Бедны Дзік памёр!
РАЗДЗЕЛ LII
Перадсмяротная ноч Фэджына
Зала суда была біцалем набітая людзьмі. Дапытлівыя, нецярплівыя вочы глядзелі з кожнага квадратнага дзюйма прасторы. Пачынаючы ад парэнчаў перад лавай падсудных і да самага цеснага, малога куточка на галёрцы, пагляды ўсіх былі прыкаваныя да аднаго чалавека — да габрэя. Яны былі ззаду, спераду, над ім, знізу, справа і злева; выглядала на тое, што ён у цэнтры небасхілу, усеянага прамяністымі вачыма.
Ён стаяў у прамянях гэтага жывога святла, апусціўшы адну руку на драўляную перакладзіну перад сабой, а другую трымаючы каля вуха, і выцягваў шыю, каб больш выразна чуць кожнае слова, якое гаварыў старшыня судовага паседжання, які чытаў абвінаваўчае заключэнне прысяжным. Часам ён пільна ўглядаўся ў прысяжных, каб выгледзець хоць які станоўчы эфект ад амаль бязважкага сведчання на яго карысць, а калі абвінавачанні супраць яго выкладаліся з неабвержнай дакладнасцю, то ён умольна глядзеў на свайго адваката, каб той нават тут сказаў што-небудзь на яго карысць. Калі не лічыць гэтых праяваў трывогі, ён не рухаў ні нагой, ні рукой. З таго часу, калі суд пачаўся, ён не зрабіў ніводнага руху, і цяпер, калі суддзя замоўк, ён па-ранейшаму заставаўся ў той самай напружанай позе глыбокай увагі, не зводзячы вачэй са старшыні суда, быццам усё яшчэ слухаў.
Лёгкая мітусня ў зале прымусіла яго ачнуцца. Ён азірнуўся і ўбачыў, што прысяжныя схіліліся адзін да аднаго, каб вынесці вердыкт. Калі вочы яго падняліся на галерэю, ён убачыў, як людзі выцягваюць шыі, каб разгледзець ягоны твар; некаторыя паспешліва прыкладвалі да вачэй біноклі, іншыя нешта з агідай шапталі суседзям. Былі тут у нешматлікай колькасці і такія, хто, здаецца, зусім не звяртаў на яго ўвагі і адно нецярпліва паглядваў на прысяжных, дзівячыся, што гэта яны марудзяць. Але ні на адным твары ён не прачытаў нічога, акрамя ўсепаглынальнага жадання пачуць, як яго засудзяць, — ані каліва спагады, нават сярод жанчын, якіх тут было шмат.
Калі ягоны разгублены позірк увабраў усё гэта, зноў наступіла поўная цішыня, і, азірнуўшыся, ён убачыў, што прысяжныя павярнуліся да суддзі. Ціха!
Але яны толькі прасілі дазволу выйсці.
Ён пільна глядзеў на іх твары, затрымліваў пагляд на кожным па меры таго, як яны праходзілі поруч, быццам спадзяваўся выведаць, да якога рашэння схіляецца большасць, але ўсё было дарма. Турэмшчык крануў яго за плячо. Ён машынальна пайшоў следам да канца памоста і сеў на крэсла побач. На крэсла паказаў яму наглядчык, а інакш ён яго і не ўбачыў бы.
Ён яшчэ раз паглядзеў на галерэю. Некаторыя з людзей закусвалі, некаторыя абмахваліся насоўкамі, бо ў перапоўненай зале было надта горача. Нейкі малады чалавек рабіў накід ягонага твару ў нататніку. Ён задаў сабе пытанне, ці падобны накід, і, быццам старонні разявака, глядзеў, як мастак вострыць зламаны аловак.
Тое самае адбылося і калі ён перавёў позірк на суддзю — у галаве закапашыліся думкі наконт таго, які пакрой у судзейскага адзення, колькі яно каштуе і ў якой манеры суддзя яго надзявае. На адным з судзейскіх крэслаў сядзеў стары тоўсты чалавек, які з паўгадзіны таму быў выйшаў, а цяпер вярнуўся. Ён пытаў сам сябе, ці хадзіў той на абед, што ён еў, дзе, і так ён думаў пра нейкія збочныя рэчы, пакуль нейкі новы аб’ект не прыцягваў яго ўвагі і не пераключаў думкі.
Аднак увесь гэты час яго мозг ні на міг не быў вольным ад гнятлівага, ашаламляльнага ўсведамлення таго, што перад ім раскрываецца магіла; яно не пакідала яго, але яно было няўцямным, няпэўным, і ён не мог засяродзіць на ім свае думкі. Але нават цяпер, калі ён трымцеў, і яго кідала ў гарачку ад думкі пра блізкую смерць, ён раптам пачаў лічыць жалезныя прэнты перад сабой, разважаць, як гэта мог абламіцца верх аднаго з іх і ці будуць яго рамантаваць або пакінуць так, як ёсць. Потым ён пачаў думаць пра ўвесь жах шыбеніцы, і раптам яго ўвага скіравалася на чалавека, які пырскаў вадой на падлогу, каб ахаладзіць яе, а потым зноў задумаўся.
Нарэшце пачуўся вокліч — патрабаванне цішыні, і ўсе, стаіўшы дыханне, пачалі глядзець на дзверы. Вярнуліся прысяжныя і прайшлі, амаль зачапіўшы яго. Ён не мог нічога прачытаць на іх тварах — яны былі быццам з каменя. Апусцілася глыбокая цішыня... ні шолаху... ні дыхання... ВІНАВАТЫ!
Будынак выбухнуў страшнымі крыкамі, а потым пракаціўся гулкі роў, падобны на ярасны грукат грому. Гэта былі крыкі радасці людзей знадворку, якія віталі навіну, што ён памрэ ў панядзелак. Шум заціх, і яго спыталі, ці мае ён што-небудзь сказаць, каб адпрэчыць смяротны прысуд. Ён зноў прыняў колішнюю напружаную паставу і ўважліва слухаў таго, хто задаваў пытанне, але яго мусілі паўтарыць двойчы, перш чым да яго нарэшце дайшло; у адказ ён толькі прамармытаў, што ён стары, стары, стары чалавек, — і паступова панізіўшы голас да шэпту, змоўк.