На душы спакой, у мяне ёсць дзве рыбіны.
Месцы дзікія, калі што здарыцца, то доўга будуць шукаць. Яміна вялікая, глыбокая, але да яе цяжка далезці, бо трыснёг такі, што толькі вар’ят праз яго папрэцца. Я — вар’ят, пруся, лезу, адно спінінг, як снайпер стрэльбу, берагу. Даходжу да ракі. Паперадзе, у вадзе, пахілены трыснёг. Да яго пару крокаў. Вецер дзьме ў твар. Сняжынкі мільгацяць хутка. Замахваюся, прымерваюся, кідаю за трыснёг, што тырчыць з вады, а калі дацягваю блешню да яго, кручу хутчэй і перакідаю блешню сабе пад ногі. Іншых варыянтаў няма, бо лаўлю з берага, а не з лодкі. Пакуль атрымліваецца.
Блешня ляціць супраць ветру, падае зусім не туды, куды меўся пацэліць. Спахопліваюся і спрабую круціць катушку. Жылка напялася — катушка не праварочваецца. Лаюся сам на сябе, бо разумею, што зачапілася моцна. Апускаю спінінг, кідаю на траву, выціраю мокры твар. Зноў бяру спінінг і разумею, што там вялікі шчупак. Такі, пра якога можна марыць, але так і не злавіць. Катушка вішчыць, а жылка размотваецца, сыходзіць і я не магу даць рады. Не спыніць, не стрымаць!
Двойчы дацягваю цяжкага шчупака да трысняговай сцяны, а на трэці раз ён захрасае ў траве. Магчыма, каб рыбіна была меншая, то я не стаў бы скакаць у ваду. Магчы-ма-ма. Скачу, вада па грудзі. Падбіраюся да травы, спінінг трымаю над вадой. Бачу залаты бок, белае пуза. Шчупак зусім невялікі, ну, можа, на тры кілаграмы. Рука ідзе ў ваду, пальцы сціскаюць шчэлепы. І я цяпер разумею, чаму ён так супраціўляўся. Блешня зачапіла яго за пуза, пад галавой.
Вылезці з ракі нашмат цяжэй, чым залезці. Я мокры і брудны.
Бягу па балоцістай пожні, па палеглай, блытанай-пераблытанай траве. Бягу ў лес, бо там ёсць дарога. Бягу па гразкай каляіне, па калюгах. Снег, дождж, цёмна, халодна, цяжка, мокра. Не, ёсць на мне і сухія месцы, у ботах, там, дзе пальцы.
Думаеш я пра рыбу? Не, гэта пра звычайнае шчасце.
Падман
Ёсць такія людзі, да якіх адразу ўзнікае давер і сімпатыя. Мужчына быў на выгляд старэйшы за мяне. Ішоў дождж, мы стаялі пад дрэвамі, чакалі калі ён скончыцца і можна будзе далей лавіць рыбу. Я лавіў з лодкі спінінгам, а ён з берага вудамі.
Я сказаў, што раней на гэтым возеры не было столькі сетак, а цяпер праз раз блешня за сетку чапляецца. І ён сказаў сумна, што браканьераў не паважае. Пакурылі, папілі гарбаты з яго тэрмаса, а потым кавы з майго. Дождж не сунімаўся. Ён сказаў, што гэта возера яго любімае, бо тут заўсёды ціха і прыгожа.
На вадзе з’явіліся белыя пухіры, а потым дождж скончыўся. Віталь, так яго звалі, пайшоў да сваіх вудаў, а я выліў з лодкі ваду і паплыў кідаць спінінг. Той восенню, на тым жа лясным возеры яшчэ двойчы сустракаў свайго знаёмага. Гаварылі, як быццам ведалі адзін аднога ад нараджэння. Ён хваліўся сваімі дзецьмі, я сваёй дачкой. Нават аднойчы трохі выпілі, каб сагрэцца.
Мінулай восенню Віталь патануў. Мясцовы малец, калі я здзівіўся сумнай навіне, заўважыў, што большага мярзотніка, чым той Віталь, ён ва ўсім раёне не ведаў. Гадоў пятнаццаць не працаваў, а жыў з таго, што лавіў рыбу ўсімі забароненымі прыладамі. Лавіў, прадаваў, будаваўся, дзяцей гадаваў. Пасля яго на мясцовых азёрах рыбы не заставалася. Выграбаў усю чыста. А патануў позняй восенню, на лясным возеры. Лодка кульнулася, рукі трапілі ў сетку. Цёмна, ветрана, вада халодная.
Возера тое я ведаў.
Той бераг
Ведаю, што калі прыйдзе мой час, калі паплыве малым і хісткім чаўном труна, то першымі на тым беразе сустрэнуць яе мае сябры-рыбакі. Не мастакі і пісьменнікі, не вайскоўцы і сваякі, а рыбакі. Яны і пададуць мне руку, дапамогуць выйсці на бераг. Можа, спытаюць, а ці прывёз я добрых кручкоў? Бо тут з імі праблема, адрываюцца — такая рыба. Усё да маёй сустрэчы будзе падрыхтавана: вуды і спінінг, крыга і таптуха, вопратка, боты і, можа нават ровар будзе ляжаць на траве і пабліскваць спіцамі. Рыбакі пачнуць расказваць пра чароўныя і патаемныя месцы на рацэ і на возеры, пра копанкі і сажалкі, поўныя белых і жоўтых карасёў, пра ляшчоў і шчупакоў. Можа, пачнуць прапаноўваць, каб я хутчэй пераапранаўся, збіраўся, каб выпраўляўся з кім-небудзь з іх. Але я адмоўлюся.
Пайду адзін. У кожнага свая рака, свая вада і кожнаму свая рыба. Так было, а інакш і быць не можа. Цень мой пойдзе паперадзе, ляжа на ваду, скалане яе.
І як толькі дакрануся да той вады, як толькі празрыстая жылка разрэжа хвалю, так адразу вуда мая фірмовая зробіцца дубцом з ляшчыны, а паплавок каляровы стане крываватым гусінам пёркам, колеру пазногця.
Вось тут я пра ўсіх вас і забуду, бо час спыніцца назаўсёды.