Ён расцягнуўся на сваім каменным ложку і пачаў думаць пра мінулае. Нехта з натоўпу дастаў яго нейкай зброяй, калі яго бралі, і ягоная галава была перавязаная палатнянай павязкай. Рыжыя валасы яго звісалі на бяскроўны твар, барада была каўтуном, некалькі касмыкоў з яе былі вырваныя. Яго вочы свяціліся страшным агнём, нямытая скура патрэскалася ад ліхаманкі, якая з’ядала яго. Восем-дзевяць-дзесяць. Калі гэта толькі не фокус дзеля таго, каб запалохаць яго, калі гэта насамрэч былі гадзіны, якія напіралі адна на другую, то дзе будзе ён, калі яны зробяць поўны круг? Адзінаццаць! Яшчэ адзін удар, а яшчэ ж не адгучала рэха ад папярэдняй гадзіны. У восем ён будзе адно плакальшчыкам ва ўласнай пахавальнай працэсіі, у адзінаццаць...
Жахлівыя сцены Ньюгейта, якія хавалі ў сабе шмат нішчымніцы, нявыказанага страху, хавалі не толькі ад вачэй, але і — занадта часта і занадта доўга — ад думак людскіх, ніколі не бачылі відовішча больш прывіднага і жудлівага. Тыя нешматлікія, хто, праходзячы міма, запавольваў крокі і задаваў сабе пытанні, што можа рабіць чалавек, прысуджаны да павешання заўтра ранкам, дрэнна спалі б у тую ноч, каб пабачылі яго.
З ранняга вечара амаль да поўначы невялікія групкі па два-тры чалавекі падыходзілі да турэмнай брамы і цікавіліся са спалоханым выразам твару, ці не прыйшло памілаванне. Атрымаўшы адмоўны адказ, яны перадавалі жаданую вестку групам людзей, якія кучкаваліся на вуліцы, паказвалі дзверы, праз якія ён выйдзе, месца, на якім будзе пабудаваная шыбеніца, а потым, неахвотна адыходзілі і ўяўлялі сабе, як гэта будзе выглядаць. Паступова яны ўсе пайшлі, і нейкую гадзіну ўначы вуліца заставалася пустой і цёмнай.
Пляц перад турмой быў расчышчаны, а цераз дарогу былі перакінутыя некалькі афарбаваных у чорны колер моцных брусоў, каб стрымліваць націск натоўпу, калі ў брамцы з’явіліся містэр Браўнлоў і Олівер і прад’явілі ордэр з дазволам наведаць вязня, падпісаны адным з шэрыфаў.
— Што, сэр, малады джэнтльмен таксама пойдзе? — спытаў чалавек, які мусіў суправаджаць іх. — Такое відовішча не для дзяцей, сэр.
— Правільна, мой сябра, — азваўся містэр Браўнлоў, — але мая справа да таго чалавека цесна звязаная з хлопчыкам, і калі ўжо дзіця бачыла яго ў зеніце росквіту і зладзейства, то я думаю, што было б добра — нават коштам пэўнага страху і перажывання, — каб ён пабачыў яго цяпер.
Гэтыя некалькі слоў былі сказаныя ўбаку, не для вушэй Олівера. Мужчына дакрануўся да капелюша, з цікаўнасцю зірнуўшы на Олівера, адчыніў другую брамку, якая была насупраць той, праз якую яны ўвайшлі, і правёў іх цёмнымі, пакручастымі калідорамі да камеры.
— Тут, — сказаў ён, спыніўшыся ў цёмным пераходзе, у якім некалькі рабочых былі занятыя ў поўнай цішыні нейкай падрыхтоўкай, — тут ён будзе праходзіць. А калі вы заглянеце сюды, то зможаце ўбачыць дзверы, з якіх ён выйдзе.
Ён завёў іх у кухню з каменнай падлогай, дзе стаяла шмат катлоў для гатавання турэмнай ежы, і паказаў на дзверы. Над імі была закратаваная пройма, праз якую даносіліся гукі мужчынскіх галасоў, якія перамяжоўваліся стукам цяслярскага начыння і дошак. Там ладзілі шыбеніцу.
Потым яны прайшлі праз некалькі трывалых дзвярэй, якія адмыкалі знутры іншыя наглядчыкі, перасеклі адкрыты двор, падняліся па вузкай лесвіцы і ўвайшлі ў калідор з шэрагам дзвярэй злева. Ключнік падаў ім знак, каб заставаліся, дзе ёсць, і пастукаў у адну з іх звязкай ключоў. Абодва наглядчыкі пашапталіся з ім, пацягваючыся, выйшлі на калідор, быццам узрадаваныя, што будуць мець перадышку, і падалі знак наведвальнікам, каб тыя ішлі ў камеру следам за першым наглядчыкам. Тыя так і зрабілі.
Асуджаны злачынец сядзеў на каменным ложку, хістаючыся з боку на бок. Твар яго нагадваў хутчэй пысу нейкага звера, чым аблічча чалавека. Няйначай, ён успамінаў сваё мінулае, бо безупынна нешта мармытаў, усведамляючы наведнікаў няйначай як удзельнікаў сваіх відзежаў.