— Олівер, не плач, а то вочы пачырванеюць. Лепш з’ядай усё і будзь удзячны, — сказаў містэр Бамбл з унушальнай пыхай. Цябе збіраюцца аддаць у вучні да аднаго чалавека.
— У вучні, сэр! — усклікнуў хлопчык, увесь дрыжучы.
— Ага, Олівер, — пацвердзіў містэр Бамбл. — Добрыя міласэрныя джэнтльмены, якія шмат у чым замяняюць табе бацькоў, якіх у цябе няма, збіраюцца аддаць цябе ў вучні, уладкаваць цябе ў жыцці, зрабіць з цябе чалавека, хоць выдаткі для прыхода складаюць тры фунты дзесяць пенсаў — падумай толькі, тры дзесяць! — семдзясят шылінгаў — сто сорак пенсаў! І ўсё гэта ніцаму бязбацькавічу, якога ніхто не можа палюбіць!
Калі містэр Бамбл перапыніўся, каб набраць паветра, бо прамовіў ён усё гэта жахлівым голасам, слёзы адна за адной пабеглі па шчаках беднага дзіцяці, і Олівер горка зарыдаў.
— Годзе, — ужо менш пыхліва сказаў містэр Бамбл, бо яму прыемна было бачыць, якое ўражанне робіць ягонае красамоўства, — досыць, Олівер! Вытры вочы крысом сурдута і не плач у кашу. Гэта ж толькі дурні так робяць.
Сапраўды, вады ў кашы і так не бракавала.
Па дарозе да суддзі містэр Бамбл падвучваў Олівера, што ён мусіць рабіць адно — выглядаць шчаслівым, і калі джэтльмен запытае, ці хоча ён ісці ў вучні, адказаць, што напраўду вельмі хоча. Олівер паабяцаў выканаць абедзве інструкцыі, тым больш што містэр Бамбл даў зразумець, што калі не будзе выкананая хоць адна, то дабра чакаць не варта. Калі яны прыйшлі да суддзі, Олівера зачынілі аднаго ў маленькім пакойчыку і загадалі чакаць, пакуль містэр Бамбл яго не пакліча.
Тут хлопчык быў з паўгадзіны. Сэрца ў яго калацілася. Калі гэты час прайшоў, містэр Бамбл прасунуў у дзверы галаву, ужо не ўпрыгожаную трохкуткай, і гучна прамовіў:
— Ну, Олівер, мой мілы, хадзем да джэнтльменаў.
Сказаўшы гэта, ён зрабіў змрочны і пагрозлівы твар і ціха
дадаў:
— Памятай пра тое, што я табе сказаў, малы паскуднік!
Такая супярэчлівая манера збівала з панталыку, і Олівер прастадушна зазірнуў містэру Бамблу ў твар, але гэты джэнтльмен прадухіліў магчымыя выказванні, хутка завёўшы Олівера ў сумежны пакой, дзверы ў які былі адчыненыя. Пакой быў прасторны, з вялікім акном. За сталом сядзелі два старыя
джэнтльмены ў напудраных парыках. Адзін з іх чытаў газету, у той час як другі з дапамогай акуляраў у чарапахавай аправе вывучаў кавалак пергаменту, што ляжаў перад ім. З аднаго боку перад сталом стаяў містэр Лімкінз, з другога — містэр Гэмфілд, які адмыслова для наведвання памыў твар. Па пакоі хадзілі яшчэ два ці тры дзядзькі досыць грубага выгляду ў высокіх ботах.
Стары джэнтльмен, што чытаў пергамент, мала-памалу заснуў. Узнікла невялікая паўза. Нарэшце містэр Бамбл выставіў Олівера перад сталом.
— Вось ён, той хлопчык, ваша міласць, — сказаў містэр Бамбл.
Стары джэнтльмен, які чытаў газету, на хвілю падняў галаву
і торгнуў другога старога джэнтльмена за рукаў. Той прачнуўся.
— Ах, дык гэта той хлопчык! — прамовіў стары джэнтльмен.
— Ён гэта, ён, — адказаў містэр Бамбл. — Пакланіся суддзі, мілы.
Олівер ачомаўся ад здранцвення і зрабіў вельмі нізкі паклон.
Утаропіўшыся ў парык суддзі, ён раздумваў, ці сапраўды ўсе чальцы рады нараджаюцца з такімі абсыпанымі белым пылам валасамі і ці з гэтай нагоды яны адразу становяцца чальцамі рады.
— Добра, — прамовіў стары джэнтльмен, — мяркую, што яму падабаецца чысціць коміны?
— Ён вельмі любіць гэты занятак, — адказаў містэр Бамбл, цішком даючы Оліверу лёгкага кухталя, каб той ведаў, што тут лепш не пярэчыць.
— І ён будзе камінаром, ці не так? — дапытваўся стары джэнтльмен.
— Калі б яго заўтра прымусілі займацца нейкай іншай прафесіяй, дык ён адразу ўцёк бы, ваша міласць, — даў адказ містэр Бамбл.
— А гэты чалавек што, будзе ягоным настаўнікам? Вы, сэр, ці будзеце вы абыходзіцца з ім па-людску, карміць там, паіць... і ўсё, што належыць, ці не так? — сказаў стары джэнтльмен.
— Раз гавару што буду то буду, — зацята адказаў містэр Гэмфілд.
— Мова ў вас неабчасаная, мой мілы, але выглядаеце вы на сумленнага і адкрытага чалавека, — прамовіў стары джэнтльмен, наводзячы свае акуляры на кандыдата на атрыманне грошай за Олівера. Пачварная фізіяномія гэтага апошняга сапраўды мела на сабе таўро жорсткасці. Але суддзя быў напалову сляпы і напалову здзяцінеў, і таму наўрад ці можна было спадзявацца, што ён заўважыць тое, што бачылі іншыя.