— Тастамент, — сказаў містэр Браўнлоў.
Олівер заліваўся слязьмі.
Манкс маўчаў.
— Тастамент, — пачаў гаварыць містэр Браўнлоў замест яго, — быў вытрыманы ў тым самым духу, што і ліст. Ён пісаў пра нягоды, якія наклікала на яго жонка, пра яе агрэсіўнасць, злосны нораў, распуснасць, пра тое, што ўжо з ранняга ўзосту ў вас, ягонагаадзінага сына, праявіліся дрэнныя схільнасці, што вас прывучвалі ненавідзець яго, і пра тое, што ён пакінуў вам і вашай маці па восемсот фунтаў у год кожнаму. Усю сваю маёмасць ён падзяліў на дзве роўныя часткі. Адна прызначалася для Агнэс Флэмінг, а другая для яе дзіцяці, калі яму выпадала нарадзіцца жывым і вырасці. Калі б нарадзілася дзяўчынка, то яна мела б атрымаць спадчыну без ніякіх умоў, але калі гэта быў бы хлопчык, то ён атрымліваў спадчыну толькі пры той умове, што ён да свайго паўналецця не запляміць свайго імені ніякім ганебным, нізкім, подлым або заганным учынкам. Ён тлумачыў, што робіць гэта, каб падкрэсліць свой давер да маці, сваю пэўнасць у тым, што дзіця атрымае ў спадчыну яе ціхамірнае сэрца і высакародную душу. Калі ж яго спадзяванні не спраўдзіліся б, то тады спадчына мусіла б перайсці да вас, бо тады, — і толькі тады, калі абодва сыны былі б роўныя, — згаджаўся ён прызнаць першынства ў праве мець прэтэнзію на ягоныя грошы за вамі, тым, хто не прэтэндаваў на яго сэрца, але адштурхнуў яго яшчэ ў дзіцячым узросце сваёй халоднасцю і злосцю.
— Мая маці, — сказаў Манкс павышаным тонам, — зрабіла тое, што мела зрабіць на яе месцы любая жанчына — яна спаліла тастамент. Не дайшоў да месца прызначэння і ліст, але яго, як і іншыя доказы, яна захавала на выпадак, калі хто-небудзь паспрабуе аспрэчыць пляму няслаўя. Бацька дзяўчыны даведаўся ад яе праўду з усімі перабольшаннямі, да якіх яе схіліла — і я люблю яе цяпер за гэта — ейная нянавісць. З-за сораму і няслаўя ён з усімі дзецьмі ўцёк у самы глухі куток Уэльса, нават памяняў імя, каб сябры не змаглі яго знайсці, і там яго неўзабаве знайшлі ў сваім ложку мёртвым. Дзяўчына сышла з дому за некалькі тыдняў да гэтага; ён шукаў яе, абышоў пешшу ўсе вёскі і мястэчкі па суседству. Той самай ноччу, калі ён вярнуўся дадому, пэўны, што яна наклала на сябе рукі, каб схаваць сваю і ягоную ганьбу, яго старое сэрца разарвалася.
Наступіла каротая паўза, пасля якой містэр Браўнлоў працягнуў свой аповед.
— Прайшло шмат гадоў, — сказаў ён, — і маці гэтага чалавека, Эдуарда Ліфорда, прыйшла да мяне. Ён пакінуў яе, калі яму было толькі васямнаццаць гадоў, украўшы ў яе дыяменты і грошы, гуляў у карты, раскідваўся грашыма, махляваў, потым збег у Лондан, дзе два гады меў справу з самымі агіднымі адкідамі грамадства. Між тым яна захварэла на цяжкую, невылечную хваробу і захацела адшукаць яго перад смерцю. Пачалі расшукваць, дзе ён, паспрабавалі выйсці на яго наўпрост. Доўга пошукі не давалі выніку, але памалу тое-сёе пачало праяўляцца, пакуль яго нарэшце не знайшлі, і ён разам з маці вярнуўся ў Францыю.
— Там яна памерла пасля доўгай хваробы, — працягваў Манкс, — на сваім смяротным ложы завяшчала мне гэтыя таямніцы. А таксама неспатольную, смяротную нянавісць да ўсіх, хто таго быў варты, хоць ёй і не было патрэбы рабіць гэта, бо нянавісць я атрымаў у спадчыну шмат раней. Яна не верыла, што дзяўчына скончыла жыццё самагубствам, забіўшы і дзіця, — наадварот, яна мела трывалае падазрэнне, што дзіця належыць да мужчынскага полу і што яно жывое і здаровае. Я пакляўся ёй, калі толькі ён з’явіцца на маім жыццёвым шляху, звесці яго са свету, не даючы ні хвіліны спачыну, пераследаваць яго з неўтаймоўнай варожасцю, выліць на яго ўсю нянавісць, якую я меў, і прыцягнуць яго, калі атрымаецца, да самага падножжа шыбеніцы, пасмяяўшыся тым самым з абразлівага тастамента ягонага бацькі. Выйшла яе праўда. Ён усплыў-такі на маім шляху. Я пачаў добра, і каб не гэтыя балбатлівыя лахудры, то скончыў бы таксама, як і пачаў!
Калі зладзей сплёў цесна рукі на грудзях і пачаў у непрытомнай злосці мармытаць праклёны, містэр Браўнлоў павярнуўся да ўражаных слухачоў і растлумачыў, што габрэй, які быў ягоным старым супольнікам і даверанай асобай, атрымаў вялікае ўзнагароджанне за тое, што ўтрымліваў Олівера ў сваіх сецях; частку гэтага ўзнагароджання ён мусіў бы вярнуць, калі б таму ўдалося выратавацца; спрэчка наконт гэтага паслужыла прычынай візіту да загараднага дома з мэтай апазнаць яго.