Выбрать главу

Міністр замежных спраў Грамыка пасмакаваў калекцыйны каньяк, зажаваў празрыстай мядовай грушай, пракаментаваў разважліва:

– Аднак пакуль тая марыянеткавая дзяржаўка будзе існаваць, усё прагрэсіўнае чалавецтва ў чарговы раз пераканаецца, што мы здольныя пайсці на самыя беспрэцэдэнтныя крокі ў пытаннях нацыянальнага самавызначэння!

Маршал Маліноўскі плёхнуў у шклянку празрыстай, выпіў нагбом, гучна занюхаў рукавом:

– А калі нам іх нацыянальнае самавызначэнне не спадабаецца, мы тых фашыстаў умомант танкамі адпрасуем!..

– Ды засцуць яны там нейкае нацыянальнае самавызначэнне распачынаць, – супакоіў старшыня КГБ. – Я ж аператыўныя зводкі штотыдзень чытаю. Народ у тых краях суадносна спакойны, збольшага накормлены і вельмі-вельмі запалоханы.

Хрушчоў згодна прымружыўся, наліў па новай. Меркаванні паплечнікаў амаль супадалі з ягонымі ўласнымі. Хаця прапанова амерыканскага прэзідэнта і выглядала падступнай ідэалагічнай дыверсіяй з відавочным рэвізіянісцкім душком, але насамрэч была мёртванароджанай.

– А вось я катэгарычна нязгодны, – нечакана для ўсіх падаў голас ачунялы Міхаіл Андрэевіч Суслаў. – Што, у той марыянеткавай дзяржаве гаркамаў партыі не прадугледжана? Дзе КГБ, дзе парткантроль, дзе цэнзура? Дзе, у рэшце рэшт, лагеры для асобных адшчапенцаў?

Лістападаўскае сонца гарызантальным лязом прасякло шчыліну ў парцьерах, і мазаічныя пралетары на пано запраменіліся аптымізмам. У галаве Першага сакратара ЦК КПСС канчаткова праяснілася, колцы і шасцярэнькі дзяржаўнага механізма затахкалі ў рытме гадзінніка Спаскай вежы.

– Гаркамы, КГБ і ўсё астатняе захаваецца, – супакоіў Хрушчоў. – Толькі пад іншымі назовамі. Ключавыя кадры псеўдадзяржаве прызначаем мы, гэта нават не абмяркоўваецца!..

– І наконт асобных адшчапенцаў, дарагія таварышы, можаце не хвалявацца, – вышчараўся старшыня Камітэта Дзяржаўнай Бяспекі. – У савецкае ўлады на кожную нязгодную патыліцу заўсёды знойдзецца куля, а на кожны жывот – кірзач!

Мікіта Сяргеевіч з сантыментам глянуў на Шэлепіна, пацягнуўся да графіна і наліў усім уласнаруч.

– Ну што, давайце яшчэ па адной – і я да Кенэдзі, дамову падпісваць!..

Глава 19

Вікенцій Дамінікавіч расплюшчыў вочы, хваравіта ікнуў і рэфлекторна нацягнуў падушку на голаў. У галаве панавала арктычная ноч, падфарбаваная атрутным зеленкаватым ззяннем. Нябесны агонь пульсаваў прывідным люмінісцэнтам, выбухаў фантастычнымі пратуберанцамі і, урэшце, трансфармаваўся ў празрысты разак паяльнай лямпы, які бязжальна высмальваў гартань, пячонку і селязёнку.

Кволая далонь пашнарыла пад ложкам слоік вады і не знайшла. Вантробы загальгаталі абураным індыкам. Да горла ўздымаўся кіслотны кактэйль з алкаголю, нікаціну і страўнікавага соку. Пахмелле лупцавала ў шкляны мозг бруднымі кірзачамі, дубасіла кавадлам, рагатала гніласна і цынічна.

І тут, трапляючы ў рэзананс мярзотным вібрацыям пад крохкім чэрапам, нехта энергічна загрукаў у дзверы:

– Таварыш Пяткевіч, вы ўдома?

Камітэтчык імгненна згадаў пра ўцёкі падследнага, пажар у райаддзеле, свой цвёрды намер застрэліцца і скрыню каньяку, якую дапіваў ужо пяты дзень. Са стогнам зафіксаваў цела вертыкальна, намацаў пісталетную дзяржальню, наліў развітальную чарку і асцярожна адсунуў парцьеру… Цікава, хто прыбыў яго арыштоўваць: былыя падначаленыя ці з самога Мінска?

Акурат пад домам блішчэла лакам і хромам ўрадавая «чайка» афіцыйнага чорнага колеру. Двое ахоўнікаў лубянскага экстэр’еру нерухомілі каля дзвёрак. Народу паблізу не назіралася: відавочна, іх папярэдне загналі па хатах.

Чэкіст тупа агледзеў пісталет і сунуў яго ў кішэню; апергрупы на «чайках» не ездзілі. Грукат у дзверы паўтарыўся.

– Таварыш Пяткевіч, неадкладна адчыніце! Органам вядома, што вы тут!

Вікенцій Дамінікавіч глянуў у люстэрка і жахнуўся воўчаму выскалу, крывавым вачам і жывёльнай сваёй няголенасці. Але часу, каб прыводзіць сябе да ладу, не заставалася. Накінуў на столік з недапітымі чаркамі газету, закаціў пустыя пляшкі пад ложак, адчыніў дзверы – і адступіў з распяленым ротам…

– Што ж гэта за гаспадар, які дарагога госця прымушае чакаць? – маладжавы дзядзька з гладкім тварам адстаўнога камсамольскага правадыра крытычна агледзеў пакой, пацягнуў носам і адчыніў фортку.