Выбрать главу

Чакаю на адказы, добрыя навіны і на цёплыя словы,

Кірхгольм, 1605 г., 27 верасня.”

– Карчмар, яшчэ збан мёду! Слухайце далей. Нам патрэбны неспакойныя, шалёныя ваяры. Набіраем жаўнераў любога ўраджэння і любой фаміліі. Калі ты харобны і дужы селянін, можаш суткамі гойсаць у сядле, гатовы ехаць на ўскрай свету і там секчы ворагаў – табе да нас! Калі ж ты шляхцюк, але хочаш ураўнаважнай службы – табе да рэгулярнага рушэння.

– А які ў вас від войскаў?

– Лёгкія вершнікі. Маем шаблі, лукі і дзіды, часам троху вогняпалу. Робім хуткія наскокі ажна на сотні міляў.

– А дзе ўжо паваявалі?

– Шмат дзе. І ў авантуры Дзмітрыя Самазванца, і ратавалі Смаленск, хадзілі на Паволжжа. Сам гетман Хадкевіч даваў нам заданні, калі болей ніхто тое выкараць не мог. Ладзілі паходы далёка на поўнач, нават да берагоў сівога Белага мора і нават у сібірскія калоніі Масковіі – да вусця ракі Об. А аднойчы ўвязаліся ў пошукі славутай “Залатой бабы” – паганскага стода, якому служаць плямёны Поўначы. Але мала хто адтуль вярнуўся.

– Што плацяць за такую службу?

– Вооось! Тут і спраўдзім, хто з вас пасуе да нашага жыцця! Мы жывем на конях, сілкуемся і зарабляем з таго, што здабылі. Ты жорсткі да палонных вайскоўцаў – дзеля Бога, маеш мілосць да катавання – на здароўе, ты рабуеш чужых асельнікаў – твая справа, прагнеш багацця – выдатна! Галоўнае ўмець і хацець нішчыць ворагаў Айчыны. Мы б’емся за нашую зямлю, хоць з Д’яблам, хоць у пекле, і пры тым апантана і прагна любім золата і не можам жыць без прыгодаў!

– А ці наймаліся куды акрамя войска літоўскага?

– Так. Зараз на ўсходзе пацішала, мы разцягнуліся па дамох, добра папілі, смачна пагулялі і.... засумавалі! Перамаўляемся пра найміцтва да германскага імператара, хутка выходзім ваяваць на Чэхію, Вугоршчыну, Італію, а там і Францыя трымайся!

– А як завуць вашыя атрады?

– Нашыя атрады маюць назву ад прозьвішча камандзіра. Ён “адарві-капыта” авантурны шляхцюк з-пад Вільні. Пад ім гарыць зямля, конь вар’яцее, а паненкі ляцяць да раю! Ад яго і назва – лісаўчыкí.

– Палкоўнік, сядайце ля гэтае фурманкі. Ахова, развяжыце яму рукі, прынясіце вады, паклічце лекара... Пане Палкоўніку, нягледзячы на тое, што Вы літоўскі шляхціч, які здрадзіў свайму паходжанню, вас вызваляць. Але папрашу, Васпане, асабіста перадаць гетману ў Сеч мае прапановы. Тут, пад Лоевам, адбылася апошняя бітва на тэрэнах карэннага Княства Літоўскага, і ў хуткім часе войска, мне падначаленае, пойдзе на Украіну, якая, паводле паскудных захадаў суседскіх, апошняе стагоддзе належыць Кароне. Там маю цвёрды намер навесці законны парадак. Я ўсёй душою прагну незалежнасці Літвы ад Польшчы, у чым назіраю супадзенне з некаторымі намерамі гетмана Багдана. Калі мы знойдзем паразуменне і агульныя інтарэсы, мне не давядзецца болей прасіць шведскае дапамогі ў ратаванні Літоўскага княства ад польскага аншлюзу.

– Пане Гетмане, Ваш патрыятызм і Вашыя ўчынкі вартыя шчырай павагі. Такі адукаваны і геройскі чалавек можа стаць сапраўдным гаспадаром гэтае краіны. Тым болей з роду, які даўно называюць каралямі Літвы. Вашыя словы, кінутыя ў бок польскіх сенатараў у Вільні, цытуюць на Сечы. “Выкідаць праз вокны!” – моцна сказана. Але вайна на Украіне даўно ўжо стала не столькі палітычнай, колькі паспалітай. Пошук справядлівасці для тых, каго адрынулі ўсе панствовыя ўстановы і для тых, каго заплямілі кляймом злачынцы. Вось хто сабраўся там з усіх навакольных земляў. А хаўрус са Швецыяй – памылка... Пане Янушу, з моцнасцю Вашага духу шведская дапамога не патрэбная! Я не перадам Вашыя словы гетману Багдану, бо ўжо ніколі не вярнуся да яго. Дзе паразу атрымаў, дзе імя сваё зганьбіў і дзе палеглі назаўсёды мае пабрацімы, тут і мне ляжаць...

У келлю прашмыгнула высокая постаць у чорнай расе з бачонкам пад пахай і праз густую бараду палілася чысцюткая літвінская гаворка:

– Пан Сітніяновіч, тут праз мяжу перадалі напойчык! Ад Братэрства медавараў – вытварны мёд з імбірам і цынамонам! Але… бачу недарэчы, выбачайце, сыходжу.

...

Божа, Ты даў мне выдатнае жыццё! І на карысць Веры, і дзеля мастацтва, і дзеля навукі. Праз музычны тэатр, Акадэмію, пісьменства, праз асвету дзетак царскіх. Адукаваная царская сям’я меней шкоды прынясе той Айчыне, якую я пакінуў. Хай усе лічаць, што я здрадзіў, хай пішуць, што збег за пасадамі і выгодамі. Але ж пакуль вучу радзіну цара, ніводнай вайны, ніводнага рабавання не было ні Полацка, ні Кіева, ні Вільні. Пакуль рыпіць пер’е ў руках царскіх сынкоў, гарматы маўчаць, порах не рвецца і кабеты не галосяць.