Першая і другая цукеркі не далятаюць, але прыстрэльванне ідзе ўдала, і ўжо трэцяя «Шапачка» трапляе ў брудна-белы азадак, а чацвёртая і пятая кладуцца на цэмент перад самай пысаю соннага драпежніка. Той падымае галаву - і вось ён, чаканы момант! Вашыя позіркі сустракаюцца, і паміж імі напраўду ўзнікае невідочны, але жывы, пульсоўны ток, канал сувязі - і яно невыпадкова, бо гэтыя вочы, дзве спелыя чорныя слівіны - фантастыка! - нібыта знаёмыя табе, ты ўжо калісьці глядзеў у іх, а таму з падвойнай энергіяй намагаешся выцягнуць з прыцемкаў свядомасці свайго белага візаві хоць якуюсьці звестку пра ягонае ранейшае, дамядзведжае жыццё.
Неверагодна, але, здаецца, нешта выходзіць, і ты, зняможаны сеансам сувязі, сядаеш на лавачку каля паўліна і, апусціўшы павекі, пракручваеш сам сабе атрыманы інфармацыйны ролік. Чаму б не прызнаць «карцінку» сігналам, пасланым тваім маўклівым суразмоўцам з тых сховаў, дзе дрэмле пад попелам незлічоных гадоў непрадказальная памяць продкаў?
Вогнішча, яркая нетутэйшая зеляніна, цёмныя расфарбаваныя постаці аголеных людзей, правадыр на ўзвышэнні - таксама голы, адно са скураным паскам на таліі, адкуль, прыкрываючы мужчынскае багацце, звісае лахман з нейкім цьмяна знаёмым з твайго дзяцінства значком, які зачаравана разглядвае малы мурза з сінім пяром у жорсткіх чорных кучарах. Ты падкручваеш колца павелічэння і бачыш акцябрацкі значок з амаль дзявочым тварыкам яшчэ бяскрыўднага Валодзі Ўльянава...
Але пры чым тут незабыўны амфітэатр вашай студэнцкай аўдыторыі і прафесар з цудоўным рэдкім імем Гілер Мардухавіч, які аднойчы самахоць стаў ардынарным Генадзем Міхайлавічам, за што яму напэўна давядзецца заплаціць падатак пры рэінкарнацыі.
Аўдыторыя, Гілер Мардухавіч і твой аднакурснік з яшчэ больш дзівосным імем Мбамба (што з афрыканскай перакладаецца прыкладна як «аматар чалавекаў»), з якім ты па чарзе смокчаш праз саломінку «Портвейн розовый крепкий» (0,7 л), захінуўшы зялёную пляшку чырвоным падручнікам гісторыі КПСС. А побач, таксама з саломінкаю ў зубах, пасмоктвае «Лідскае» вялікая аматарка піва Маша Тарабанава, што не толькі круціла з Мбамбам раман, але і збіралася да твайго чорнага сябра на летнія вакацыі, а потым у ЗАГС, балазе вірусу СНІДу тады яшчэ не існавала (прынамсі, у вашых шыротах пра яго не чулі), а грошай яе каханы не лічыў і штосуботы паіў упокат увесь ваш інтэрнатаўскі пакой армянскім каньяком, а танны партвейн вы з ім цадзілі з тае прычыны, што гэты суворы напой быў для загартаванага сына экватарыяльных лясоў нечым накшталт мінералкі. Аднак у апошні момант Маша, на жаль, перадумала ехаць, бо папаўзлі недарэчныя, яўна запушчаныя зайздросніцамі чуткі, быццам у таго племя, што ўзгадавала Мбамбу, існуе мудры, асвечаны стагоддзямі звычай з'ядаць нявестаў, якіх не ўпадабаюць бацькі закаханага юнака.
Ты робіш з біклажкі добры глыток, і шампаністая хваля ўражанняў і ўспамінаў адкочваецца назад, пакідаючы на беразе свядомасці выразны след.
Усё выцягваецца ў мудрагелісты, але цалкам лагічны ланцужок. Правадыр з акцябрацкім Валодзем Ульянавым у раёне амбівалентнага органа - гэта тата Мбамбы, хлопчыка з сінім пяром у валасах, які потым дзякуючы левым поглядам таты, перакананага марксіста і героя вайны з каланізатарамі, атрымаў накіраванне ў БДУ імя Леніна.
Маша Тарабанава так і не нарадзіла Мбамбу сына, які называўся б Мбамба Мбамба Мбамба Мбамба, бо народ твайго колішняга аднакурсніка трымаецца старажытнага звычаю, калі да сына пераходзіць бацькава імя, якое проста паўтараецца два разы. Насамрэч твой афрыканскі сябар зваўся, згодна з пашпартам, Мбамба Мбамба, а вось тата ў яго быў проста Мбамба, бо, як звалі ўжо ягонага бацьку, не ведала нават маці Мбамбы-першага, таму, дарэчы, яго, так і ахрысцілі Мбамбам (у перакладзе з іхняй афрыканскай - не толькі двухсэнсоўнае «аматар чалавекаў», але і «выблядак»), што, аднак, не зашкодзіла носьбіту гэткага праўдзівага імя зрабіцца правадыром свайго свабодалюбнага народа.
Але Маша не прыехала; Мбамба Мбамба на вакацыях засумаваў, узначаліў змаганне з хеўраю мааістаў з суседняга племя і, як пісалі газеты, мужна загінуў у няроўным баі. Як шмат нават у глабальнай ідэалагічнай барацьбе залежыць ад выпадковасці! Каб Тарабанава не купілася на брудныя чуткі, твая краіна магла мець сёння надзейнага хаўрусніка на чорным кантыненце.