— Блаславі іх Божа, даю, хоць гэта і дорага, — адказвала нянька. — Не магу глядзець, як яны пакутуюць у мяне перад вачыма, разумееце?
— Зразумела, не можаце, — сказаў містэр Бамбл ухвальна. — Вы вельмі добрая жанчына, місіс Ман. (Ён падсунуў да сябе шклянку.) Я паведамлю пра гэта радзе, як толькі надарыцца нагода, місіс Ман. (Ён змяшаў джын з вадою.) Я — я шчыра п’ю за ваша здароўе, місіс Ман.
І ён пракаўтнуў палову змесціва шклянкі.
— А цяпер да справы, — сказаў кур’ер, выцягваючы з кішэні скураны гаманец. — Дзіцяці, ахрышчанаму Оліверам Твістам, сёння споўнілася дзевяць гадоў.
— Блаславі яго Божа, — уклінілася місіс Ман, да чырвані расціраючы левае вока канцом фартуха.
— І нам, нягледзячы на прапанаваную ўзнагароду ў дзесяць фунтаў, якая была потым павялічана да дваццаці фунтаў, нягледзячы на надзвычайныя і, я б сказаў, празмерныя высілкі з боку прыхода, так і не ўдалося даведацца, хто яго бацька, а таксама месца жыхарства, імя і стан яго маці.
Місіс Ман здзіўлена ўскінула рукі, аднак пасля хвіліннага роздуму спыталася яшчэ:
— Як выйшла наогул, што ён атрымаў імя?
Кур’ер з годнасцю выпрастаўся і прамовіў:
— Я прыдумаў яго.
— Вы, містэр Бамбл?!
— Я, місіс Ман. Мы называем нашых падкідышаў згодна з алфавітам. Апошні быў на «С» — Субол, так я назваў яго. Далей была літара «Т» — Твіст, так я назваў наступнага. Наступны за ім будзе Унвін, а яшчэ далей будзе Вілкінс. У мяне напагатове імёны да канца алфавіта, і новы цыкл паўторыцца, калі мы дойдзем да апошняе літары.
— Дык вы ж сапраўдны літаратар, містэр Бамбл! — сказала місіс Ман.
— Ну, вы скажаце, — камплімент, відавочна, прыйшоўся кур’еру даспадобы. — Можа быць, можа быць, місіс Ман.
Ён дапіў джын і дадаў:
— Олівер ужо выйшаў з таго ўзросту, калі можна заставацца тут, і рада пастанавіла адправіць яго назад, у працоўню. Я прыйшоў, каб забраць яго туды. Пакажыце мне яго, і хутчэй.
— Пастараюся прывесці яго як мага хутчэй, — сказала місіс Ман, выходзячы дзеля гэтага з пакоя.
Олівер, які да таго часу вызваліўся ад верхняга слою бруду, што ляжаў на яго твары ды руках і змываўся з першага разу, быў уведзены ў пакой яго велічнай апякункай.
— Пакланіся джэнтльмену, Олівер, — сказала місіс Ман.
Олівер пакланіўся напалову кур’еру, напалову яго капелюшу на стале.
— Ці хочаш ты пайсці са мною, Олівер? — велічна спытаў містэр Бамбл.
Олівер хацеў быў сказаць, што ён гатовы пайсці адсюль з кім заўгодна і з вялікай ахвотаю, як раптам, гледзячы ўверх, ён сустрэў пагляд місіс Ман, якая атабарылася за крэслам кур’ера і раз’юшана трэсла ў яго бок кулаком. Ён адразу зразумеў намёк — кулакі занадта часта пакідалі сляды на яго целе, каб не застацца ў памяці.
— А яна пойдзе са мной? — запытаў бедны Олівер.
— Не, яна не можа, — адказаў містэр Бамбл. — Але яна будзе калі-нікалі прыходзіць да цябе.
Гэта не было вялікім суцяшэннем для дзіцяці. Аднак, якім малым ён ні быў, у яго ўсё ж хапіла клёку зрабіць выгляд, нібыта ён пакідае гэтае месца з жалем. Яму зусім няцяжка было пусціць слязу. Голад і кепскае абыходжанне — вялікія памагатыя, калі ты хочаш плакаць, а Олівер дапраўды плакаў вельмі шчыра. Місіс Ман падаравала яму тысячу пацалункаў і — Оліверу найбольш патрэбна было якраз гэта — пару лустаў хлеба з маслам, каб ён не здаваўся надта галодным, калі прыйдзе ў працоўню.
З лустай хлеба ў руках і ў карычневай прыходскай шапачцы Олівер быў выведзены містэрам Бамблам з прыкрага дома, дзе ніводнае пяшчотнае слова, ніводзін пяшчотны пагляд не асвяцілі змроку яго дзіцячых гадоў. І ўсё-такі, калі за ім зачынілася брама асабняка, ён апусціўся ў бездань дзіцячай жальбы. Няхай яго малыя сябрукі ў гульнях былі сапсаваныя жахлівымі ўмовамі жыцця, аднак яны былі адзінымі сябрамі, якіх ён калі-небудзь меў, і яго маленькае сэрца з самага пачатку было апанаванае пачуццём самоты ў гэтым велізарным абшары свету.
Містэр Бамбл ішоў вялікімі крокамі; маленькі Олівер, моцна ўхапіўшыся за яго абшыты галунамі закаўраш, шыбаваў побач з ім і праз кожную чвэрць мілі пытаўся: «Ці далёка яшчэ?» На гэтыя пытанні містэр Бамбл даваў адказы вельмі рэзкія і кароткія, бо непрацяглая ветлівасць, якую будзіць у некаторых сэрцах джын з вадою, да гэтага часу выпарылася, і ён зноў стаў тым самым ранейшым кур’ерам.
Олівер не прабыў у сценах працоўні і чвэрці гадзіны і ледзьве паспеў разабрацца з другой лустай хлеба, калі вярнуўся містэр Бамбл, які перад тым паспеў даверыць яго клопату адной старой жанчыны. Ён расказаў пра вечаровае пасяджэнне рады і пра тое, што Олівер на жаданне рады павінен неадкладна з’явіцца туды.