Выбрать главу

— Вось як! — усклікнуў містэр Бамбл, прыпыніўшыся і кінуўшы на свайго выхаванца злосны позірк. — Вось як! З усіх самых няўдзячных, самых нявыхаваных хлопчыкаў, якіх я калі б там ні было бачыў, ты, Олівер, самы...

— Не, не, сэр, — усхліпваў Олівер, чапляючыся за руку з добра яму вядомай кульбай, — не, не, сэр; я папраўлюся, сэр, я напраўду, сапраўды стану лепшым! Я вельмі маленькі хлопчык, і я... я... такі...

— Такі што? — здзіўлена дапытваўся містэр Бамбл.

— Такі самотны, сэр! Такі надта самотны! — плакала дзіця. — Усе мяне ненавідзяць. О сэр, калі ласка, не злуйцеся на мяне!

Хлапчаня прыціснула рукі да сэрца і зазірнула ў твар свайго праважатага з непадробнай скрухай і надломам.

Містэр Бамбл з пэўным здзіўленнем вытрымаў жаласлівы і бездапаможны позірк Олівера, пару разоў пракашляўся, барматнуўшы нешта наконт «клятага кашлю», і загадаў Оліверу выцерці вочы ды быць добрым хлопчыкам. Потым, узяўшы яго за руку, моўчкі павёў далей.

Трунар, які якраз апусціў жалюзі на вокнах, нешта запісваў пры святле вельмі прыдатнай тут жалобнай свечкі ў свой гросбух.

— А, — сказаў трунар, падымаючы галаву ад стала і не дапісаўшы слова, — гэта вы, Бамбл?

— Не хто іншы, містэр Саўэрберы, — адказаў кур’ер. — Вось. Я прывёў хлопчыка!

— Дык вось яно якое, гэтае хлапчаня! — сказаў трунар, падняўшы свечку над галавой, каб лепш бачыць. — Місіс Саўэрберы, мая дарагая, ці не зрабіла б ты ласку падысці сюды на хвіліну?

З маленькага пакоя з боку крамы выйшла місіс Саўэрберы, маленькая кашчавая жанчына з уедлівым тварам.

— Мая дарагая, — паважна сказаў містэр Саўэрберы, — гэта хлопчык з працоўні, пра якога я табе казаў.

Олівер яшчэ раз пакланіўся.

— Мой ты Божа, — сказала жонка трунара, — ён жа зусім маленькі.

— Але, ён малаваты, — азваўся містэр Бамбл, гледзячы на Олівера, як быццам той быў вінаваты, што ён не большы, чым ёсць. — Ён малы, тут няма як пярэчыць. Але ж ён вырасце, місіс Саўэрберы, ён вырасце.

— Ну дык што і казаць, — з раздражненнем заўважыла лэдзі, — на нашых харчах. Ніякае выгады не бачу ад прыходскіх дзяцей, бо іх утрыманне каштуе больш, чым яны таго вартыя. Аднак мужчыны заўсёды мяркуюць, што яны ведаюць лепш за ўсіх. Ідзі ўніз па лесвіцы, ты, мяшэчак з касцьмі!

Сказаўшы гэта, жонка трунара адчыніла бакавыя дзверы і выпіхнула Олівера на стромкую лесвіцу, якая вяла ўніз, у цёмны і сыры каменны падвал, што месціўся перад вугальнай ямай і называўся кухняй. У ім сядзела брудна апранутая дзяўчына ў зношаных чаравіках і дзіравых сініх шарсцяных панчохах.

— Вось, Шарлот, — загадала місіс Саўэрберы, якая спусцілася ў падвал следам за Оліверам, — дай гэтаму хлапцу рэшту халоднага мяса, што пакінулі для Трыпа. Яго зранку няма, і ён можа абысціся. Я думаю, што хлопчык не занадта пераборлівы, ці не так?

Олівер, чые вочы заблішчалі пры слове «мяса», задрыжаў ад прагі праглынуць яго і адказаў станоўча. Перад ім паставілі талерку з недаедкамі.

Хацеў бы я пабачыць, як нейкі мажны філосаф, які ператраўляе ўнутры сябе мяса і пітво ў жоўць, чыя кроў ледзяная, чыё сэрца жалезнае, — каб ён паглядзеў, як Олівер Твіст накінуўся на недаедкі, якія не крануў бы і сабака. Я хацеў бы, каб ён быў сведкам таго, як прагна Олівер Твіст, якога мучыў неспатольны голад, раздзіраў мяса на кавалкі. Яшчэ больш мне хацелася б пабачыць, як гэты філосаф з такой самай насалодай есць тую самую страву.

— Ну што? Паеў? — спытала жонка трунара, калі Олівер праглынуў сваю вячэру; яна з нямым жахам сачыла за ім і з трывогай прадбачыла наступствы гэткага апетыту.

Олівер, які не бачыў паблізу нічога спажыўнага, адказаў сцвярджальна.

— Тады хадзем са мной, — сказала місіс Саўэрберы, узяла брудную сляпую лямпу і пайшла наперадзе па прыступках. — Твой ложак пад прылаўкам. Спадзяюся, ты не баішся спаць сярод дамавін? Але пры чым тут баішся-не баішся, — больш няма дзе. Хутчэй! Не заставацца ж мне тут на цэлую ноч!

Олівер больш не марудзіў і пакорліва пайшоў услед за сваёй новай гаспадыняй.

РАЗДЗЕЛ V

Олівер знаёміцца з таварышамі па прафесіі. Упершыню пабываўшы на пахаванні, ён атрымлівае адмоўныя ўражанні ад занятку свайго гаспадара

Пакінуты ў самоце ў краме трунара, Олівер паставіў лямпу на варштат і нясмела, з пачуццём піетэту і страху азірнуўся. Нават людзі, старэйшыя за Олівера, адчувалі б тут тое самае. Напалову гатовая дамавіна на чорных козлах, якая стаяла пасярод крамы, выглядала так журботна і ўсмярочана, што ў хлопчыка па спіне кожны раз, калі ён кідаў пагляд на гэты змрочны аб’ект, прабягалі халодныя мурашкі. Яму здавалася, што зараз ён убачыць, як нейкая жахлівая постаць памалу падыме з труны галаву — і ён звар’яцее ад страху. Уздоўж сцяны доўгім узорным шэрагам стаялі ясеневыя дошкі для дамавін: у ніцым святле яны здаваліся доўгімі прывідамі, што пазасоўвалі рукі ў кішэні. На падлозе былі раскіданыя таблічкі ад трунаў, стружкі, цвікі з яркімі плешкамі і шматкі чорнага матэрыялу. Сцяна ззаду прылаўка была ўпрыгожаная вельмі дынамічнай выявай двух плакальшчыкаў з вельмі туга накрухмаленымі гальштукамі; яны выконвалі свой абавязак ля дзвярэй прыватнага асабняка. На заднім плане карціны бачная была чацвёрка вараных коней, якія цягнулі катафалк. У краме было задушліва і горача. Здавалася, паветра прасякнутае пахам дамавін. Закутак пад прылаўкам, куды Оліверу кінулі матрац, нагадваў магілу.