Выбрать главу

Тры гледачы былі зусім агаломшаныя. Яны не ўмяшаліся, і дзяцюк з мужчынам удвух качаліся па падлозе, першы з іх, не зважаючы на град удараў, якія сыпаліся на яго, усё больш цесна сцягваў адзенне вакол грудзей забойцы і не спыняўся з усіх сіл клікаць на дапамогу.

Аднак сілы былі занадта няроўныя, каб гэта магло працягвацца доўга. Сайкс падмяў яго пад сябе і наступіў каленам на горла. Крэкіт адцягнуў яго ўбок і з трывогай паказаў на акно. Унізе былі бачныя агеньчыкі, чуліся гучныя і сур’ёзныя галасы, паспешлівы ўпэўнены шоргат ног — здавалася, іх было вялікае мноства — па бліжэйшым драўляным мастку. Відавочна, сярод натоўпу быў і адзін вершнік, бо чуцен быў стук капытаў па няроўным бруку. Святло агеньчыкаў стала больш моцным, крокі больш гучнымі. Потым пачуўся моцны стук у дзверы і такі магутны хор мноства раз’ятраных людзей, што нават самы смелы чалавек скалануўся б.

— На дапамогу! — прарэзліва крыкнуў хлапец. — Ён тут! Выломвайце дзверы!

— Іменем караля! — пачуліся галасы з вуліцы, і хрыплы пошум хваляй падняўся зноў, яшчэ вышэй.

— Выломвайце дзверы! — крычаў хлапчына. — Яны ніколі не адчыняць. Бяжыце наўпрост у пакой, дзе гарыць святло. Ламайце дзверы!

Калі ён перастаў крычаць, на дзверы і аканіцы ніжніх вокнаў абрынуўся град цяжкіх удараў, і з натоўпу грымнула магутнае «У-РА!», у першы раз даючы слухачу магчымасць адэкватна ацаніць яго памеры.

— Адчыніце які пакой, дзе я мог бы замкнуць гэтае крыклівае чарцяня! — нервова выгукнуў Сайкс, бегаючы туды-сюды і цягаючы за сабой хлопца з такой лёгкасцю, быццам гэта быў пусты мяшок. — Вось гэтыя дзверы! Хутка! — ён закінуў хлопца ў каморку, зачыніў дзверы і павярнуў ключ. — Дзверы ўнізе моцныя?

— Зачыненыя на два абароты і на ланцуг, — адказаў Крэкіт, які, гэтаксама як і два іншыя яго таварышы, заставаўся бязрадным і крыху не ў сабе.

— Каркасы моцныя?

— Падбітыя жалезнымі палосамі.

— І аканіцы таксама?

— Так, і аканіцы.

— Ух вы, кодла праклятая! — злосна выкрыкнуў нягоднік, адчыніўшы акно і пагражаючы людзям унізе. — Давайце-давайце! Я вам яшчэ пакажу!

З усіх жахлівых крыкаў, якія калі-небудзь чула вуха смяротнага, ніводны не мог пераўзысці равення гэтага раз’ятранага натоўпу. Некаторыя крычалі тым, якія былі бліжэй, што трэба падпаліць дом, іншыя гучна раілі паліцыянтам застрэліць таго наверсе. Сярод іх усіх ніхто, здаецца, не выказваў такога гневу, як вершнік на кані, які, саскочыўшы з сядла, рассякаў натоўп, як быццам ваду, і крычаў пад акном голасам, які перакрываў роў натоўпу: «Дваццаць гіней таму, хто прынясе лесвіцу!»

Тыя, хто стаяў паблізу, падхапілі гэты крык, і сотні рэхам паўтарылі яго. Адны крычалі, што трэба прынесці лесвіцы, другія, што патрэбныя кувалды, іншыя сноўдалі туды-сюды з паходнямі, як быццам у пошуках таго і другога, вярталіся і зноў крычалі; некаторыя гарлавалі, выкрыкваючы дзікія праклёны, іншыя з імпэтам вар’ятаў праштурхоўваліся наперад і заміналі тым, хто працаваў; самыя смелыя спрабавалі залезці наверх па вадасцёкавых трубах і выступах ды паглыбленнях у муры. І ўсе разам хваляваліся ў цемры ўнізе, бы каласы пад злосным ветрам, час ад часу зліваючы асобныя выкрыкі ў адзін магутны страшны роў.

— Прыліў! — выгукнуў забойца, адхіснуўшыся назад у пакой і закрыўшы акно. — Калі я падымаўся сюды, быў прыліў. Дайце мне вяроўку, доўгую вяроўку. Яны ўсе спераду. Я паспрабую саскочыць у Фолі Дыч і зліняць такім чынам. Вяроўку, або я зраблю яшчэ тры забойствы, а потым кончу сябе.

Апанаваныя жахам мужчыны паказалі, дзе ляжыць вяроўка. Забойца, паспешліва выбраў самую доўгую і тоўстую і паспяшаўся на паддашак.

Усе вокны ў тыльнай частцы дома былі даўно закладзеныя цэглай, за выключэннем адзінай адтуліны-шпіёна ў каморцы, дзе быў замкнёны хлопец, і гэтая адтуліна была замалая нават для яго. Але ён не пераставаў крычаць з гэтай адтуліны тым, унізе, каб яны пільнавалі тыльны бок дома, і таму, калі забойца нарэшце выбраўся на дах, гучны вокліч абвясціў факт яго з’яўлення людзям перад домам, і яны адразу сталі перацякаць на другі бок будынка, — адзін падціскаючы другога, маналітная плынь.

Сайкс надзейна падпёр дзверы дошкай, якую спецыяльна ўзяў з сабой для гэтай мэты. Цяпер адчыніць іх з таго боку было б надзвычай цяжка. Ён прапоўз крыху па чарапіцах і выглянуў за нізкі парапет.

Наступіў адліў, і на месцы вадзяной роўнядзі была глейкая яміна.

У гэтыя некалькі імгненняў натоўп прыціх, назіраючы за яго перамяшчэннямі і прыкідваючы, што ён хоча ўчыніць, але як толькі намер быў разгаданы і прыйшло разуменне, што выканаць яго немагчыма, натоўп падняў такі гвалт трыумфу, што ранейшыя выкрыкі былі шэптам у параўнанні з ім. Роў натоўпу ішоў хвалямі. Тыя, што былі занадта далёка, каб ведаць, што ён значыць, падхоплівалі пошум, так што ён вяртаўся магутным рэхам; рэха нават дваілася. Здавалася, што жыхары ўсяго горада высыпалі на вуліцу, каб праклясці яго.