Выбрать главу

Апошняе, што пачуў начальнік нясвіжскага райаддзела КГБ, была засяроджаная скарагаворка:

– Йшла Мамка Прачыстая па полі чыстаму, пад зялёным дубочкам села, перад печкай белай самлела. Як у печы ад агню жарка, каб мне нячыстага не было жалка, па гэты час па гэтую мінуту…

* * *

Вікенцій Дамінікавіч ачуняў ад мярцвянага месяцовага святла, якое праз закратаванае вакно лупіла проста ў твар. Ён ляжаў на падлозе, хаця добра памятаў, што зваліўся лобам у стол. Райаддзел камянеў глыбокай начной цішынёю. Гадзіннік на стале паказваў чвэрць на другую. Арыштаванага ў кабінеце не было; на батарэі здзекліва пагойдваліся расшпіленыя кайданкі.

Пяткевіч ачмурэла глянуў на пусты зэдлік, дзе яшчэ нядаўна сядзеў амерыканскі дыверсант, зазірнуў пад стол, спыніў рух кайданкоў…

– Фашыст, – прашаптаў ён здранцвелым голасам. – Пярэварацень. Вось так і верыць людзям…

У спустошанай галаве танютка высвіствала. Знікненне падследнага супярэчыла законам прыроды, здароваму глузду і асновам марксісцка-ленінскага матэрыялізму. Чэкіст яшчэ раз глянуў на кайданкі, зноў зафіксаваў поглядам пусты зэдлік і паспрабаваў быў сабрацца з думкамі.

На добры розум, навучаны ў ЦРУ шпег мог у нейкі цуд вызваліцца ад кайданкоў і выбегчы на калідор, але там бы яго неадкладна спынілі. Дый нанізе дзяжурыў узброены сурацоўнік… Альтэрнатывай дзвярам і калідору была толькі прыадчыненая фортка. Але выглядала яна занадта малой для дарослага чалавека, не кажучы ўжо пра зусім вузкія краты на шыбах. Праз фортку і краты сапраўды мог праляцець толькі птах.

Таварыш маёр разгублена пашукаў вачыма і спыніў погляд на партрэце над сталом. Фелікс Эдмундавіч грэбліва падціскаў вусны, і вочы яго ззялі халоднай пагардай. Пяткевіч зглынуў і нервова таргануў кадыком – ён выразна адчуваў у роце смак лайна.

Знянацку аднекуль пранізліва засмуродзіла паленым. Чэкіст недаверліва пацягнуў носам, напружыўся і асцярожна прыадчыніў дзверы. У калідоры клубіўся шчыльны шэры дым, які заляпляў гартань і выядаў вочы. З дзяжурнай часткі на першым паверсе пачуўся трывожны лямант, на які наклалася прыдушанае: «Гарым!..» Бразнулі дзверы, ценькнула шкло. У райаддзеле міліцыі, які месціўся ў той жа будыніне за сцяною, азначыўся панічны рух.

Задушлівы шэры шлейф ужо наплываў пад дзверы, рыхтык «Цыклон-В» у нацысцкую газавую камеру. Перад тым як выбегчы, Вікенцій Дамінікавіч агледзеў кабінет. На стале жаўцела тэчка крымінальнай справы Агента Z з каліграфічна выведзеным прозвішчам фігуранта-пярэваратня:

ВІТУШКА МІХАІЛ АПАНАСАВІЧ

Чэкіст зачыніў папку ў сейфе, набраў у лёгкія паветра і кінуўся ў задымлены калідор.

* * *

Пажар у нясвіжскім райаддзеле КГБ згасілі толькі на раніцу. Усю ноч каля двухпавярховіка па Савецкай блішчэлі каскі, грукацелі вадавозкі і ўвіхалася мясцовае начальства, вымахваючы рукамі, нібы звар’яцелыя куры крыламі. З праваленых вокнаў падымаліся тлустыя дымавыя слупы. Вясёлыя блакітныя агеньчыкі змяіліся па стрэхах.

Вікенція Дамінікавіча на пажары не было: седзячы ўдома, ён засяроджана аналізаваў перажытае і прыкідаў перспектывы.

Таямнічыя ўцёкі злачынцы вымагалі неадкладнага рапарта; выпадак для Камітэта быў проста беспрэцэдэнтны. Аднак пажар у райаддзеле Дзяржбяспекі ўвогуле стаў катастрофай касмічных маштабаў, прычыны якой таксама трэ было растлумачыць.

Пісаць у рапарце праўду не выпадала. Калі б Пяткевіч проста намякнуў на магчымую ўзаемасувязь паміж знікненнем амерыканскага шпега і ягонымі словамі пра перакіданне ў птаха, камітэтчыка імгненна выправілі б у вар’ятню. Калі б ён дапусціў, што ўзгаранне магла выклікаць этнаграфічна-вядзьмарская замова, – яго б закалолі ў той вар’ятні псіхатропамі.

У найбліжэйшай перспектыве маёра КГБ адназначна чакалі следства Асобай інспекцыі, трыбунал, суд і далёкі лагер. Пазбегнуць ганьбы можна было класічным спосабам: сунуць у рот табельны «макараў» і націснуць на гачак, папярэдне завесіўшы коўдрай сцяну за патыліцай, каб не заляпаць яе крывёю.

Аднак і страляцца не выпадала таксама: у такім разе ў клініку немінуча выправілі б жанчыну, дзеля якой ён і жыў…

Жанчына гэтая ўжо адзінаццаць гадоў нерухоміла ў інвалідным вазку ў суседнім пакоі. Яна не была жонкай Вікенція Дамінікавіча – яна ўвогуле нікім афіцыйна яму не з’яўлялася.

Напрыканцы сорак чацвёртага малодшаму лейтэнанту НКГБ Пяткевічу вызначылі месцам жыхарства доўгі цагляны аднапавярховік на Альбяньскай, падобны адначасова да школы і да казармы. Дом гэты, як і шмат іншых дамоў у тагачасным Нясвіжы, быў амаль пусты: некага забілі немцы, некага – партызаны, нехта сышоў у лес да антысавецкіх бандытаў, нехта ўцёк на Захад. У бакавым пакойчыку ў нейкі цуд ацалела сціплая мілая дзяўчына з маркотнымі, бы ў Божай Маці Вастрабрамскай, вачыма. Усе спробы загаварыць з ёй былі марнымі: дзяўчына ўпарта маўчала, хаця нямой не была напэўна. Яна бязрадасна прымала апекаванне маладога чэкіста, іншым разам нават вячэрала з ім, але за ўвесь час не прамовіла ані слова. Увечары сядала да вакна і гадзінамі ўглядалася ў ціхі бязлюдны сад: ці то кагось чакала, ці то проста думала.