Выбрать главу

І ўсё ж, калі мітусня першай паўгадзіны пасля прыезду ўлеглася, зноў вярнулася тая маўчанка і напятасць, якія спадарожнічалі ім у паездцы. Не сеў абедаць за агульны стол, застаўся ў сваім пакоі містэр Браўнлоў. Два іншых джэнтльмены то прыходзілі, то паспешліва ішлі кудысьці з узрушанымі тварамі, а ў тыя кароткія прамежкі часу, калі яны прысутнічалі адначасова, гутарылі без сведкаў. Адзін раз паклікалі з дому місіс Мэйлі; пасля блізу гадзіннай адсутнасці яна вярнулася з вачыма, апухлымі ад слёз. Усё гэта спарадзіла ў Роз і Олівера, якія нічога не ведалі пра новыя таямніцы, нервовасць і пачуццё дыскамфорту. Яны не ведалі, што тут думаць, і сядзелі моўчкі або калі і абменьваліся парай слоў, то рабілі гэта шэптам, нібы баючыся пачуць гук уласнага голасу.

Нарэшце, калі гадзіннік адбіў дзявятую гадзіну, і яны ўжо думалі, што сённяшнім вечарам нічога новага не даведаюцца, у пакой увайшлі містэр Лосбэрн і містэр Грымуіг у суправаджэнні містэра Браўнлоў і чалавека, убачыўшы якога, Олівер мала не закрычаў ад здзіўлення: яго папярэдзілі, што прыйдзе ягоны брат, а прыйшоў той самы чалавек, якога ён сустрэў у кірмашовым мястэчку і якога бачыў з Фэджынам праз акно свайго маленькага пакойчыка. Манкс кінуў на здзіўленага да крайнасці хлопчыка пагляд, поўны нянавісці, якую ён не мог схаваць нават цяпер, і сеў каля дзвярэй. Містэр Браўнлоў, які трымаў у руках нейкія паперы, падышоў да стала, ля якога сядзелі Роз і Олівер.

— Гэта непрыемны абавязак, — сказаў ён, — але заявы, якія былі падпісаныя ў Лондане ў прысутнасці многіх джэнтльменаў, мусяць быць у асноўным паўтораныя тут. Я хацеў бы пазбавіць вас ад прыніжэння, але мы павінны пачуць іх з вашых уласных вуснаў, перш чым мы развітаемся, і вы ведаеце чаму.

— Працягвайце, — сказаў той, да каго ён звяртаўся, і адвярнуўся. — Я думаю, што зрабіў амаль усё, што трэба. Не затрымлівайце мяне больш.

— Гэты хлопчык, — сказаў містэр Браўнлоў, прыцягваючы Олівера да сябе і кладучы руку яму на галаву, — напалову ваш брат, пазашлюбнае дзіця вашага бацькі, а майго найлепшага сябра Эдвіна Ліфорда і беднай маладой Агнэс Флэмінг, якая памерла адразу пасля таго, як дала яму жыццё.

— Так, — сказаў Манкс, скоса злосна зіркнуўшы на трымцячага Олівера, у якога сэрца білася так гучна, што той мог гэта пачуць. — Гэта іхны байстручок.

— Тэрмін, які вы ўжываеце, — сувора сказаў містэр Браўнлоў, — ёсць абразай тым, хто даўно ўжо сышоў у іншы свет, дзе ўсялякія нашыя патугі асуджаць адно вартыя жалю. Таму вы сваім жаргонам можаце запэцкаць адно сябе, а не каго-небудзь іншага. Але пакінем. Ён нарадзіўся ў гэтым мястэчку?

— У працоўні гэтага мястэчка, — быў пануры адказ. — Там усё запісана.

Манкс нецярпліва паказаў на паперы.

— Вы павінны паўтарыць яшчэ раз, — сказаў містэр Браўнлоў, паглядзеўшы на слухачоў.

— Ну дык слухайце! — агрызнуўся Манкс. — Ягоны бацька захварэў у Рыме, да яго прыехала жонка, мая маці, з якой ён даўно ўжо не жыў разам; яна выехала з Парыжа і ўзяла з сабой мяне — глядзець за ягонай маёмасцю, ці што — я не ведаю.

Моцнага кахання да яго яна ніяк не мела, як і ён да яе. Нас ён не пазнаў, бо быў непрытомным і ляжаў так ноч і дзень, пакуль назаўтра не памёр. Сярод папер у ягоным стале былі дзве, якія былі датаваныя вечарам, калі яго хвароба праявілася ў першы раз, і адрасаваныя вам, — тут ён павярнуўся да містэра Браўнлоў. — На канверце, у якім ляжалі паперы, была прыпіска з просьбай пераслаць гэты пакет адрасату толькі пасля смерці аўтара. Адна папера прызначалася той дзяўчыне, Агнэс, а другая была тастаментам.

— Што было ў лісце? — спытаў містэр Браўнлоў.

— У лісце? Там шмат было закрэслена; болей там былі нейкія прыніжаныя прызнанні, малітвы да Бога, каб ён ёй дапамог. Ён абдурыў дзяўчыну пры дапамозе нейкай байкі, што быццам бы пажаніцца з ёй яму не давала нейкая загадкавая гісторыя, якая мела раскрыцца неўзабаве, і яна жыла надзеяй на лепшую будучыню, цалкам даверыўшыся яму, пакуль гэты давер не зайшоў занадта далёка і яна не страціла тое, што ніхто ёй вярнуць не мог. На той час ёй заставалася да родаў усяго некалькі месяцаў. Ён пісаў ёй пра тое, што ён планаваў зрабіць, каб схаваць яе ганьбу, калі ён будзе жывы, і заклінаў яе не праклінаць яго, калі ён памрэ, і не думаць пра тое, што наступствы яе граху адаб’юцца на ёй або на іхнім дзіцяці, бо вінаваты толькі ён. Ён нагадваў ёй пра той дзень, калі падараваў ёй маленькі медальён і пярсцёнак з іменем, выгравіраваным на ім, на якое яна была пахрышчаная, а таксама пакінуты прагал для таго імя, якое ён збіраўся ёй даць апасля; ён заклінаў яе берагчы медальён і насіць яго каля сэрца так, як яна рабіла гэта раней, а потым зноў і зноў бязладна паўтараў адныя і тыя самыя словы, быццам у яго розум парушыўся. Я думаю, што так яно і было.