Выбрать главу

Колькі ні шукалі органы Дзяржбяспекі тую Рымшу, усё было дарэмна. І толькі ў ноч з 23 на 24 чэрвеня 1961 года савецкі выведнік, легендаваны дэкадэнтам-бітнікам, зафіксаваў на даху нью-ёркскага хмарачоса асобу, вельмі падобную да ўцякачкі. Старая доўга размаўляла з прадстаўнікамі рэакцыйна-імперыялістычных колаў ЗША, а потым – сам-насам з самім прэзідэнтам Кенэдзі. Пасля чаго зноў знікла ў невядомым кірунку.

Таварышу Пяткевічу належала высветліць, ці сапраўды на нью-ёркскім здымку зафіксаваная менавіта тая Ганна Францаўна Рымша, якая да вайны жыла пад Нясвіжам? Ці былі ў яе нейкія паслядоўнікі альбо вучні ў тэрарыстычна-вядзьмарскай дзейнасці?

Няўлоўная чараўніца выглядала фігуранткай нават больш фантастычнай, чым загадкавы гвалтаўнік калгаснага Чапаева. Але ж зачэпкі меліся, і Вікенцій Дамінікавіч ужо ведаў, з чаго пачынаць. Пераглянуўшы агентурную картатэку, ён спыніўся на аператыўных крыніцах, найбольш вартых даверу. Прызначыў сустрэчы і ўжо праз дзве гадзіны збольшага валодаў сітуацыяй.

Агент з аператыўнай мянушкай «Вафлёныш» паведаміў, што па працы ён рэгулярна ездзіць па ўсім Нясвіжскім раёне, што пра вядзьмарку неаднаразова чуў і нават ведае, дзе стаяў яе хутар. Але Ганны Францаўны там даўно ніхто не бачыў. Хутар яе разбураны ўшчэнт, і падмуркі зараслі бадыллём.

Агент «Гліст» засведчыў, што на працы ён штодня пераглядае сотні твараў і даўно ўжо навучыўся распазнаваць адных і тых жа людзей у маленстве, у школе, на будоўлях сацыялізму, у турме і ў труне. А таму гатовы паклясціся хоць на камсамольскім білеце, хоць на Крымінальным кодэксе: старэча на нью-ёркскім фотаздымку і вядзьмарка з хутара з-пад Нясвіжа, якую ён колькі разоў бачыў у дзяцінстве, – адна і тая ж асоба.

Найбольш вычарпальную інфармацыю даў агент «Правакатар». Ён прачытаў таварышу маёру грунтоўную лекцыю пра тутэйшых варажбітак і запэўніў, што ў фальклорных чараўніц ніколі не бывае вучняў, а найгалоўную таямніцу жыцця яны перадаюць адзінай абранай асобе перад смерцю.

Бо калі такога не здарыцца – вядзьмарка будзе паміраць доўга і пакутліва.

Глава 2

Вядзьмарка памірала доўга і пакутліва.

У пацвілыя вочы старэчы спачувальна глядзела поўня, што пераспелым гарбузом завісла над шкляной пірамідай сакрэтнай лабараторыі ЦРУ. Адсюль, з карказломнай вышыні пентхаўса, было відно адно гніласна-электрычнае неба Нью-Ёрка, па якім раз-пораз прапаўзалі светлячкі самалётных агеньчыкаў.

Варажбітка ляжала ў высокім артапедычным ложку, і яе засівераны твар нерухомеў векавечным валуном. Бяззубы рот сціскаўся ў вузкую, лязо не прасунуць, шчыліну.

Пад прасцінай пругка тырчэлі смочкі датчыкаў, ад якіх цягнуліся спляценні рознакаляровых дратоў. Магнітафон на стале мерна круціў бабіны, але стужка вось ужо трэці дзень фіксавала адно цішу.

Ані самыя дасведчаныя агенты ЦРУ, ані нанятыя імі тэолагі, экстрасэнсы і гіпнатызёры па-ранейшаму не змаглі дамагчыся ад старой нічога ўцямнага. Цудадзейную залеву ў Тэхасе вядзьмарка растлумачыла навукай дзеда-нябожчыка, а прадказанне забойства Джона Кенэдзі – тым, што пра ўдалы замах ёй нібыта нашаптаў іншы дзед-нябожчык, таксама вельмі дасведчаны вядзьмак.

Такія адказы абсалютна не задавальнялі схільнага да канкрэтыкі Алена Далеса. Час падціскаў; дырэктар ЦРУ разумеў, што старой заставалася зусім мала. У лабараторыі з’явіўся дэтэктар хлусні – найноўшая тэхналагічна-шпігунская распрацоўка, нібыта здольная чытаць чалавечыя думкі.

Аператар дэтэктара, малады мужчына без асаблівых прыкметаў, напружана ўглядаўся ў перуновыя маланкі на зеленкаватым экране.

– Яна не маніць, нават калі нешта сніць, – патлумачыў ён дэтэктыву, такому ж класічна беспрыкметнаму спецслужбоўцу. – Прынамсі так сведчаць прыборы.

Дэтэктыў вылаяўся бязгучна; прамовіць адпаведныя сітуацыі словы яму не дазвалялі мікрафоны, уключаныя на запіс і развешаныя па ўсёй лабараторыі.

– Дэтэктар хоць спраўны?

– На сабе правяраў.

Позірк дэтэктыва спыніўся на экране аднаго з асцылографаў; светлавая кропка шалёна крэсліла мудрагелістыя вузельчыкі і петлі.

– І гэты спраўны?

– Гэты наладжаны выключна на фізіялагічныя паказчыкі. На канчатковыя вынікі амаль не ўплывае, але… – аператар слізгануў пальцамі па сінім дроціку і адкінуў край прасціны, якой была прыкрытая вядзьмарка.

Дроцік злучаўся з кончыкам пальца, на якім брутальна блішчэў чорны, падобны да адгадаванага прусака, датчык. Вышэй на фаланзе таямніча зіхацеў старадаўні срэбны пярсцёнак з нечытэльнымі пісьмёнамі.