы, таварыш Пяткевіч, – прапхнуў Басота праз шурпатую гартань і няўпэўнена працягнуў руку.
Таварыш Пяткевіч, прыязны падцягнуты дзядзька з аптымістычнай посмешкай на ідэалагічна вытрыманым твары, адказаў энергічным поціскам.
– Не такое яно ўжо і добрае, Ананій Міронавіч…
– І не кажыце, таварыш маёр: паўсюдна ворагі…
Таварыш маёр глянуў на старшыню з таварыскім дакорам.
– Вы, таварыш Басота, не зусім правільна разумееце палітыку партыі. Апошняю прамову таварыша Хрушчова канспектавалі? У Савецкім Саюзе агулам і ў Савецкай Беларусі ў прыватнасці больш не існуе сацыяльных перадумоваў для масавай антысавецкай дзейнасці. Але асобныя негатыўныя праявы яшчэ здараюцца. Напрыклад – былыя фашысцкія памагатыя з беларускіх буржуазных нацыяналістаў, якія паскудзяць сацыялістычнаму будаўніцтву на грошы заакіянскіх гаспадароў…
Нібыта ў пацвярджэнне гэтых словаў рэпрадуктар на слупе, які быў заціх, загрукатаў сакавітым барытонам:
– …абурэнне ўсіх сумленных савецкіх грамадзянаў. «Ганьба нацыяналістычным недабіткам!» – гнеўна заяўляюць рабочыя слуцкай макароннай фабрыкі, і гэтыя словы гучаць годным адлупам ястрабам Пентагона і ЦРУ, якія з дапамогай жменькі запраданцаў імкнуцца аднавіць у БССР уладу паноў і капіталістаў! Пракурор патрабуе для падсудных здраднікаў, паліцаяў і шпігуноў…