— Яе прынеслі сёння ўвечары, — адказала старая нянька. — На загад наглядчыка. Ляжала на вуліцы. Прайшла ладны кавалак дарогі, бо чаравікі стапталіся зусім; але ніхто не ведаў, адкуль і куды яна ішла.
Доктар нахіліўся да цела і падняў левую руку.
— Старая гісторыя, — ён патрос галавою. — Няма пярсцёнка... Усё зразумела. Ах!
Сказаўшы «Дабранач!», шаноўны доктар пайшоў абедаць, а нянька яшчэ раз прыклалася да зялёнай бутэлькі і села на зэдлік да агню апранаць малога.
Якім выдатным узорам магутнасці ўбору быў Олівер Твіст! Закручаны ў коўдру, якая была да гэтага часу адзінай яго апранахаю, ён з аднолькавым поспехам мог быць дзіцём шляхціча і дзіцём жабрака; але цяпер, апрануты ў старую каленкоравую кашульку, якая ў выніку службы зрабілася жоўтай, ён атрымаў адзнаку, ён быў пазначаны ярлыком прыходскага дзіцяці, бязбацькавіча з працоўні, непаўнавартаснага галоднага бедняка, якому наканавана было ісці па свеце бітаму і тузанаму, усімі пагарджанаму, і не мець ні ад кога спагады.
Олівер гучна крычаў. Калі б ён мог ведаць, што ён бязбацькавіч, пакінуты на міласцівы дагляд царкоўных старастаў і наглядчыкаў, то, можа быць, ён плакаў бы яшчэ гучней.
РАЗДЗЕЛ ІІ
Аповед пра сталенне, адукацыю Олівера Твіста і пра раду
Унаступныя восем ці дзевяць месяцаў Олівер быў ахвярай сістэмы падступстваў і падманаў. Яго кармілі з бутэлечкі. Пра галоднага, пазбаўленага самага неабходнага сіротку адміністрацыя працоўні належным чынам праінфармавала прыходскія ўлады. Прыходскія ўлады з годнасцю ўчынілі запыт адміністрацыі працоўні, ці ёсць якая-небудзь асоба жаночага полу, якая жыла б у працоўні і была б у стане забяспечыць Олівера Твіста належным суцяшэннем і наглядам. Адміністрацыя адказала, што няма. Пасля гэтага прыходскія ўлады велікадушна і гуманна пастанавілі, што Олівера трэба ўладкаваць на «ферму», або, інакш кажучы, пераслаць у філію працоўні, адтуль мілі за тры, дзе дваццаць ці трыццаць іншых малалетніх парушальнікаў «Закона пра бедных» цэлымі днямі поўзалі па падлозе, не пакутуючы ад лішку ежы ці вопраткі, пад мацярынскім наглядам жанчыны сталага веку, якая брала гэтых злачынцаў за сем з паловай пенсаў на тыдзень. Сем з паловай пенсаў на тыдзень — гэта неблагія грошы, каб утрымліваць дзіця. На сем з паловай пенсаў можна набыць шмат чаго, можна набыць досыць, каб занадта напоўніць страўнік і мець непрыемныя наступствы. Дама сталага веку была жанчынай дасведчанай і мудрай. Яна ведала, у чым ёсць дабро для дзяцей, і ў яе было вельмі тонкае адчуванне таго, у чым ёсць дабро для яе самой. Таму яна прыўлашчвала большую частку тыднёвых грошай, а на карысць прыходскіх гадаванцаў выдавала значна меншую долю ад тае, якая яму была прызначаная. Тым самым яна знайшла ў бяздоннай глыбіні яшчэ большую глыбіню і зарэкамендавала сябе як вельмі добры філосаф-практык.
Агульнавядомая, здаецца, гісторыя пра другога філосафа-практыка, які распрацаваў тэорыю, што конь можа выжыць без ежы, і настолькі паспяхова абгрунтаваў, што давёў колькасць корму свайго каня да адной саломіны на дзень; безсумнення, ён дамогся б ад свайго канякі жвавасці і порсткасці, не кормячы яго зусім, каб той не здох акурат за суткі да таго моманту, калі мусіў атрымаць сваю першую порцыю чыстага паветра. На вялікі жаль, прыкладная філасофія асобы жаночага полу, клопатам якой быў аддадзены Олівер Твіст, звычайна мела гэткі самы вынік, таму што ў той самы час, калі дзіця прывыкала абыходзіцца мінімальнай колькасцю самай неспажыўнай ежы, праз зменлівасць лёсу яно ў васьмі з паловай з дзесяці выпадкаў або пачынала хварэць з прычыны голаду і нястачаў, або праз недагляд трапляла ў агонь, або гінула нейкім чынам ад задухі. У любым з такіх выпадкаў малая істота сыходзіла ў іншы свет, каб паяднацца там з бацькамі, якіх на гэтым свеце ёй ведаць не давялося.
Час ад часу, калі ўчынялі асабліва пільнае расследаванне здарэння, чаму прыходскае дзіця праз недагляд перакуліла на сябе ложак ці было абваранае да смерці пры мыцці бялізны, што здаралася зусім нячаста, бо нешта, хоць здалёк падобнае да прання бялізны, адбывалася на ферме рэдка, — час ад часу прысяжным прыходзіла ў галаву ставіць досыць непрыемныя пытанні, або прыхаджане збіралі подпісы пад пратэстам. Але гэтыя нахабныя выпады хутка падаўляліся сведчаннем доктара ці прыходскага кур’ера; першы з іх, зрабіўшы ўскрыцце трупа, не знаходзіў унутры нічога такога, што было вельмі падобна на праўду, апошні пад прысягай нязменна паказваў тое, што было патрэбна прыходу. Гэта рабілася вельмі самааддана. Апроч таго, чальцы рады час ад часу рабілі вылазкі на ферму, а за дзень да гэтага заўсёды прысылалі кур’ера папярэдзіць, што яны ідуць. Калі яны прыходзілі, дзеці былі чыстыя і дагледжаныя, — чаго ж хацець болей?