З боку фасада падыходзіла ўсё больш людзей — адзін за другім, магутная плынь раз’юшаных твараў, там-сям асветленыхпалаючай паходняй, і тады найлепш была бачная іхняя раз’ятранасць. Натоўп запоўніў дамы на супрацьлеглым баку канала. Былі адчыненыя або вырваныя «з мясам» аконныя рамы, з кожнага акна выглядвалі гронкі твараў, дзясяткі людзей стаялі на дахах. Кожны маленькі масток (а іх бачна было адсюль тры) прагінаўся пад вагой масы людзей. А людская плынь працягвала напіраць, спрабуючы знайсці якое-небудзь месца альбо пройму, адкуль можна было выкрыкваць праклёны ці хоць на імгненне ўбачыць забойцу.
— Цяпер яго схопяць, — крычаў мужчына на бліжнім мастку. — Ура!
У натоўпе пачалі падкідваць капелюшы, і зноў падняўся роў.
— Абяцаю пяцьдзясят фунтаў, — выкрыкнуў нейкі стары джэнтльмен з таго самага мастка, — пяцьдзясят фунтаў таму, хто возьме яго жывым. Буду тут, пакуль чалавек не прыйдзе па грошы!
Зноў паднялася хваля выкрыкаў. У гэты момант па натоўпе пайшла чутка, што нарэшце выламалі дзверы і што той, хто першы патрабаваў лесвіцу, ужо ў пакоях. Плынь раптоўна памяняла кірунак руху, і людзі ў вокнах, убачыўшы, што натоўп з масткоў рушыў назад, пакінулі свае назіральныя пункты, выбеглі на вуліцы і папоўнілі натоўп, які хаатычна памкнуўся да ранейшага месца ля дома. Людзі напіралі і штурхаліся ў нястрымным жаданні патрапіць да дзвярэй, каб убачыць, як паліцыянты выведуць злачынцу. Пачуліся жахлівыя крыкі і стогны тых, каго сціснулі так, што ні ўдыхнуць, ні выдыхнуць, лямант людзей, якіх збілі на брук і цяпер мясілі нагамі. Цесныя завулкі былі цалкам заблакаваныя людзьмі. У гэты момант, калі адны спрабавалі забяспечыць сабе месца перад дзвярыма, а другія дарэмна трацілі сілы, каб выбрацца з натоўпу, забойца перастаў быць аб’ектам непасрэднай увагі, хоць агульнае жаданне бачыць, як яго схопяць, узрасло.
Перапалоханы раз’ятранасцю натоўпу і немагчымасцю ўцёкаў, забойца быў упаў духам, але цяпер ён адсачыў змену, якая адбылася, і з хуткасцю, не саступаўшай тэмпам змены, падняўся ва ўвесь рост і наважыўся зрабіць апошнюю спробу ў барацьбе за жыццё — скочыць у балацянку ўнізе, каб знікнуць у цемры ды мітусні, калі не загрузне.
Перамены ў паводзінах натоўпу і шум унутры дома, які сведчыў пра тое, што ўваходныя дзверы нарэшце зламалі, надалі яму новых сіл і энергіі. Ён упёрся нагой у комін, адзін канец вяроўкі надзейна замацаваў, абвязаўшы комін, а на другім умомант пры дапамозе рук і зубоў засмаргнуў рухомую пятлю.
Ён мог спусціцца па гэтай вяроўцы ўніз на адлегласць да зямлі, не большую за ягоны рост, і меў у руцэ напагатове нож, каб перарэзаць вяроўку і саскочыць.
У той самы момант, калі ён прасунуў галаву ў зашмаргу, рыхтуючыся апусціць пятлю і падвесці яе пад рукі; у той момант, калі раней памянёны стары джэнтльмен (які абшчаперыў парэнчы мастка, каб не быць выціснутым натоўпам) настойліва папярэджваў людзей навокал, што злачынца збіраецца спусціцца ўніз — у гэты момант забойца азірнуўся на дах, ускінуў рукі над галавой і жудасна крыкнуў: «Зноў яе вочы!»
Ён пахіснуўся, бы ў яго трапіла маланка, страціў раўнавагу і пераваліўся цераз парапет. Пятля была ў яго на шыі. Ад цяжару ягонага цела яна нацягнулася, як цеціва лука, і гэтак хутка, як страла, з яго выпушчаная, ён падаў трыццаць тры футы. Потым яго цела рэзка тузанулася, члены скруціў жудасны курч, і ён павіс, заціснуўшы нож у пруцянеючай руцэ.
Стары комін затросся ад штуршка, але выстаяў. Забойца мёртвым грузам боўтаўся ля сцяны. Хлопец, адштурхоўваючы цела, якое закрывала яму бачнасць з акенца, іменем Госпада Бога прасіў, каб людзі прыйшлі і забралі яго.
Сабака, які да гэтага часу недзе хаваўся, бегаў нейкі час па парапеце туды і назад, журботна выючы, раптам паспрабаваў скочыць мерцвяку на плечы. Ён прамахнуўся, пачаў куляцца ў паветры, пакуль не ўпаў у роў, дзе так выцяўся галавой аб камень на дне, што яму выскачылі мазгі.
РАЗДЗЕЛ LІ,
які тлумачыць больш за адно таямнічае здарэнне і ўключае шлюбную прапанову без агаворвання жончынай часткі маёмасці або «грошай на шпількі»
Не прайшло і двух дзён пасля таго, як адбыліся падзеі, апісаныя ў папярэднім раздзеле, а Олівер Твіст а трэцяй гадзіне папалудні ўжо сядзеў у карэце, якая шпарка рухалася ў кірунку яго роднага горада. З ім былі місіс Мэйлі, і Роз, і місіс Бэдуін, і добры доктар, а містэр Браўнлоў ехаў следам у паштовай карэце ў суправаджэнні яшчэ адной асобы, чыё імя не згадвалася.