Выбрать главу

Мой брат забыўся, дзе паставіў мярэжы. Ён падняўся і паказвае, куды плыць. Я вяслую, гляжу, як ад лодкі разбягаюцца хвалі, як хістаюцца адлюстраванні дрэў, кустоў і мне хочацца спяваць. Але я не спяваю, а толькі сваруся на брата, на яго кепскую памяць. Брат злуецца. Нарэшце знаходзім першую мярэжу. Уцягваем у лодку, сыплюцца кроплі, у лодцы падскоквае некалькі плотак. Плаваем яшчэ дзве гадзіны, але самую вялікую, новую мярэжу не знаходзім. Вінаватым аказваюся я, бо малодшы, і не туды, і не так вяслую.

Калі прыплываем да берага, то ў мяне ад зіхцення вады, ад сляпучага красавіцкага сонца, ад зыркіх пырскаў баляць і слязяцца вочы. Твар і рукі чырвоныя, а на далонях пухіры мазалёў.

Ляжу на цёплых дошках кладкі, на вачах кепка, мяне хістае, гайдае, быц­цам я ўсё яшчэ ў лодцы, быццам яна плыве па вялікай блакітнай вадзе побач з купкамі жоўта-зялёных кустоў з мяккім і ліпкім лісцем.

Сёння на тым месцы, дзе мы некалі плавалі між кустоў і дрэў, мікрараён горада. Не верыцца.

Знак

Я плыў да берага і стомлена, але ўсё яшчэ са спадзяваннем кідаў спінінг. Вечар ціхі, цёплы, павута павольна ляціць, за спакойную ваду чапляецца...

На беразе, дзе я пакідаў лодку, стаяў легкавік. Побач з ім поркаўся рыбак. Потым ён падцягнуў надзіманку да вады. Ад мяне да яго было крокаў дваццаць. Ён спытаў пра мае поспехі? Паказаў яму большага шчу­пака, які і да кілаграма не дацягваў, сказаў, што пялёхаюся паўдня, а вынік слабенькі.

Верасень, да цемры гадзіны паўтары, а можа, і менш. Падумаў, што дзіўны гэты рыбак, відаць, гарадскі, калі так позна на ваду выплыў. Ён быццам прачытаў мае думкі. Сказаў, я запомніў яго словы: «А мне быў знак, каб ехаў на рыбу менавіта на гэтае возера і лавіў на белы вібрахвост...» Я засмяяўся, сказаў, што і на белы, і на жоўты, і на чырвоны спрабаваў, а злавіў на малень­кую блешню-круцёлку. Мужчына прывязваў да жылкі вялікі, большы за далонь, белы вібрахвост.

Мне захацелася адпачыць. Паклаў спінінг, выліў у накрыўку тэрмаса рэшткі астылай кавы, глынуў і пачаў глядзець, як незнаёмец кідае спінінг. Лодка мая стаяла ў лісці гарлачыкаў. Лісце парудзелае, бруднае, краі няроўныя... Вібрахвост плюхнуўся побач з маёй лодкай. Я падумаў, што зараз зачэпіцца за доўгія сцябліны гарлачыкаў, збярэ пук травы... Так і адбылося. Рыбак пачаў торгаць вудзільнам. Мне засталося толькі задаволена пасміхацца.

Але тут я ўбачыў рыбіну! Яна ішла на глыбіні. Вялікая і цёмная, як тарпеда. Мужчына пачаў крычаць і спрабаваў круціць катушку, але рыбіна размотвала жылку. Я падхапіўся, каб лепш бачыць. Рыбіна ішла ад зараснікаў травы ў глыбіню возера, цягнула за сабой лодку-надзіманку. Можа, з паўгадзіны рыбак змагаўся са шчупаком і крычаў. Потым змоўк. Шчупак выскачыў побач з яго лодкай, нарабіў пырскаў, напалохаў і здзівіў сваімі неверагоднымі памерамі. Нарэшце рыбак даў яму рады, уцягнуў у надзіманку.

З рыбаком здарылася істэрыка. Ён то смяяўся, то крычаў на ўсё возера, то мацюкаўся, а потым заспяваў...

Вядома, я яму зайздросціў... Шчупак важыў больш за дзесяць кілаграмаў. Большай рыбіны ў гэтым возеры мне бачыць не даводзілася.

Трэці год шкадую, што ад зайздрасці і сціпласці не спытаў тады рыбака, які ж знак яму быў?

Чаканне

Бываюць такія дні, калі ведаеш, што ні на возеры, ні на рацэ рыбу не зловіш, як ні старайся, як ні высільвайся. Ведаеш, а ідзеш да вады. Стаіш на беразе, сядзіш і глядзіш, і маўчыш, і слухаеш, і дыхаеш халодным ветрам, празрыстым водарам вады.

Ведаеш, што гэтыя дні сыдуць, як вада, як хмары. А потым будуць шчаслівыя імгненні, калі будзеш зачаравана глядзець на кропку, ці рыску паплаўка, на спружынку-ківок, і сэрца будзе заходзіцца ад іх нечаканых рухаў. Будзеш торгацца, уздыхаць, падхоплівацца і пяшчотна гладзіць халодны і мокры бок злоўленай рыбіны.

Чароўнае люстэрка

Пра маленькае азярцо, што за вёскай Дубраўка, расказаў аднагрупнік Пётр Прохараў. Ён і эцюд паказаў. Маленькі светлы авал у цёмнай лашчыне. Эцюд той быў невыразны, недароблены. Але пасля дажджу мы з другім аднагрупнікам схадзілі. Берагі там топкія, хістаюцца, доўга на адным месцы не пастаіш, бо пачынаеш грузнуць. Але і адным спінінгам мы здабылі пару невялікіх шчупакоў. Праз тыдзень я падгаварыў Сяргея Асапрылку, і мы выправіліся на азярцо з маім спінінгам. Мясцовы малец за свой партрэт (атрымаўся падобным) даў нам лодку.

Першы шчупак, які схапіў блешню, быў тоўсты і кароткі, важыў кілаграмаў шэсць-сем. Я падцягнуў яго да лодкі, а Сяргей спрытна, быццам усё жыццё гэтым займаўся, схапіў рыбіну за галаву, перакінуў мне пад ногі. Шчу­пак скакаў і яго давялося доўга біць вяслом па галаве. Сяргей аберуч трымаў, а я лупіў. Шчупак супакоіўся, адно хвост уздрыгваў. Пакурылі, аддыхаліся, адхваляваліся і пачалі лавіць далей. Праз паўгадзіны спінінг так таргануўся, што «Неўская» катушка здзёрла з вялікага пальца скуру. Пацякла яркая кроў. Кроплі сыпаліся, але я спрабаваў падцягнуць рыбіну да лодкі. Сяргей кідаўся ад борта да борта, як не перавярнуліся. Шчупак трос галавой, выскокваў, плёхаўся, але ўпарціўся і да лодкі не падыходзіў. Але і яго Сяргей пераваліў, увалок у лодку. Я ледзь дыхаў.