Выбрать главу

Па дарозе яны гаварылі мала, бо з-за хвалявання і няпэўнасці Олівер не мог сабрацца з думкамі, яму амаль заняло мову, і выглядала на тое, што ягоныя спадарожнікі падзялялі яго ўзрушанасць. Містэр Браўнлоў вельмі далікатна пазнаёміў яго і абедзвюх лэдзі з паказаннямі, выціснутымі з Манкса, і хоць яны ведалі, што мэтай іхняга падарожжа з’яўляецца завяршэнне так паспяхова пачатай справы, аднак пакуль што ўсё, што адбывалася, было ахінута такой таямнічасцю, што яны вельмі непакоіліся.

Той самы добры сябра з дапамогай містэра Лосбэрна прадбачліва паклапаціўся перакрыць для іх усе каналы інфармацыі, па якіх маглі прасачыцца звесткі пра нядаўнія жахлівыя падзеі. «Зразумела, — сказаў ён, — што яны павінны ведаць пра гэта, але будзе лепш, калі яны даведаюцца пра гэта не цяпер; прынамсі, горш не будзе». Так што яны ехалі моўчкі, і кожны быў паглыблены ў рэфлексіі пра тое, што звяло іх разам, і ніхто не збіраўся выказаць услых думкі, якія перапаўнялі ўсіх.

Але калі Олівер пад уплывам такіх абставінаў захоўваў маўчанне, пакуль яны ехалі дарогай, якую ён ніколі не бачыў, то якая плынь успамінаў памчала яго ў часы мінулыя, якая хваля пачуццяў усхадзілася ў грудзях пасля таго, як яны павярнулі на знаёмую яму дарогу, якую ён у свой час мераў пешкі, бедны, бяздомны малы валацужнік, што не меў ані сябра, каб той дапамог яму, ані даху, каб было дзе прытуліць галаву.

— Паглядзіце сюды, сюды! — усклікнуў Олівер, усхвалявана схапіўшы Роз за руку і паказваючы на акно. — Вунь той пералаз, дзе я перайшоў на той бок, вунь кусты агароджы, за якія я запоўз і схаваўся, бо баяўся, што мяне дагоняць і прымусяць вярнуцца! А там сцежка цераз палі, якая вядзе да старога дома, дзе я быў малым дзіцём! О Дзік, Дзік, мой дарагі стары сябра, каб толькі я мог цябе бачыць!

— Хутка ты яго пабачыш, — адказала Роз, лагодна сціскаючы яго далоні. — Ты скажаш яму, які ты шчаслівы, якім багатым ты стаў і што пры ўсім тваім шчасці для цябе няма шчасця большага, чым вярнуцца, каб зрабіць шчаслівым і яго.

— Так, так, — сказаў Олівер, — і мы — і мы забяром яго адсюль, адзенем, навучым яго і пашлём у якое-небудзь ціхае месца ў вёсцы, дзе ён зможа стаць моцным і здаровым, ці не так?

Роз кіўнула галавой у знак пацверджання, бо хлопчык так кранальна ўсміхаўся праз слёзы шчасця, што яна не магла гаварыць.

— Вы будзеце ставіцца да яго вельмі добра, як вы ставіцеся да ўсіх, — працягваў Олівер. — Я ведаю, што вы будзеце плакаць, слухаючы ягоны аповед, але нічога, усё пройдзе, і вы зноў пачняце ўсміхацца — я гэта таксама ведаю, — калі пабачыце, як ён зменіцца. Тое ж самае было са мной. Ён сказаў мне, калі я ўцякаў: «Блаславі цябе Бог», — усклікнуў хлопчык з замілаваннем, — так што цяпер я яму скажу: «Блаславі цябе Бог», — і дакажу яму, як я яго люблю.

Калі яны наблізіліся да мястэчка, паехалі нарэшце па ягоных вузкіх вулках, то ўтрымліваць хлопчыка ў межах разважлівых паводзінаў стала цяжка. Тут была кантора Саўэрберы, адзін да аднаго такая самая, як і была раней, толькі не такая вялікая ў параўнанні з тым, што ён запомніў; тут былі ўсе добра вядомыя яму крамы і дамы, ледзь не з кожным з якіх у яго быў звязаны ўспамін пра нейкае здарэнне: тут быў воз Гэмфілда — той самы, што і раней, і стаяў ён ля дзвярэй старога паба; тут была працоўня, змрочная вязніца яго дзяцінства, якая паныла ўзіралася панурымі вокнамі на вуліцу; тут быў той самы кашчавы швейцар, які стаяў ля брамы; Олівер спачатку адхіснуўся, калі ўбачыў яго, а потым сам засмяяўся з уласнай дурноты, потым заплакаў, потым зноў засмяяўся. У дзвярах і ў вокнах ён бачыў дзясяткі знаёмых яму людзей; амаль усё выглядала так, як быццам ён з’ехаў адсюль толькі ўчора, а жыццё, якое ён вёў апошнім часам, было адно салодкім сном.

Але гэта была чыстая, сапраўдная, радасная рэчаіснасць. Яны пад’ехалі адразу да дзвярэй самага вялікага гатэля (на які Олівер колісь глядзеў з глыбокай пашанай, як на прыўкрасны палац, але гатэль з таго часу крыху страціў у раскошы і памерах). Тут іх ужо чакаў містэр Грымуіг; ён пацалаваў маладую лэдзі, гэтаксама як і старую, калі яны выйшлі з карэты, як быццам ён даводзіўся дзядулем усёй кампаніі — увесь сама добразычлівасць і ветлівасць, гэтым разам без аніякага жадання з’есці ўласную галаву, не, ні разочку, нават тады, калі ўступіў у спрэчку са старым фурманам наконт найкарацейшай дарогі ў Лондан і пачаў сцвярджаць, што ён лепш ведае гэта, хоць ехаў гэтай дарогай толькі раз, ды і тое пры гэтым моцна спаў. Іх чакаў абед, спальні былі падрыхтаваныя, і ўсё ладзілася, бы пад уплывам чараўніцтва.