— Пра ўсё ведаю, — сказаў ён, сядаючы побач з прыўкраснай дзяўчынай. — Мілая Роз, я ведаю пра ўсё.
— Я тут не выпадкова, — дадаў ён пасля даволі працяглай паўзы. — Пра ўсё гэта я даведаўся не сёння, а ўчора, толькі ўчора. Ці здагадваецеся вы, што я прыйшоў нагадаць вам пра адно абяцанне?
— Пачакайце, — сказала Роз. — Дык вы ўсё ведаеце?
— Усё. Вы дазволілі мне вярнуцца да прадмета нашай колішняй размовы ў любы час цягам года.
— Так.
— Не прымушаць вас памяняць сваё рашэнне, — працягваў малады чалавек, — а выслухаць яго яшчэ раз, калі на тое будзе ваша воля. Я павінен быў пакласці да вашых ног тое становішча ў грамадстве або багацце, якім валодаю, і калі б вы не адступілі ад свайго першапачатковага рашэння, я ўзяў на сябе абавязак не спрабаваць змяніць вашае рашэнне ні словам, ні справай.
— На мяне цяпер будуць уплываць тыя самыя прычыны, што і тады, — цвёрда сказала Роз. — Калі я маю пачуццё абавязку перад той, чыё добрае сэрца ўратавала мяне ад галечы і пакутаў, то хіба можа яно калі-небудзь быць больш моцным, чым сёння? Гэта барацьба, — працягвала Роз, — але я буду весці яе з гонарам. Гэта боль, але яго перанясе маё сэрца.
— Тое, што адкрылася сёння ўвечары... — пачаў быў Гары.
— Тое, што адкрылася сёння ўвечары, — мякка прамовіла Роз, — не мяняе майго становішча, майго стаўлення да вас. Яно застаецца ранейшым.
— Вы крыўдзіце сваё сэрца, настройваеце яго супраць мяне, — сказаў закаханы малады чалавек.
— О Гары, Гары, я так хацела б гэта зрабіць, каб не пакутаваць болей, — сказала маладая лэдзі і заплакала.
— Дык навошта выракаць сябе на пакуты? — сказаў Гары і ўзяў яе за руку. — Мілая Роз, вы падумайце, вы толькі падумайце, што вы пачулі сёння ўвечары.
— А што я пачула? Што пачула? — выгукнула Роз. — Што мой бацька так блізка прыняў да сэрца гэтую ганьбу, што ён уцёк ад усіх... Даволі, Гары, мы даволі ўжо гаварылі.
— Не, не даволі, — адказаў малады чалавек, утрымліваючы яе, калі яна ўстала. — Мае спадзяванні, памкненні, мае пачуцці, кожная мая думка — усё змянілася, акрамя майго кахання. Я не прапаную вам цяпер цвёрдага становішча ў мітуслівым свеце, не прапаную мець нешта супольнае са светам, дзе пануюць крыўда і прыніжэнні, дзе сумленны чалавек мусіць чырванець не з-за існага няслаўя і ганьбы... Але вось дом — так, наймілейшая мая Роз, — дом і сваё сэрца — гэта і толькі гэта я магу вам прапанаваць.
— Што вы хочаце сказаць?.. — няпэўна спытала яна.
— Тым самым я хацеў сказаць, што... калі я развітаўся з вамі ў мінулы раз, я пайшоў ад вас з цвёрдай рашучасцю зраўняць з зямлёю ўсе ўяўныя перашкоды паміж мною і вамі, я вырашыў, што калі мой свет не можа быць вашым, то мне трэба зрабіць ваш свет сваім. Я вырашыў, што ні адзін з тых фанабэрыстых людзей, хто крывіў бы вусны, маючы на ўвазе паходжанне, не пабачыць вас, бо я ад іх адвярнуся. Я гэта зрабіў. Тыя, хто з-за гэтага адхіснуліся ад мяне, адхіснуліся і ад вас і даказалі, што вы тут гаварылі правільна. Тыя апекуны, тыя маючыя ўладу, тыя ўплывовыя родзічы са становішчам у свеце адвярнуліся ад мяне, і наколькі яны ўсміхаліся мне раней, настолькі холадна глядзяць цяпер. Але ёсць у самым заможным графстве Англіі вясёлыя палі і трымцячыя пад ветрам гаі, а ля адной вясковай царквы — маёй, Роз, царквы! — стаіць вясковы дом — прытулак, якім я, калі вы гэта дазволіце, буду ганарыцца ў тысячу разоў болей, чым усімі надзеямі, ад якіх я адрокся. Вось такое маё становішча і такое маё багацце, і іх я кладу да вашых ног.
— Ну і катаванне гэта — чакаць каханкаў на вячэру, — сказаў, прачнуўшыся, містэр Грымуіг і турзануў з галавы сваю насоўку.
Папраўдзе кажучы, вячэра адкладвалася на няпэўна доўгі тэрмін. Ні місіс Мэйлі, ні Гары, ні Роз (якія ўвайшлі разам) нічога не маглі сказаць дзеля апраўдання.
— Сёння ўвечары ў мяне быў сур’ёзны намер з’есці сваю галаву, — сказаў містэр Грымуіг, — бо я пачаў думаць, што есці нічога не дадуць. З вашага дазволу, я бяру на сябе смеласць пацалаваць нявесту.
Не губляючы марна часу, містэр Грымуіг выканаў свой абвешчаны намер, чмокнуўшы пачырванелую дзяўчыну ў шчаку; заражаныя яго прыкладам, тое самае зрабілі лекар і містэр Браўнлоў. Некаторыя сцвярджаюць, што бачылі, як Гары Мэйлі першым зрабіў гэта ў суседнім прыцемненым пакоі, але найбольш аўтарытэтныя асобы кажуць, што гэта проста немагчыма, бо ён яшчэ занадта малады і да таго яшчэ святар.
— Олівер, дзіцятка маё, — сказала місіс Мэйлі, — дзе ты быў і чаму ты выглядаеш такім маркотным? Вось — у цябе ўжо і слёзкі пацяклі. У чым справа?
Наш свет — гэта свет расчараванняў, і часта расчараванні спасцігаюць нас у тых надзеях, якія мы найбольш песцім, у надзеях, якія робяць найвялікшы гонар нашай прыродзе.