Выбрать главу

Містэру Бамблу даручылі нагледзець якога-небудзь капітана або каго-небудзь яшчэ, хто ўзяў бы юнгу без родзічаў і сяброў. Кур’ер якраз вяртаўся, каб паведаміць у працоўні пра сваю місію, і тут каля брамы яму, як пакліканы, сустрэўся не хто іншы, як містэр Саўэрберы, прыходскі трунар.

Містэр Саўэрберы быў высокі, кашчавы, але з масіўным касцяком чалавек, апрануты ў ношаны чорны касцюм, зацыраваныя бумазейныя панчохі такога ж колеру і такія самыя чаравікі. Яго твар ад прыроды не мог несці на сабе адбітку весялосці, аднак увогуле містэр Саўэрберы не быў пазбаўлены пачуцця прафесійнага гумару. Яго хада была пругкая, а твар меў выраз шчырага задавальнення. І вось ён наблізіўся да містэра Бамбла і сардэчна паціснуў яму руку.

— Я зняў мерку з дзвюх кабет, што памерлі гэтай ноччу, — сказаў трунар.

— Вы станеце багацеем, містэр Саўэрберы, — адказаў кур’ер, засоўваючы вялікі і ўказальны пальцы ў прапанаваную трунаром тытунніцу, зробленую ў форме вельмі маленькай фірмовай труны. — Кажу вам, вы станеце багацеем, містэр Саўэрберы! — паўтарыў містэр Бамбл, прыязна паляпваючы трунара кульбай па плячы.

— Вы думаеце? — прамовіў трунар такім тонам, нібыта ён напалову згаджаўся з думкай, а напалову аспрэчваў яе. — Прызначаныя радай кошты за труны занадта нізкія, містэр Бамбл.

— Якія труны, такія і... — адказаў кур’ер, дазволіўшы сабе ў выразе твару якраз столькі весялосці, колькі гэта можа дазволіць сабе высокапастаўленая асоба.

Містэра Саўэрберы гэта вельмі развесяліла. Так яно і мела быць, і ён доўга, без перапынку смяяўся.

— Але, але, містэр Бамбл, — прамовіў ён нарэшце. — Няма сумніву, што з тае пары, як увялі новую сістэму харчавання, труны зрабіліся вузейшымі і ніжэйшымі, чым раней. Але ж і мы мусім мець нейкі прыбытак, містэр Бамбл! Даспелая драўніна дарагая, сэр, а жалезныя ручкі давозяць каналам аж з Бірмінгема.

— Праўда, праўда, — сказаў містэр Бамбл, — кожнае рамяство патрабуе выдаткаў. Прыбытак у межах закону, зразумела, магчымы.

— Зразумела, — пацвердзіў трунар, — і калі я не атрымаю прыбытку па тым ці іншым асобным артыкуле, дык урэшце ўсё роўна вазьму сваё, хі-хі-хі!

— Чыстая праўда, — пацвердзіў містэр Бамбл.

— Хоць мушу сказаць... — працягваў трунар, падсумоўваючы назіранні, перапыненыя кур’ерам, — хоць мушу сказаць, містэр Бамбл, што я не магу не назваць аднае вельмі вялікае нявыкруткі: тоўстыя людзі паміраюць найчасцей. Тыя, хто жыў няблага і плаціў падаткі шмат гадоў, трапіўшы ў працоўню, паміраюць першымі, і мушу сказаць вам, містэр Бамбл, што тры ці чатыры цалі звыш калькуляцыі — гэта вялікая дзірка ў прыбытку, асабліва калі ў цябе на ўтрыманні сям’я.

Містэр Саўэрберы вымавіў гэтыя словы з абурэннем; містэр Бамбл адчуў, што сказанае нейкім чынам можа негатыўназакрануць гонар прыходскае ўлады, і вырашыў, што пара змяніць тэму размовы. Паколькі ў галаве яго дамінаваў Олівер Твіст, то ён звярнуўся менавіта да гэтай тэмы.

— Між іншым, — сказаў містэр Бамбл, — ці ведаеце вы каго-небудзь, хто шукаў бы сабе хлопчыка, га? Прыходскага вучня, які цяпер павіс на прыходзе, як жоран, так бы мовіць, на прыходскай шыі. На выгадных умовах, містэр Саўэрберы, на выгадных умовах!

Пры гэтых словах містэр Бамбл прыклаўся кульбай да абвесткі, што вісела ў яго над галавою, і тры разы выразна стукнуў па словах «5 фунтаў», якія былі набраныя раманскім шрыфтам загалоўнымі літарамі гіганцкага памеру.

— А Божа ж мой! — усклікнуў трунар, беручы містэра Бамбла за крысо яго абшытага залатым галуном шыняля. — Гэта ж якраз тая рэч, пра якую я хацеў пагаварыць з вамі. Вы ведаеце... Містэр Бамбл, што ў вас за цудоўны, элегантны гузік! І як я яго не заўважаў да гэтага часу?

— Але, згодны, гузік досыць паглядны, — ганарліва адказаў кур’ер, гледзячы зверху ўніз на вялікія бронзавыя гузікі, што ўпрыгожвалі ягоны шынель. — Адбітак той самы, што на прыходскай пячатцы: добры самарыцянін, які лякуе хворага і нямоглага. Прыходская рада падаравала мне гэты шынель на Новы год, містэр Саўэрберы. Помню, першы раз апрануў яго, каб быць сведкам на судовым разбіральніцтве па справе таго гандляра, які збанкрутаваў і замерз апоўначы перад дзвярыма.

— Прыгадваю, — адказаў трунар. — Прысяжныя вынеслі прысуд: «Памёр ад уздзеяння холаду і ад нястачы сродкаў, неабходных для падтрымання жыцця».