Выразна падкрэсліўшы апошнія словы шляхам іх паўтарэння, містэр Бамбл глыбака насадзіў капялюш на галаву, засунуў рукі ў кішэні і пайшоў следам за сваёй палавінай уніз па лесвіцы.
— Маладая лэдзі, — звярнуўся да Роз містэр Браўнлоў, — дайце мне вашу руку. Не дрыжыце. Можаце, не баючыся, выслухаць тыя апошнія некалькі слоў, якія засталося сказаць.
— Калі яны... я не ведаю, як гэта магчыма, але калі яны... маюць нейкія адносіны да мяне, — сказала Роз, — о, малю вас, хай яны прагучаць калі-небудзь іншым разам. Сёння ў мяне няма сіл іх пачуць.
— Не, — сказаў стары джэнтльмен і ўзяў яе пад руку, — я пэўна ведаю, што ў вас хопіць сілы духу. Манкс, ці ведаеце вы гэтую маладую лэдзі?
— Так, — адказаў Манкс.
— Ніколі не бачыла яго раней, — ледзь чутна сказала Роз.
— А я вас часта бачыў, — азваўся Манкс.
— У бацькі няшчаснай Агнэс было дзве дачкі, — сказаў містэр Браўнлоў. — Як склаўся лёс другой... другога дзіцяці?
— Калі памёр бацька, — адказаў Манкс, — памёр у чужым месцы, пад чужым іменем, дзіця, не маючы ані пісьма, ані якога-небудзь пасведчання, ані цыдулкі, якая была б ключом, які дазволіў бы выйсці на сяброў або родзічаў, — дзіця было ўзятае ў сям’ю беднякамі-сялянамі. Яе выхавалі, як родную дачку.
— Працягвайце! — сказаў містэр Браўнлоў; ён даў знак місіс Мэйлі падысці бліжэй. — Працягвайце!
— Вы не змаглі б знайсці месца, куды з’ехалі гэтыя людзі, — сказаў Манкс, — але дзе бяссільныя сяброўскія повязі, там часта можа прабіць сабе дарогу нянавісць. Пасля года адмысловых пошукаў мая маці выйшла на яе — яна знайшла дзяўчынку.
— Яна забрала яе сабе?
— Не. Людзі, якія яе прынялі, былі бедныя. І ім нарэшце пачало надакучваць — прынамсі, мужу — іхняе неабгрунтаванае чалавекалюбства, так што мая маці пакінула яе ў іх, даўшы ім невялікую суму грошай, якой на доўга ім, пэўна ж, не хапіла, і паабяцала даць потым яшчэ; праўда, гэтага рабіць яна зусім не збіралася. Яна не зусім спадзявалася на тое, што незадаволенасць і беднасць зробяць дзяўчынку нешчаслівай. У дадатак яна распавяла пра няслаўе сястры дзяўчынкі, прычым з тымі зменамі, якія найбольш адпавядалі яе інтарэсам. Яна прасіла пільнаваць дзяўчынку, таму што ў яе кепская спадчыннасць, расказала, што яна пазашлюбная і рана ці позна пойдзе крывымі сцежкамі. Усё гэта пацвярджалася вядомымі ўжо абставінамі, так што тыя людзі паверылі. Дзяўчынка нейкі час існавала ў такой мізэрнасці, што гэта задаволіла нават нас, пакуль адна лэдзі, удава, якая жыла на той час у Чэстэры, не ўбачыла яе выпадкова і, пашкадаваўшы яе, не ўзяла да сябе. Мне здаецца, што супраць нас дзейнічалі нейкія чары, таму што нягледзячы на ўсе нашыя высілкі, яна заставалася там і была шчаслівай. Два ці тры гады таму я страціў яе з поля зроку і не бачыў больш, пакуль не сустрэў некалькі месяцаў таму назад.
— Вы бачыце яе цяпер?
— Так. Яна абапіраецца на вашу руку.
— Але яна па-ранейшаму мая пляменніца, — усклікнула місіс Мэйлі, абдымаючы дзяўчыну, якая, відавочна, губляла сілы, — яна па-ранейшаму маё мілае дзіця! Я цяпер не пайшла б на тое, каб страціць яе, нават дзеля ўсіх багаццяў свету. Мая мілая, родная душа. Харошая мая дзяўчынка!
— Адзіны мой сябра, — усклікнула Роз, прыціскаючыся да яе. — Найлепшы, самы добры мой сябра! Маё сэрца зараз не вытрымае. Я... я не магу... больш трываць...
— Ты вытрывала шмат і, нягледзячы на ўсё, заставалася заўсёды самай мілай, самай спагаднай дзяўчынай, якая прыносіла шчасце тым, хто быў побач, — прамовіла місіс Мэйлі, ласкава абдымаючы яе. — Даволі, даволі, мая дарагая! Успомні, хто чакае цябе, каб раскрыць табе свае пяшчотныя абдымкі! Паглядзі сюды. Паглядзі, мілая мая!
— Не цёця, ты мне не цёця! — усклікнуў Олівер, абвіваючы рукамі яе шыю. — Ніколі ўжо не назаву цябе цёцяй, бо ты сястра, мая мілая, родная сястра, якую маё сэрца таемным чынам навучылася любіць ужо даўно, з самага пачатку! Роз, дарагая, мілая Роз!
Няхай будуць свяшчэннымі гэтыя слёзы, гэтыя каструбаватыя фразы, якімі абменьваліся паміж сабой сіраты, моцна абняўшы адно аднаго. Бацька, маці і сястра былі набытыя і страчаныя ў адзін момант. У адным кубку змяшаліся і радасць, і гора, але горкіх слёз не было, бо нават сама жальба была настолькі змякчаная агульнымі прыемнымі ўспамінамі, што яна перастала прыносіць пакуты і ператварылася ва ўрачыстую радасць.
Яны доўга-доўга заставаліся сам-насам. Нарэшце ціхі стук у дзверы абвясціў пра тое, што ля дзвярэй стаіць яшчэ нехта. Олівер адчыніў дзверы, адступіў убок і даў прайсці Гары Мэйлі.