Не маючы дакладнага ўяўлення, што такое апякунская рада, Олівер быў агаломшаны і не ведаў, смяяцца яму трэба ці плакаць. Але ён не меў часу для роздуму на гэтую тэму, бо містэр Бамбл, каб раскатурхаць малога, стукнуў яго злёгку сваёй кульбай па галаве, ляснуў ніжэй за спіну, каб падбадзёрыць і, загадаўшы ісці следам, павёў яго ў вялікі чыста вымыты пакой, дзе вакол стала сядзелі восем ці дзесяць тоўстых джэнтльменаў. У тарцы стала, у глыбокім фатэлі з падлакотнікамі, нашмат вышэйшым за астатнія, рассеўся асабліва тоўсты джэнтльмен з вельмі круглым чырвоным тварам.
— Пакланіся радзе, — сказаў Бамбл.
Олівер выцер дзве ці тры слязінкі, якія яшчэ стаялі ў вачах; бачачы перад сабой не раду, а стол, ён, дзякуй Богу, усё-такі адбіў паклон.
— Як цябе завуць, хлопчык? — спытаўся джэнтльмен у высокім крэсле.
Олівер быў напалоханы гэткай вялікай колькасцю джэнтльменаў, і яго пачало калаціць; кур’ер яшчэ раз даў малому кухталя, і той заплакаў. Гэтыя дзве прычыны прымусілі яго адказваць вельмі ціха і няўпэўнена. Вось чаму джэнтльмен у белай камізэльцы назваў яго дурнем. З гэтай нагоды настрой джэнтльмена адразу зрабіўся лепшым.
— Хлопчык, — сказаў джэнтэльмен у высокім фатэлі, — слухай, што я табе скажу. Я спадзяюся, ты ведаеш, што ты сірата?
— Што гэта такое, сэр? — пацікавіўся бедны Олівер.
— Я адразу казаў, што хлопчык — дэбіл, — сказаў джэнтльмен у белай камізэльцы.
— Ціха! — сказаў першы джэнтльмен. — Ты ведаеш, што ў цябе няма ні бацькі, ні маці і што ты выхоўваешся на сродкі прыхода?
— Ведаю, сэр, — адказаў Олівер, заліўшыся горкімі слязьмі.
— Чаму ты плачаш? — запытаў джэнтльмен у белай камізэльцы. І паўтарыў, сцвярджаючы надзвычайнасць сітуацыі: — З якой прычыны ён плача?
— Я спадзяюся, што ты прамаўляеш свае малітвы кожны вечар, — сказаў другі джэнтльмен суворым голасам, і молішся за людзей, якія клапоцяцца пра цябе, як належыць хрысціяніну.
— Ага, сэр, — сказаў малы, заікаючыся.
Джэнтльмен, які пытаўся апошнім, сам таго не ведаючы, сказаў праўду. Олівер і сапраўды быў бы хрысціянінам, і нават вельмі добрым хрысціянінам, калі б маліўся за тых, хто яго корміць і пра яго клапоціцца. Але ён не маліўся, бо ніхто яго гэтаму не навучыў.
— Добра! Ты прыйшоў сюды, каб атрымаць адукацыю і навучыцца нейкай карыснай працы, — сказаў чырванатвары джэнтльмен, што сядзеў у высокім фатэлі.
— Такім чынам, заўтра з шасці гадзін раніцы ты пачнеш трапаць пяньку, — дадаў зласлівы джэнтльмен у белай камізэльцы.
На знак падзякі за такую вось камбінацыю абодвух блаславенняў у адным простым працэсе трапання пянькі Олівер, з ініцыятывы кур’ера, пакланіўся і быў прыспешаны з пакоя ў вялікае памяшканне, дзе на грубым цвёрдым ложку ён плакаў, аж пакуль не заснуў. Што за годнае пацверджанне мяккасці ангельскіх законаў! Яны даюць беднякам магчымасць пайсці спаць!
Бедны Олівер! Ён спаў у шчаслівай недасведчанасці пра навакольнае і мала думаў пра тое, што рада гэтым самым днём прыняла рашэнне, якое зробіць самы вялікі матэрыяльны ўплыў на ўсю яго будучыню. Тым не менш рашэнне было прынятае, і яно было такое.
Чальцы гэтай рады былі людзі з надта праніклівым розумам, разважлівыя мудрацы, і калі ім собіла звярнуць увагу на працоўню, дык яны адразу заўважылі тое, чаго просты народ ніколі б не прыкмеціў: беднякі любілі працоўню! Гэтае месца было для іх звыклай установай, а яшчэ і карчмой, дзе не трэба было раскашэльвацца. Рай з цэглы і тынку, дзе ўсё было гульнёй, а праца была нічым. «Вось жа, — з глыбакадумным выглядам прамовіла рада, — мы якраз і ёсць тыя дабрадзеі, што навядуць тут парадак. Мы неадкладна спынім гэта». І вось яны прынялі правіла, згодна з якім усе бедныя людзі атрымалі магчымасць абіраць — хто-хто, а яны нікога не прымушалі — або павольная смерць ад голаду ў працоўні, або хуткая — за яе мурамі. А таму яны заключылі дамову з вадаправоднай кампаніяй на неабмежаваную падачу вады і з агентам гандлю збожжам — аб эпізадычных пастаўках аўсянай мукі. Яны загадалі даваць аўсянку тры разы на дзень, двойчы на тыдзень выдаваць кожнаму цыбуліну, а ў нядзелю — нават палову булкі. Яны зрабілі яшчэ шмат мудрых і гуманных распараджэнняў, якія датычылі жанчын, але не будзем іх пераказваць без патрэбы. Яны ласкава пагадзіліся даваць развод жанатым беднякам, бо скасоўваць шлюб у Калегіі па грамадзянскіх справах было задорага, і замест таго, каб прымусіць чалавека забяспечваць сваю сям’ю, як яны рабілі гэта раней, яны забралі ў яго сям’ю, а самога яго ператварылі ў кавалера! Не трэба і казаць, як шмат людзей з усіх станаў грамадства звярнулася б да іх па матэрыяльную дапамогу, калі б гэта не было звязана з працоўняй; аднак рада складалася з людзей галавастых, і яны падстрахаваліся ад такой небяспекі. Матэрыяльная дапамога была непарыўна звязаная з працоўняй і аўсянай размазнёю, і гэта адпалохвала.