— Спадзяюся, што гэта так, сэр, — адказаў містэр Гэмфілд з непрыемнай усмешкай.
— Не сумняваюся, што гэта так, сэр, — зазначыў стары джэнтльмен, папраўляючы акуляры на носе і азіраючыся ў пошуках чарнільніцы.
Гэта быў крытычны момант у жыцці Олівера. Калі б чарнільніца была там, дзе яе спадзяваўся знайсці стары джэнтльмен, ён абмакнуў бы ў яе пяро, падпісаў паперу, і Олівера адразу забралі б. Але здарылася, што чарнільніца стаяла пад самым яго носам, так што ён, нават абмацаўшы позіркам увесь стол, яе не знайшоў. У працэсе зацятага пошуку яму надарылася паглядзець проста перад сабой, і яго позірк упаў на бледны і запалоханы твар Олівера Твіста, які, не зважаючы на папераджальныя міны і кухталі Бамбла, глядзеў на пачварную фізіяномію свайго будучага гаспадара з такім выразам боязі ды страху, што гэта не мог не заўважыць нават слепаваты суддзя.
Стары джэнтльмен запыніўся, адклаў убок асадку і перавёў позірк з Олівера на містэра Лімкінза, які з незалежным выглядам заладаваў у нос дозу тытуню.
— Хлопчык мой! — прамовіў стары джэнтльмен, перахіліўшыся цераз стол.
Ад яго голасу Олівер уздрыгнуў. Яму можна было прабачыць гэта, бо словы былі вымаўленыя лагодна, а нязвыклыя гукі палохаюць. Ён затрымцеў і расплакаўся.
— Хлопчык мой! — сказаў стары джэнтльмен. — Ты спалатнеў. Ты выглядаеш спалоханым. Што здарылася?
— Адыдзіце ад яго крыху ўбок, кур’ер! — сказаў другі суддзя. Ён адклаў паперу і з зацікаўленым выглядам сеў ямчэй за сталом. — Ну, хлопчык, скажы нам, што тут за бяда. Не бойся.
Олівер упаў на калені і, сцяўшы рукі, пачаў прасіць, каб яго паслалі назад у цёмны пакой, там марылі голадам, білі, нават забілі, калі ім так хочаццца, але не пасылалі яго з гэтым страшным чалавекам.
— Вось табе і маеш! — усклікнуў містэр Бамбл, пафасна ўзнёсшы рукі і вочы ўгору. — Вось табе і маеш! Бачыў я падступных і сапсаваных сірот, але з іх усіх ты, Олівер, самы нахабны.
— Трымайце язык за зубамі, кур’ер, — сказаў другі стары джэнтльмен, калі містэр Бамбл сфармуляваў гэтае дакладнае азначэнне.
— Прашу вашу міласць дараваць мне, — прамовіў містэр Бамбл, — ці вы, ваша міласць, звярталіся да мяне?
— Да вас. Трымайце язык за зубамі.
Містэра Бамбла ад здзіўлення бы паралюш схапіў. Прыходскаму кур’еру загадалі трымаць язык за зубамі! Дык гэта ж парушэнне ўсялякіх этычных нормаў!
Стары джэнтльмен у чарапахавых акулярах паглядзеў на свайго кампаньёна. Той кіўнуў галавой.
— Мы не падпішам гэтую дамову, — сказаў стары джэнтльмен, адкідваючы кавалак пергаменту ўбок.
— Я спадзяюся, — заікаючыся, прамовіў містэр Лімкінз, — я спадзяюся, што, грунтуючыся толькі на выказваннях дзіцяці, нічым не падмацаваных, суддзі не зробяць высновы, што прыходскія ўлады вінаватыя ў якіхсьці благіх учынках.
— У абавязкі суддзяў не ўваходзіць рабіць якія-небудзь высновы па гэтай справе, — абрэзаў яго другі суддзя. — Забірайце дзіця назад у працоўню і абыходзьцеся з ім як належыць. Здаецца, яно мае ў гэтым патрэбу.
Тым жа вечарам джэнтльмен у белай камізэльцы катэгарычна заявіў, што Олівера не толькі павесяць, але і прыцягнуць да месца пакарання волакам ды чацвяртуюць. Містэр Бамбл з панура-таямнічым выглядам матлянуў галавой і пажадаў Оліверу, каб той нарэшце схіліўся да дабра. Містэр Гэмфілд на гэта адказаў, што жадае, каб той трапіў яму ў рукі; гэта было кардынальнае разыходжанне з пажаданнем кур’ера. Хоць камінар амаль ва ўсім з ім пагаджаўся.
Назаўтра ўранні людзі зноў даведаліся, што Олівера здаюць у вучні і што кожнаму, хто захоча ім валодаць, будуць заплачаныя пяць фунтаў стэрлінгаў.
РАЗДЗЕЛ IV
Олівер, атрымаўшы магчымасць уладкавацца ў іншым месцы, робіць свой першы крок у людскую супольнасць
Калі ў багатай сям’і маладому чалавеку не могуць забяспечыць выгаднай пасады, калі ён не атрымлівае перспектывы згодна з тастаментам, купчай — яго выпраўляюць у далёкае падарожжа па моры. Гэта досыць пашыраны звычай.
Рада, узяўшы сабе за ўзор такую мудрую завядзёнку, стала абмяркоўваць, ці не варта было б уладкаваць Олівера на які-небудзь невялічкі гандлёвы карабель, прыпісаны да цудоўнага порта з пошасцямі і паморкамі. Меркавалася, што гэта было б для яго найлепш, бо рабілася верагодным, што аднойчы пасля абеду шкіпер у гуллівым настроі заб’е яго да смерці або праломіць яму галаву жалезным шкворнем. Агульнавядома, што і гэта, і тое ёсць улюбёным ды распаўсюджаным баўленнем часу для такіх джэнтльменаў. Чым больш абмяркоўвалася справа, тым больш пераваг такога яе развязання адкрывалася перад радай, так што яна прыйшла да высновы, што адзіным шляхам эфектыўнай дапамогі Оліверу будзе неадкладна паслаць яго юнгам на мора.