Выбрать главу

Асоба злачынцы выклікала ў Пяткевіча пачуцці, блізкія да антынавуковага рэакцыйнага ідэалізму. Савецкі грамадзянін, нават пры самым пажыўным рацыёне, наваляць так багата не мог. Дый нашто сумленнаму грамадзяніну спраўляць патрэбу на прыступках КГБ? На падобнае быў здольны адно нейкі антысавецкі монстр…

Фотаздымак лайна ляжаў на барвовай саф’янавай папцы з залачонымі шчытом і мячом. Нацюрморт падступна схіляў камітэтчыка да алюзій і нават абагульненняў, але ён адразу адагнаў ад сябе думкі з відавочна антысавецкім душком.

– А ты, Фелікс Эдмундавіч, яшчэ нешта пра чыстыя рукі гаварыў! – па-свойску падміргнуў Пяткевіч партрэту, адсунуў фотаздымак і раскрыў папку са стосам шыфраграм, запытаў, даносаў і дакладных, якія прыйшлі яшчэ з раніцы.

Большасць папераў выглядала руцінна, рыхтык любошчы абрыдлых адно аднаму сужэнцаў. Патрабаванні дэталёва аналізаваць аператыўную сітуацыю, адказна ставіцца да агентурна-вышуковых мерапрыемстваў і рэгулярна ўзмацняць палітыка-выхаваўчую працу…

А вось вялізная капэрта, расквечаная рознакалібернымі фіялетавымі штампамі, адразу прывабіла ўвагу зваротным адрасам: Масква, плошча Дзяржынскага, 2, КГБ СССР. Падобныя капэрты прыходзілі ў нясвіжскі райаддзел вельмі рэдка. Пяткевіч нецярпліва чыкнуў нажніцамі. На стол выслізнула папка аператыўна-вышуковай справы, з тузін глянцавых фотаздымкаў і суправаджальны ліст за генеральскім подпісам.

Перш-наперш Вікенцій Дамінікавіч азнаёміўся з фотаздымкамі. Яны былі зробленыя ў нейкіх першабытных джунглях: непраходныя зарасці папараці, шалёных памераў хвашчы… Але гэта былі не джунглі братэрскага В’етнама, а менавіта капіталістычныя джунглі; пра апошняе сведчыў верталёт з надпісам «Marine One» і выявай амерыканскага сцяга.

На наступных здымках маёр Пяткевіч беспамылкова пазнаў Джона Фіцджэральда Кенэдзі. Галоўнакамандуючы арміі патэнцыйнага ворага прыязна размаўляў з дзвюма маладзіцамі, па выглядзе – перадавымі прадавачкамі «Сельпо». З-за спінаў прадавачак напружана вызіраў немалады вусаты дзядзька з акуратнымі вусікамі калгаснага гуманітарыя. На заднім плане цынічна вытанцоўвалі цалкам аголеныя дзеўкі і дзецюкі, няйнакш як пад бездухоўны рок-н-рол. Напэўна, гэта быў нейкі фестываль капіталістычнай парнаграфіі.

– Але ж як добра таварышы з выведкі працуюць!.. – з пачуццём карпаратыўнага гонару зазначыў Вікенцій Дамінікавіч, разглядаючы фатаграфіі.

З апошняга здымка, зробленага ў найлепшай якасці, таварышу маёру пасміхалася ссушаная старая ў зашмальцаванай душагрэйцы. Крамянёвыя зморшчыны яе твару навявалі асацыяцыі з фальклорнымі жахалкамі пра варажбітак, пярэваратняў ды іншых нячысцікаў. На руцэ вядзьмаркі цьмяна зіхацеў старажытны пярсцёнак з неразборлівымі знакамі.

Суправаджальны ліст і аператыўна-вышуковая справа сведчылі, што Рымша Ганна Францаўна, 1863 года нараджэння, яшчэ ў 1940 годзе праходзіла па дакументах аператыўнага ўліку на падпольную арганізацыю беларускіх нацыяналістаў, у якой нібыта была штатным містыкам. Паводле нешматлікіх агентурных паведамленняў, Ганна Францаўна жыла на хутары пад Нясвіжам у таварыстве гіганцкіх крумкачоў, якіх гадавала сырым мясам супрацоўнікаў НКВД. Але ўсе спробы арыштаваць яе сталіся марнымі – апергрупы, якія выпраўляліся на хутар вядзьмаркі, ужо ніколі не павярталіся назад.

7 лістапада 1951 годзе грамадзянка Рымша Г. Ф. прыехала ў Мінск і падступна пракралася ў Палац культуры МГБ БССР імя Дзяржынскага, на закрытыя чэкісцкія ўрачыстасці з нагоды Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі. Там вядзьмарка прылюдна пракляла тагачаснага міністра Дзяржаўнай бяспекі таварыша Лаўрэнція Фаміча Цанаву, паабяцаўшы, што той неўзабаве падохне ў турме, як сабака. Старую арыштавалі і этапавалі на Лубянку. Назаўтра арыштантка загадкава знікла проста з камеры, прытым разам з ёй нібы выпарылася і яе крымінальная справа, якая захоўвалася ў зачыненым сейфе следчага кабінета. Уся турэмная змена, а таксама следчы, з падачы азвярэлага Лаўрэнція Фаміча, былі асуджаныя на самыя доўгія тэрміны ў самых далёкіх лагерах. Аднак неўзабаве і самога таварыша Цанаву выкрылі як шпега шматлікіх замежных выведак, а таксама фашыста, шкодніка і варожага дыверсанта. Пасля энергічных допытаў гэты подлы вораг народа сапраўды падох у турме, як сабака.