— Не, не, не! — азваўся баязлівец, агаломшаны такім спалучэннем абвінавачанняў.
— Мне вядомае кожнае слова! — усклікнуў стары джэнтльмен. — Кожнае слова, якім вы абмяняліся з гэтым мярзотным ліхадзеем! Цені на сцяне падслухалі вашыя шэпты і перадалі іх у мае вушы; адзін толькі выгляд гнанага дзіцяці скіраваў да дабра істоту, якая ўвасабляла распусту, і даў ёй мужнасці, даў ёй ледзь што не атрыбуты дабрачыннасці. Было ўчыненае забойства, да якога вы маеце маральнае, калі не непасрэдна практычнае дачыненне.
— Не, не, — уставіў Манкс. — Я — я нічога пра гэта не ведаю. Калі вы мяне перахапілі, я якраз збіраўся праверыць, ці гэтая гісторыя сапраўды здарылася. Я не ведаў прычыны. Я думаў, што гэта была звычайная сварка.
— Прычынай было частковае раскрыццё вашай таямніцы, — адказаў містэр Браўнлоў. — Вы раскажаце ўсё да канца?
— Так, раскажу.
— Падпішаце пераказ праўды і фактаў і паўторыце гэта пры сведках?
— Абяцаю зрабіць і гэта.
— Застаняцеся тут, пакуль такі дакумент не будзе складзены, і потым пойдзеце са мной туды, куды я палічу найбольш прыдатным, каб заверыць яго?
— Калі вы настойваеце на гэтым, то я зраблю так, — адказаў Манкс.
— Вы мусіце зрабіць больш, чым гэта, — працягваў містэр Браўнлоў. — Вярнуць спадчыну невінаватаму і бяскрыўднаму дзіцяці, бо яно такое, хоць і ёсць плодам злачыннага, найнешчаслівейшага кахання. Вы не забыліся, як было запісана ў тастаменце. Выканайце волю бацькі адносна вашага брата, тады вы можаце ісці куды заўгодна. На гэтым свеце вам з ім няма патрэбы сустракацца.
У той час як Манкс хадзіў узад і ўперад, са злосным і змрочным выглядам абдумваючы гэтую прапанову і магчымасці адкруціцца ад яе выканання, і боязь турзала яго ў адзін бок, а нянавісць у другі, дзверы раптам расчыніліся, і ў пакой увайшоў джэнтльмен (містэр Лосбэрн), у найвялікшай меры ўсхваляваны.
— Злачынцу схопяць, — выкрыкнуў ён. — Яго схопяць сёння ўвечары!
— Забойцу? — спытаў містэр Браўнлоў.
— Так, так, — адазаў доктар. — Бачылі, як ягоны сабака бадзяўся вакол аднаго прытона, і мала сумневу, што яго гаспадар або ўжо там, або будзе там пад покрывам цемры. Віжы разышліся ва ўсіх кірунках. Я гаварыў з людзьмі, якія маюць даручэнне злавіць яго, і яны сказалі, што ён не можа ўцячы. Сёння ўвечары ад імя ўрада аб’яўлена аб узнагародзе ў сто фунтаў таму, хто яго зловіць.
— Я дам яшчэ пяцьдзесят фунтаў, — азваўся містэр Браўнлоў, — і аб’яўлю гэта сам на месцы, як толькі траплю туды. Дзе містэр Мэйлі?
— Гары? Як толькі ён убачыў гэтага вашага сябра, цэлага і здаровага ў карэце з вамі, ён паспяшаўся туды, дзе пачуў гэтую навіну. Потым паскакаў верхам кудысьці на ўскраіну горада ў абумоўленае месца, каб там далучыцца да групы захопу.
— Габрэй, — сказаў містэр Браўнлоў, — што пра яго чуваць?
— Апошняе, што я чуў, дык тое, што яго яшчэ не схапілі, але
неўзабаве схопяць, а магчыма, ужо і схапілі. Наконт яго ў іх сумневу няма.
— Вы ўжо вырашылі? — ціхім голасам запытаўся містэр Браўнлоў у Манкса.
— Так, — адказаў той. — Вы — вы не выдадзіце мяне?
— Не. Заставайцеся тут, пакуль я не вярнуся. Гэта адзіная ваша гарантыя бяспекі.
Яны выйшлі з пакоя, і дзверы зноў былі замкнутыя.
— Чаго вы дабіліся? — спытаў шэптам доктар.
— Усяго, чаго я спадзяваўся дабіцца, і нават больш. Паяднаўшы інфармацыю беднай дзяўчыны з маімі папярэднімі звесткамі і з вынікамі расследаванняў нашага добрага сябра на месцы, я не пакінуў яму ні найменшага пралазу і раскрыў як мае быць усё яго ліхадзейства, якое ў гэтым святле стала відавочным. Напішыце і прызначце сустрэчу на паслязаўтра, а сёмай гадзіне вечара. Мы прыедзем туды на некалькі гадзін раней і будзем мець патрэбу ў адпачынку, у асаблівасці маладая лэдзі, якой, можа быць, спатрэбіцца большая прысутнасць духу, чым вы ці я можам цяпер прадбачыць. Але мая кроў кіпіць ад жадання адпомсціць за гэтае беднае замардаванае стварэнне. Якой дарогай яны паехалі?
— Кіруйце наўпрост у паліцэйскі офіс, і прыедзеце якраз учас, — адгукнуўся містэр Лосбэрн. — Я застануся тут.
Джэнтльмены паспешліва разышліся, абодва не ў стане кантраляваць сваё ўзрушэнне.
РАЗДЗЕЛ L
Пераследаванне і ўцёкі
Непадалёку ад той часткі Тэмзы, на якой месціцца царква ў Ротэрхіт, дзе будынкі на берагах найбольш брудныя і караблі на рацэ найбольш чорныя ад пылу з вугальных баржаў і дыму з цесна пастаўленых дамоў з нізкімі дахамі, знаходзіцца найбольш брудны, дзіўны і своеасаблівы з усіх раёнаў Лондана, нават назва якога невядомая вялікай колькасці жыхароў сталіцы.