Выбрать главу

Пяткевіч выслухаў паведамленне з казённай павагай, агледзеўся і спыніў позірк на разваленай бычынай тушы.

– Ну, што ў вас? Прычыну смерці назваць можаце?

Патолагаанатам выцер скрываўленыя рукі анучкай, памуляўся і далікатна схіліўся да вуха госця.

– Таварыш патолагаанатам, мы тут усе савецкія людзі… спадзяюся. Можаце гаварыць уголас, – дазволіў Пяткевіч.

– Прычынай смерці племяннога быка-чэмпіёна па мянушцы Чапаеў стала яго зверскае згвалтаванне ў заднепраходную адтуліну, – афіцыйна абвесціў Генік, крыху павагаўся, але ж не ўтрымаўся ад перакладу на размоўную: – Карацей, нашага бычару да смерці забаралі… Што таго ворага народа!

У таварыша маёра хапіла тактоўнасці не акцэнтаваць увагу на апошніх славах.

– Патлумачце, калі ласка, падрабязней, – мякка ўдакладніў ён.

– У бычыным анусе выяўлена каля трох літраў спермы.

– Чыёй? – прафесійна хутка ўкруцілася пытанне.

– Ээээ… Не ведаю. Але ніводны савецкі чалавек на такое не здольны. Сперму на экспертызу трэба аддаць, а гэта толькі ў Мінску…

Скотніца, якая пагэтуль моўчкі слухала дыялог, знянацку загаласіла танютка і перарывіста:

– А-ёй, мой Чапаенька!.. Ды хто ж цябе так?.. І што ж ты перад смерцю ад таго ірада нацярпеўся!.. Я ж цябе гадавала, ночы не спала, усіх кароў закінула, адным толькі табою і займалася!.. На пашу ад рана выводзіла, цёлачку-прыгажуньку табе прыглядала!..

Ананій Міронавіч наступіў старой на нагу – тая злякана змоўкла. Кашлянуў у кулак, неўпрыкмет страсянуў салёную кроплю з носа.

– Мы сапраўды рыхтавалі Чапаева для паездкі на Усесаюзную выставу дасягненняў народнай гаспадаркі ў сталіцы нашай Радзімы, горадзе Маскве. Ён бы адтуль залаты медаль прывёз… калі б не антысавецкі акт скаталожніцтва!..

Сонца стаяла ў зеніце. Дзень плавіўся і плыў. Цені на сценах кароўніка калыхаліся, ссоўваліся і размываліся, нібы ў міражы. Маёр Пяткевіч крытычна агледзеў прасціну ў разляпістых бурых плямах і без ваганняў садраў яе, дэманструючы, што часы цяпер сапраўды ліберальныя і што ў савецкае ўлады няма таямніц ад сумленных грамадзянаў.

На пабеленай цэгле брутальна чырванеў надпіс:

СЛАВА САВЕЦКІМ ЧЭКІСТАМ!

Надпіс быў зроблены крыва і няўпэўнена – нібы яго аўтар толькі нядаўна вывучыў алфавіт. Пяткевіч адышоў ад сцяны на колькі метраў і ацаніў пісьмёны вокам спрактыкаванага аматара жывапісу.

– Мяркую, што цынічны надпіс на сцяне савецкага кароўніка зроблены крывёю Чапаева, – агучыў ён вынік агляду. – Ці ў вас, таварышы, ёсць нейкія іншыя меркаванні?

– Экспертыза пакажа, – знізаў плячыма патолагаанатам.

Таварыш маёр пасунуўся да «волгі».

– Як будуць вынікі – неадкладна паведаміце. Таварыш Басота Ананій Міронавіч, таварыш Пазнякевіч Яўген Аляксандравіч і таварыш Крукоўская Агнеса Войцэхаўна, – абвесціў ён у танальнасці павесткі па месцы жыхарства. – Праз пятнаццаць хвілін тут будзе апергрупа. Нашы супрацоўнікі правядуць комплекс чэкісцкіх мерапрыемстваў, пасля чаго вас усіх павязуць у райаддзел для допытаў…

Старшыня калгаса хапануў ротам паветра і раздзьмуўся, бы мангальф’ер, пры гэтым гузік з яго пінжака адшпокнуў у траву.

Патолагаанатам упусціў у тушу трэпан. І толькі скотніца ўспрыняла пачутае з пакорлівай абыякавасцю, і ў пацвілых вачах яе адразу высвеціўся спіс неабходных пры арышце рэчаў.

– …у якасці сведкаў, каб запратакалаваць усё па закону. Назад таксама даставяць, – дадаў Пяткевіч і ледзь заўважна пасміхнуўся папулярнаму сярод людзей яго прафесіі жарту. – Добрага вам дня, дарагія таварышы!..

Ананій Міронавіч праводзіў «волгу» вільготнымі ад ласкавасці вачыма, плюхнуўся на лаву і выцягнуў валідол. Агнеса незаўважна перажагналася і патупала да кароўніка. Генік сцягнуў праз голаў скураны фартух і сплюнуў.

– Нарэшце зваліў… баец нябачнага фронту, – без усялякай павагі вымавіў ён і, перахапіўшы абураны погляд калгаснага старшыні, дадаў з прыхаваным выклікам: – Што зыркаеце, Міроныч? Вам жа сам таварыш маёр сказаў, што палітыку партыі разумееце няправільна. Не засталося ў нас у БССР масавых ворагаў!..

* * *

Начальнік нясвіжскага райаддзела КГБ Вікенцій Дамінікавіч Пяткевіч уважліва разглядаў гіганцкую кучу лайна. Куча была ва ўсіх падрабязнасцях зафіксаваная на аператыўным фотаздымку. Пра надзвычайны аб’ём экскрэментаў сведчыў маштабны метр з рыскамі, што стаяў побач. У пратаколе дэталёва пазначаліся форма, колер, кансістэнцыя і памеры: шчыльны конус аднароднага цёмна-карычневага колеру, блізка 53 см у дыяметры і каля 37 см у вышыню.

Фекаліі былі выяўленыя чэкістамі перад параднымі дзвярыма нясвіжскага райаддзела КГБ толькі а дзявятай раніцы і, мяркуючы па ўсім, праляжалі там з ночы. Характэрна, што ніводны чалавек, які праходзіў міма, не кінуўся з заявай у «органы»; пэўна, лайно перад Дзяржбяспекай успрымалася савецкімі грамадзянамі як элемент натуральнай рэпрэсіўнай атрыбутыкі. Але гіганцкая куча, безумоўна, з’яўлялася слядамі жыццядзейнасці таго самага злачынцы, які пакінуў у анусе бугая Чапаева тры літры спермы.