Кабінет савецкай амбасады ў Вашынгтоне нагадваў станцыю маскоўскага метро: мармур, бронза і гіганцкае мазаічнае пано «Увод у эксплуатацыю Брацкай ГЭС». Седзячы за сталом, Хрушчоў гучна сморкаўся ў нясвежую насоўку і трагічна скуголіў, не саромечыся паплечнікаў. Па хуткім часе ён меўся падпісаць з Кенэдзі сакрэтную дамову, паводле якой на Кубе аднаўлялася ўлада Фідэля, а наўзамен у Савецкім Саюзе стваралася аўтаномная Выспа Свабоды. Падпісваць дамову не хацелася, тым больш што вінаватымі ў геапалітычнай катастрофе былі менавіта дарагія таварышы.
Першы сакратар ЦК КПСС рыдаў хвілін пяць. Таварышы паўцягвалі галовы ў плечы: гэта было кепскім знакам. Перад тым як каго-небудзь растаптаць, пашкуматаць і выкінуць на ідэалагічную памыйку, Мікіта Сяргеевіч абавязкова заходзіўся слязьмі, бы згаладалы кракадзіл перад вячэрай.
Нарэшце, Хрушчоў стаміўся енчыць, выцер чырвоныя вочкі і запытаўся з адчужанай журботай:
– Можа, дарагія таварышы, хто-небудзь хоча выказацца ў парадку крытыкі і самакрытыкі?
Твары таварышаў умомант стухлі, рухі запаволіліся. Зрэнкі бліснулі лёдам, і ў гэтых зрэнках чыталася жаданне як мага хутчэй зліцца з інтэр’ерам.
– Можна я? – нечакана для ўсіх падняў руку Шэлепін.
Мікіта Сяргеевіч глянуў крыху здзіўлена.
– Ну давай, Шурык…
Старшыня КГБ раскрыў папку колеру сырога мяса, афіцыйна адкашляўся ў кулак.
– Міхаіл Андрэевіч Суслаў, член Палітбюро ЦК КПСС. Адданы патрыёт Савецкага Саюза. Палымяна прапагандуе тэорыю марксізму-ленінізму, бязлітасна выкараняе ідэалагічныя дыверсіі. Любіць каўбасу «Сервілат крамлёўскі сыравэнджаны». Штодня харкае ў суп асабістаму кухару і прымушае гэты суп есці. Ідэйна перакананы гамасэксуаліст, сістэматычна разбэшчвае піянераў і школьнікаў у дзіцячых дамах…
Галоўны ідэолаг СССР збляднеў, хліпнуў горлам і схапіўся за сэрца, але знайшоў у сабе моц абвергнуць абвінавачванне ідэалагічна роўным тэнарком:
– Контррэвалюцыйны паклёп і варожыя інсінуацыі…
Шэлепін паказальна не адрэагаваў на заўвагу, смачна захрабусцеў наступным аркушам.
– Радзівон Якаўлевіч Маліноўскі. Маршал Савецкага Саюза, член ЦК і міністр абароны…
Маліноўскі абапёрся масіўнымі кулакамі аб палісандравую стальніцу, важка прыўзняўся і наліўся злавесным барвовым ззяннем.
– Ды ты, мудазвон гэбэшны, на сябе лепш паглядзі!.. – зароў ён голасам начальніка гарнізоннай гаўптвахты. – Хто загнаў парадны мундзір таварыша Сталіна чарнажопай скаціне Патрысу Лумумбу? У абмен на чатырнаццаць алмазаў… хіба не ты?
– А ці не падкажаш, таварыш Шэлепін, у каго гэта цэлых тры элітных бардэлі ў прыватнай уласнасці? – у роўнай дыпламатычнай інтанацыі пацікавіўся міністр замежных спраў Андрэй Андрэевіч Грамыка. – У Маскве, у Сочы і ў Нью-Ёрку…
– Па-першае, спецбардэль у Нью-Ёрку мы адмыслова і арганізавалі для Міністэрства замежных спраў, на што ёсць адпаведнае рашэнне ЦК… каб твае дыпламаты па капіталістычных бардэлях не бегалі, – спакойна адпарырваў старшыня Камітэта Дзяржаўнай Бяспекі. – Па-другое, усё адно бегаюць, і гэта ўжо твой недахоп у палітыка-выхаваўчай рабоце. А па-трэцяе, таварыш Грамыка, слабо нам тут расказаць, як ты ў трыццаць першым годзе падмануў Партыю, перапісаўшы ў анкеце нацыянальнасць з «беларуса» на «расійца»? А як у сорак пятым на прыёме ў Чэрчыля спіздзіў срэбную лыжачку?
Мікіта Сяргеевіч назіраў на спрэчкай таварышаў па партыі блакітнымі ад ласкавасці вачыма. На шчырасць яны былі здольныя толькі ў стане апошняй прыніжанасці. Але таварышаў цяпер абліваў памыямі не Першы сакратар ЦК КПСС, і гэта асабліва цешыла ягонае сумленне.
– А ну цыц, ахламоны!.. – гаркнуў Хрушчоў. – Не на таўкучцы! З вамі ўсімі я потым разбяруся. А цяпер – вячэра! І думайце, думайце, як нам з Кенэдзі з-за Кубы таргавацца.
Падавальшчыкі, бязгучна ўціскаючы падэшвы ў кілім, спрытна расставілі прыборы, графіны і талеркі з закускамі. Прысутныя зашкрабалі відэльцамі, зачвякалі. Мікіта Сяргеевіч наліў, узважыў, прымружыўся:
– Ну што, дарагія таварышы… за перамогу камуністычнай ідэалогіі ва ўсім свеце!.. Дык вы прапанову Кенэдзі чыталі?
– Чыталі, раіліся, і мяркуем, што нічога невыгоднага для нас у той прапанове няма, – вальнадумна засведчыў Шэлепін і зухавата накаціў кілішак гарэлкі. – Мы атрымліваем назад Кубу, і гэта галоўнае. Наўзамен аддаём малюпаценькі кавалак тэрыторыі з малюпаценькім працоўным рэсурсам. Дзе амерыканскія імперыялісты паспрабуюць збудаваць малюпаценькую рэакцыйную псеўдадзяржаўку, гэткі прышчык Заходняга Берліна на магутным целе СССР. Але ж там застануцца нашы, савецкія людзі! Па хуткім часе яны, узброеныя ўсёпераможнымі ідэямі марксізму-ленінізму, скінуць жменьку эксплуататараў і адновяць уладу працоўнага класа, калгаснага сялянства і народнай інтэлігенцыі.