Так яны сядзелі нейкі час, як раптам пачуўся паспешлівы стук у дзверы ўнізе.
— Малады Бэйц, — сказаў Кэгз, злосна азіраючыся, каб адужаць страх, які апанаваў яго.
Стук прагучаў яшчэ раз. Не, гэта быў не ён. Ён ніколі так не стукаў.
Крэкіт падышоў да акна і, задрыжаўшы ад галавы да пят, прыняў галаву назад у пакой. Не было патрэбы гаварыць, хто гэта быў, дастаткова было зірнуць на яго белы твар. І сабака таксама ўскочыў на ногі і, скуголячы, памкнуўся да дзвярэй.
— Мы павінны ўпусціць яго, — сказаў Крэкіт, беручы свечку.
— Няўжо нельга прыдумаць нічога іншага? — спытаў асіплым голасам другі мужчына.
— Не. Мы мусім упусціць яго.
— Не пакідай нас у цемры, — азваўся Кэгз, узяў свечку з каміна і запаліў яе; яго рукі так дрыжалі, што пакуль ён рабіў гэта, стук двойчы паўтарыўся.
Крэкіт пайшоў уніз да дзвярэй і вярнуўся ў суправаджэнні чалавека, ніжняя частка твару якога была захутаная ў хустку, а галава пад капелюшом была абвязаная другой хусткай. Ён памалу расхінуўся. Бледны твар, запалыя вочы і шчокі, трохдзённае шчацінне, адрузлая скура, кароткае хрыпатае дыханне — гэта быў толькі цень Сайкса.
Ён паклаў руку на крэсла, якое стаяла пасярэдзіне пакоя, але калі збіраўся апусціцца на яго, то скалануўся і, азірнуўшыся цераз плячо, падсунуў яго блізка да сцяны, падсунуў так блізка, як можна было, і сеў.
Ніхто не прамовіў ні слова. Ён моўчкі пераводзіў позірк ад аднаго да другога. Калі хто-небудзь употай падымаў вочы і сустракаў яго позірк, то адразу адводзіў вочы ўбок. Калі яго хрыпаты голас парушыў цішыню, усе ўтрох уздрыгануліся. Было такое ўражанне, што яны гэты голас ніколі раней не чулі.
— Як трапіў сюды сабака? — спытаў ён.
— Прыбег адзін. Тры гадзіны таму.
— У вячэрняй газеце пішуць, што Фэджына ўзялі. Гэта праўда ці брахня?
— Праўда.
Яны зноў памаўчалі.
— Каб вас чорт пабраў усіх, — прамовіў Сайкс, кратаючы рукой лоб, — вам што, няма чаго сказаць мне, ці што?
Сярод іх прабег нялёгкі рух, але ніхто нічога не сказаў.
— Вось ты, гаспадар гэтага дома, — сказаў Сайкс, павярнуўшы твар да Крэкіта, — ты збіраешся прадаць мяне ці дасі мне магчымасць дачакацца тут, пакуль паляванне не скончыцца?
— Калі ты думаеш, што тут бяспечна, то можаш заставацца, — пасля некаторага роздуму адказаў той, да каго звярталіся.
Сайкс падняў галаву і ледзь прыкметна скасіў вочы на сцяну за сабой, а потым працягваў: «Ну, а... а цела... яе пахавалі?»
Яны пакруцілі галовамі.
— Чаму не? — усклікнуў ён, кінуўшы яшчэ адзін касы позірк на сцяну ззаду. — Навошта яны трымаюць такія гідкія рэчы непахаванымі?.. Хто гэта стукае?
Выходзячы з пакоя, Крэкіт жэстам рукі паказаў, што прычыны турбавацца няма, і неўзабаве вярнуўся. Следам за ім увайшоў Чарлі Бэйц. Сайкс сядзеў насупраць дзвярэй, так што як толькі дзяцюк увайшоў у пакой, ён адразу ўбачыў забойцу.
— Тобі, — прамовіў, адхіснуўшыся, хлапец, калі Сайкс перавёў на яго свой позірк, — чаму ты не сказаў мне пра гэта там, унізе?
У адчужанасці і спалоху гэтых траіх было нешта настолькі страшнае, што злашчасны чалавек гатовы быў ліслівіць нават перад гэтым юнаком. Адпаведна, ён кіўнуў галавой і, відавочна, падрыхтаваўся парукацца з ім.
— Дайце мне прайсці ў іншы пакой, — сказаў дзяцюк, адступаючы яшчэ далей.
— Чаму, Чарлі? — прамовіў Сайкс, робячы крок наперад. — Ты што... не пазнаеш мяне?
— Не падыходзь да мяне, — адказаў хлопчык, падаючыся назад і гледзячы на твар забойцы з жахам у вачах. — Пачвара!
Сайкс спыніўся на паўдарозе, і яны паглядзелі адзін на аднаго; позірк забойцы паступова апусціўся долу.
— Будзьце сведкамі вы ўтрох, — закрычаў хлапец, трасучы ў паветры сціснутымі кулакамі і ўзрушваючыся ўсё больш і больш па меры таго, як гаварыў. — Будзьце сведкамі вы ўтрох — я не баюся яго — калі яны прыйдуць сюды па яго, я яго здам, здам. Кажу вам адразу. Ён можа забіць мяне за гэта, калі хоча або калі наважыцца, але калі я буду тут, я яго здам. Я здам яго, няхай яго нават будуць варыць жыўцом. Забіваюць! На дапамогу! Калі сярод вас трох хоць адзін мае мужнасць, вы мне дапаможаце. Забіваюць! На дапамогу! Трымай яго!
Выкрыкваючы гэтыя словы і суправаджаючы іх энергічнай жэстыкуляцыяй, хлопец насамрэч з голымі рукамі кінуўся на моцнага мужчыну, і дзякуючы націску гэтай энергіі, а таксама раптоўнасці яго нападу забойца цяжка паваліўся на падлогу.