Выбрать главу

– Вінаваты, таварыш старшыня Камітэта Дзяржаўнай Бяспекі Саюза ССР! – пранізліва ікнуў Пяткевіч.

Шэлепін прыўзняў са стала газету, з разуменнем ацаніў каньячныя пісягі на паліроўцы, па-прыяцельску падміргнуў бюсту Фелікса Эдмундавіча, перад якім стаяла паўнюткая чарка.

– У таварыстве з трэнерам, таварыш маёр? Малайчына. Дазваляю пахмяліцца, а то адразу не ўрубішся.

Таварыш маёр, ачмурэлы ад пабачанага і агламошаны пачутым, паслухмяна выпіў і ўтаропіўся ў госця крыху паяснелымі вачыма.

– Пра апошняе рашэнне Партыі і ўраду чуў? – госць працягнуў саф’янавую папку.

Пяткевіч зашаргацеў паперай. Пальцы зліпаліся. Літары скокалі блыхамі і шпокалі бурбалкамі.

– «Пастанова Вярхоўнага Савета БССР «Аб выхадзе са складу Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці»… – прачытаў ён наждачным шэптам. – Ідучы насустрач пажаданням працоўных, а таксама з мэтай аднаўлення гістарычнай справядлівасці…»

– Так што па хуткім часе ты ўжо нават і не савецкі грамадзянін, – канстатаваў Шэлепін задуменна. – На тэрыторыі вашага раёна мае быць створаная новая, цалкам самастойная дзяржава.

Вікенцій Дамінікавіч здолеў дачытаў «Пастанову…» да апошняй кропкі, двойчы змаргнуў сухімі чырвонымі вейкамі, ушчыкнуў сябе неўпрыкмет і зноў глянуў у аркуш: тэкст не змяніўся. І толькі назва новай дзяржавы, якае мелася паўстаць на месцы Нясвіжскага раёна, выглядала надта ўжо фантастычна, каб паверыць у напісанае нават з другога разу.

– Хіба так і будзе называцца?.. – шчыра жахнуўся Пяткевіч. – Няўжо ў Савецкай Беларусі адраджаецца рэакцыйны сярэднявечны феадалізм?

– Нармалёвая чалавечаская манархія, – рагатнуў галоўны камітэтчык Савецкага Саюза. – Нацыянальная па форме і сацыялістычная па змесце – прынамсі фармальна. Слухай сюды, маёр. Радзіма аказвае табе высокі давер, пакідае ў Нясвіжы на канспіратыўнай працы. Якой бачыш першачарговую задачу?

– Таварыш старшыня Камітэта Дзяржаўнай Бяспекі, будынак нашага райаддзела ў выніку самазапалення…

– Мудак! – жорстка абсёк Шэлепин.

– Так точна!

– Райаддзел загарэўся не ў выніку самазапалення, – старшыня КГБ змякчыў інтанацыю да памяркоўна-змоўніцкай. – Гэта ты наўмысна яго падпаліў. На тэрыторыі вашага раёна шмат гадоў дзейнічала разгалінаваная нацыяналістычная групоўка, добра ўзброеная і выдатна заканспіраваная. Беларускі рэзыстанс, антысавецкі вызвольны рух, самаахвярныя змагары за нацыянальнае самавызначэнне. Ты і быў адным з ключавых кіраўнікоў тае арганізацыі… Што зыркаеш, маёр? Менавіта так: ажно ў Дзяржбяспеку пралез! Таму нацыяналістычную групоўку так доўга і не маглі выкрыць. Аднак маскоўскія чэкісты, якія праводзілі ў Нясвіжы сакрэтную спецаперацыю, выйшлі на ваш след і схапілі Міхала Апанасавіча Вітушку, лідара беларускага нацыянальнага супраціву. Каб вызваліць паплечніка і да таго ж адпомсціць таталітарнаму рэжыму за ўсе здзекі і рэпрэсіі, ты і падпаліў райаддзел. Але крывавая гэбня закатавала Вітушку раней, чым той паспеў збегчы. Усё ўцяміў?

– Так точна! – схлусіў Вікенцій Дамінікавіч.

– Вось і добра. Гэта, так бы мовіць, знешні контур твайго будучага легендавання. Дэталі дапрацуем, паперы сфальсіфікуем, агентуру праінструктуем – час яшчэ ёсць. Слухай далей…

Словы госця асыпаліся на мозг фантасмагарычнымі сняжынкамі, але Пяткевіч амаль ужо верыў, што ўсё гэта не сон і не белая гарачка. Суразмоўца выкладаў перад ім цалкам лагічныя блокі, арнаментуючы іх тэрміналогіяй з курсу лекцый «Аператыўныя камбінацыі КГБ СССР». У галаве Вікенція Дамінікавіча шкрабалі кельмы і чвякаў раствор; ён спрабаваў збудаваць з тых блокаў цэласную будыніну, але безвынікова.

– Мы дапаможам табе ўкараніцца ў новы ўрад і заваяваць там абсалютны давер, – маляваў маёрскую будучыню Шэлепін. – Гэта трэба для поспеху ўсяе аперацыі. Неўзабаве ты атрымаеш грошы. Да халеры грошай, ты нават і не ўяўляеш, што такія сумы існуюць у прыродзе. Прытым – выключна ў валюце: даляры, фунты, песа, маркі і ліры. А таксама падрабязныя інструкцыі, што з гэтымі грашыма рабіць. Пройдзеш паскораныя курсы: мовы, фінансы, нацыяналістычная фразеалогія і буржуазны этыкет. І будзеш рабіць у новай дзяржаве тое, што табе скажуць. Гэта і ёсць самае важнае заданне ў тваім чэкісцкім жыцці. Выканаеш – пойдзеш на пенсію генералам і нават… нават патрапіш у камунізм.

Вікенцій Дамінікавіч зглынуў, змаргнуў, захаўкаў разгублена.

– Але на Дваццаць другім з’ездзе Партыі таварыш Хрушчоў дэклараваў, што пры камунізме будзе жыць толькі наступнае пакаленне савецкіх людзей…