Выбрать главу

У восьмым класе пяцёркі Аня мела выключна за фізкультуру і маляванне. Чаму - за маляванне, мы даведаліся, калі ўбачылі, як яна сядае за школай на матацыкл нашага настаўніка. Аднак неўзабаве мастацкія здольнасці пакінулі Аню, ператварыўшы пяцёркі ў звыклыя траякі. У студэнта кааператыўнага тэхнікума Мішкі Яжэвіча з майго двара не было матацыкла «Ява», затое былі магнітафон з добрымі запісамі «бітлоў» і «ролінгаў» і дубальтовы польскі намёт памаранчавага колеру, што, як звысаку казаў нам гаспадар гэтага багацця, адразу здымаў праблему хаты.

Пасля тых летніх вакацыяў я вярнуўся ў школу, ужо маючы першы мужчынскі досвед. Пазбягаючы лішніх дэталяў, скажу, што маёй настаўніцай была сяброўка стрыечнай сястры, кірпатая жыхарка горада Ленінграда Зінка, якую штогод прывозілі ў бабуліну вёску і з якой мы з маленства разам мыліся ў цётчынай лазні, пакуль аднаго разу не заўважылі, што мыцца такім манерам далей нам нешта замінае. Дарэчы, Зінчыны ўрокі распачаліся на сухім, з прыліплым бярозавым лісцікам палку ў той самай лазні і паўтараліся штодня, пакуль цётка ледзьве не заспела нас на гарачым, сабраўшыся гнаць у лазні самагонку.

Цяпер я глядзеў на Аню ўжо зусім іншымі вачыма. Начамі мне сніліся пакутлівыя сны, як я кранаю яе грудзі і праводжу рукой па залацістых валасках загарэлых ног, як мы ўзасос цалуемся, а потым, задыхаючыся, любімся - то на лазенным палку, то ў замацаваным за нашым класам кабінеце біялогіі, дзе з шафаў за намі ўважліва назіраюць два шкілеты. Мяне (не ў сне, а наяве) заўсёды займала праблема: штучныя гэта шкілеты ці яны калісьці належалі жывым людзям, якія вось гэтымі косткамі елі, пілі і абдымаліся ў ложку. Яшчэ, як памятаю, мы спрабавалі высветліць, ці адрозніваецца чым-небудзь істотным жаночы шкілет ад мужчынскага.

Прачынаючыся пасля тых сноў, я даваў сабе слова, што не пазней за сёння прапаную Ані ўвечары схадзіць у парк на новы атракцыён «Пятля Несцерава», але па дарозе ў школу падступна выплывала якая-небудзь нявыпраўленая тройка па алгебры або чацвёрка па гісторыі, і дата пачатку рашучых дзеянняў зноў пераносілася.

Аня была па-жаночаму назіральнай, і ўсё скончылася тым, што аднойчы на перапынку яна сама папрасіла мяне затрымацца пасля заняткаў у кабінеце. На апошнім уроку геаграфіі я ўжо амаль не чуў настаўніка, а думаў, як запрашу яе ў парк, спытаюся, ці чытала яна Эміля Заля, і паведамлю, што яе радзімыя плямкі падобныя да Новай Зеландыі.

Калі ў кабінеце біялогіі апрача нас засталіся толькі шкілеты, мой сцэнарый быў безнадзейна перакрэслены. Аня - у кароткай жоўтай сукеначцы з тонкім зялёным паяском - узяла мяне за руку і сказала, што я свой хлопец, а таму заўтра павінен прыйсці да яе дадому, дзе маці не будзе, бо яна з'ехала ў Стаўрапаль, а бацька ніколі не хадзіў на бацькоўскія сходы і мяне не ведае, а таму паверыць, калі я скажу, што мой старэйшы брат ідзе ў войска і што ў суботу мы запрашаем яе, Аню, на праводзіны, і мая мама прасіла перадаць, што пакідае яе пад сваю адказнасць начаваць у нас, бо мы жывём ажно ў ФРГ (з нашага тагачаснага слэнгу ФРГ перакладалася як Фэдэратыўная Рэспубліка Грамы і азначала самую далёкую полацкую ўскраіну).

У мяне ніколі не было ні старэйшых, ні малодшых братоў, але назаўтра я падыходзіў да Анінага дома дакладна ў прызначаны час, бо нарэшце пачалася дыфузія сноў і рэальнасці: на вуснах у мяне гарэў яе ўчарашні, пакінуты пад наглядам шкілетаў і неверагодна смачны ад памады пацалунак з прыкусам, а каламутнае адчуванне таго, што мяне выкарыстоўвалі як хлопчыка на пабягушках, не здольнае было перамагчы грахоўна-салодкага пачуцця дарослай мужчынскай разбэшчанасці, народжанага Аніным абяцаннем разлічыцца са мною адразу пасля выхадных. Я жадаў яе, і пляваць мне было на гэтыя міфічныя праводзіны ў войска і на міфічнага брата, якога звалі Мішкам Яжэвічам, і на вульгарнасць яе абяцанкі, і на папярэджанне, што на двары ў іх злы сабака, які аказаўся ўкормленым ваўкарэзам, ад якога я ледзьве ўратаваўся, кінуўшыся назад у весніцы.

Анін бацька быў макароннік. Тады італьянцы трапляліся ў нас так рэдка, што макароннікамі называлі выключна прапаршчыкаў савецкай арміі. Па-змоўніцку міргаючы мне, Аня ўтаймавала ваўкарэза і паклікала бацьку. У вялізным калідоры пахла мышамі і нечым ядомым. Пры сцяне стаяў штабель скрынак, на адной з якіх было сапраўды напісана: макароны. Тамсама, у калідоры, прапаршчык Шадурка, з-за плячэй якога Аня ўсяляк дапамагала мне вачыма, і выслухаў маю старанна адрэпетаваную хлусню, пасля чаго моўчкі пасунуўся ў глыб дома. Зачыніўшы дзверы, Аня захіхікала і прыціснулася да мяне. Я пацягнуўся да яе вуснаў, але ў доме пачуліся крокі, жаласнае мяўканне, і прапаршчык са словамі: «Лаві мышэй, блядушка», выкінуў у калідор котную рыску.