– Можа, срэбра якую індукцыю наводзіць? – аператар паспрабаваў быў сцягнуць ювелірную аздобу.
Аднак пярсцёнак сядзеў на вузлаватым пальцы варажбіткі нязрушна, нібыта замацаваны скразным штыфтам праз косць. Старая нервова зварухнулася і прымружылася на цээрушніка драпежнымі круглымі вачыма.
– Толькі з пальцам, – папярэдзіла яна нядобрым шэптам.
Аператар скасавурыўся на чарупіну ўмывальніка.
– Мыла шукаеш?.. – бяззубы рот расцягнуўся ў жорсткай посмешцы, варажбітка сціснула пальцы так моцна, што ў маладога мужчыны хрумснулі суглобы. – Калі не адчэпішся, то проста тут і ўсерышся, абяцаю, – старэча рэзка адпусціла здабычу.
У памяшканні пачулася цяжкое спакутаванае сапенне. Лапкі самапісцаў шалёна заторгаліся.
– Спінацца не раю, – сур’ёзна параіў дэтэктыў. – А сварыцца – і пагатоў. Як скажа, то й здзяйсняецца. Будзе не раўнуючы як з ім…
У фатэлі, што стаяў у закутку, дробным студнем калаціўся штатны цээрушны гіпнатызёр. Вейкі трывожна паторгваліся ў неспакойным сне.
– Пішчом да яе лез, усё пнуўся ў транс увесці. Чараўніца і параіла яму той гіпноз сабе ў сраку заткнуць. Ужо другія суткі да цямы прыйсці не можа. Невядома, калі ачомаецца і ці ачомаецца ўвогуле.
Старэча закрахтала, заварочалася і зноў знерухомела, утаропіўшыся позіркам у шкляную піраміду над галавой. Аператар асцярожна зашархацеў папяровай стужкай з хаатычнымі лініямі самапісцаў.
– Ты ж глядзі – праўду кажа…
– А я пра што!..
Папераджальна блямкнуў нябачны званочак. Дзверы сакрэтнага ліфта, замаскаваныя пад сценную панэль, бязгучна ссунуліся ўбок, вочы на кароткі момант асляпілі люстэркі і нікель кабіны. Немалады лысаваты мужчына з халоднымі вачыма патолагаанатама паправіў танюткія залатыя акуляры, па чарзе працягнуў руку аператару, дэтэктыву і ахоўніку.
– Містар Далес, пакуль што ніякіх…
Дырэктар ЦРУ спыніў даклад згодным жэстам – маўляў, і так усё ведаю.
– Я хацеў бы перагаварыць з пацыенткай сам-насам, – папрасіў ён падкрэслена добразычліва.
Аператар і дэтэктыў паслухмяна зніклі за дзвярыма службовага пакоя. Ахоўнік спрытна выкаціў фатэль з кантужаным гіпнатызёрам. Ален Далес выключыў магнітафон, сеў каля вядзьмарчынага ложка.
– Добры вечар, мэм, – з казённай ветлівасцю прамовіў дырэктар ЦРУ. – Урад Злучаных Штатаў і я асабіста робім усё мажлівае, каб падтрымаць вашае здароўе і ваш надзвычайны дар…
– Не дуры бабінай сракі, – старая зірнула на госця безуважна, як глядзяць на агонь ці ваду. – Дай хоць памерці спакойна.
Цээрушнік зрабіў выгляд, нібы не пачуў.
– …аднак змушаны звярнуць увагу, што гаворка цяпер вядзецца не толькі пра вашае здароўе, але і пра нацыянальную бяспеку Злучаных Штатаў. І гэта цалкам апраўдвае вашае цяперашняе месцазнаходжанне… – Ален Далес распусціў вузел гальштука, выцягнуў ногі ў нямодных дыхтоўных штыблетах і на якую хвіліну змоўк, нібы наладжваўся на частату ўспрыняцця суразмоўніцы. – Мэм, давайце без хітрыкаў. Я прачытаў усе кнігі па народнай містыцы, якія толькі ёсць у бібліятэцы Кангрэса ЗША, і тое-сёе засвоіў. Вам дзевяноста восем гадоў. Не ўпэўнены, што…
– Хочаш, каб я табе перадала сваю моц перад смерцю? – варажбітка чытала чужыя думкі не горш найноўшай шпігунскай апаратуры. – Ат, у цябе дакладна не атрымаецца стаць абраным!.. Нават калі я гэтага захачу. Ведаеш чаму?...
Поўня абсыпала вядзьмарчын твар мярцвяным срабрыстым пылам. Сілуэт госця адкідаў на сцяну фатаграфічна выразны цень. Зеленкаватыя кропкі на экране порхалі спалоханымі мятлікамі.
– Я магу перадаць сваю моц толькі каму з землякоў, – засведчыла старая роўным голасам.
– А калі я знайду вам такога земляка… Што хочаце наўзамен?
– Лёгкай смерці хачу, – цяжка выдыхнула вядзьмарка.
– Капсула з цыянідам? Смяротная ін’екцыя? Перадазіроўка гераіну? – падхапіў дырэктар ЦРУ, і яго залатыя празектарскія акуляры заблішчэлі натхнёна. – Вы толькі самі скажыце, мэм! У маіх супрацоўнікаў найбагацейшы выбар… не кажучы ўжо пра досвед!..
– Туябень ты, хаця і дырэктар ЦРУ, – прахрыпела варажбітка. – Акуляры начапіў, кніжкі разумныя чытаеш… Ды не дачытаў, відаць. Дах нада мною трэба разабраць, каб душа адсюль упрочкі змагла пайсці. А на таго земляка я яшчэ пагляджу, ці гадзяшчы…
Не даслухаўшы варажбітку, Ален Далес кінуўся да тэлефона ў пакой аховы, накруціў нумар, схапіў слухаўку:
– …на Багамах? Тэрмінова звяжыце з ім… Тэр-мі-но-ва!!!... Высылайце гідраплан проста зараз! Сустрэну асабіста проста на пірсе… Гэта адзіны наш шанец!..