Выбрать главу

І да свайго месца я прыйшоўся, і да свайго часу. Дзякуючы Табе, Пане Божа, меў шацунак нязвыклы. Шмат было, і цяжкага, і лёгкага, але заўжды кіраваўся Воляю Тваёю. Не пярэчыў Табе, а шчыра намагаўся зразумець, дбаў аб чысціні і дзякаваў за пакуты. Гэта мой шлях, мой лёс, які падараваны Табою.

Дзякую, Божа, за ўсё зямное жыццё, за тое, што прызначыў мне хрысціянскую місію, накіраваў думкі і рукі мае, паказаў як несці Волю Тваю і якімі захадамі яе ўвасабляць. Дзякую за спрыянне і за тое, што сілкаваў у жыцці выгнанніка. Дзякую за падтрымку падчас абразаў і паклёпаў. Дзякую за моц маўчання і стрыманасць, калі рабіў сваю працу дзеля тых, хто не бачыў і не цаніў яе. І правая рука мая не ведала тых дабротаў, якія чыніла левая. Тваім Законам у ратаванні душы кіраваўся. У Тваё Імя дзеіў. Сыходжу з мірам пад уладу Тваю …

– Стоп, стоп, стоп! Рэпетуем гэтую дзею нанова. Панове артысты, вы мусіце зразумець дзве рэчы. Першае: Нясвіж – гэта культурная сталіца сармацкага барока. Другая: мы маем вялізарную высакародную гісторыю, дзе просты люд выканаў вельмі паважную ролю. Менавіта таму камедыі і трагедыі нашага замкавага тэатра насычаны сялянскімі казкамі і легендамі – нароўнай з французскімі і італійскімі сюжэтамі. Па той жа прычыне ў нашых спектаклях гучыць старая мова. На гэтай мове, якую мы зараз называем простай, калісьці пісаліся высакародныя творы, а лепшыя магнацкія роды не грэбавалі замаўляць на ёй панегірыкі да сваіх клейнотаў. Два стагоддзі таму ніхто б не наважыўся назваць прасцецкай дзяржаўную мову Літвы, мову дыпламатыі і высокай паэзіі! І яшчэ, панове артысты, мы не французы і не італійцы, яны, вядома, у многіх творчых дасягненнях ёсць узорам для нас, але мы станем ганебным перайманнем і проста кепскай запазыкай, калі будзем неахайна капіяваць іхнія п’есы. Мусім няўмольна несці ў тэатр сваё, адмысловае, непадобнае. Вось чаму ў нас столькі мясцовага каларыту і сялянскай міфалогіі. Такім чынам, дайце выбух натхнення і ціску крыві! Пан капельмайстар, да аркестру, працягваем!

– Акрамя ўсёй маральнай пачвартасці таго, што тут у Варшаве адбываецца, сам Вальны Сойм не мае юрыдычнай падставы, бо паводле чаргі ён павінен праводзіцца ў Гародні, маршалкам яго мусіў быць літвін, а не паляк. Да таго ж, незаконна ладзіць звыклы Сойм пад знакам канфедэрацыі.

Маршалак канфедэрацыі разам з іншымі польскім пасламі ўзняліся і памкнуліся да выйсця з залы. Паслы Літвы ў адчаі схапіліся за шаблі, але нечакана ад уваходу пачуўся пранізлівы крык:

– Не забівайце Айчыны! Забіце мяне, затапчыце нагамі, але не забівайце Айчыны!

Ля брамы на падлозе ляжаў чалавек, які раскінуў рукі ў форме крыжа. Да яго падбеглі літоўскія шляхцічы:

– Пане Тадэвушу, уздыміся, гэтыя здраднікі не вартыя таго. Прусакі з расійцамі праз пагрозы, шантаж і подкупы дамагліся поўнай перавагі на Сойме...

– А я не гандлюю святынямі!

– У бальшыні проста няма такога адчування Айчыны, як у цябе, шаноўны. Іхнія чорныя душы асвятляе хіба золата. Курвы прадажныя! Ім без розніцы, пад чыёй уладай жыць і каму служыць. Мы з панамі Корсакам і Багушэвічам зрабілі ўсё магчымае, але гэты кухмістр польскі Панінскі прадаў ужо ўсю Рэч Паспалітую. Далей хіба што шаблямі...

– Секчы братоў за змову з ворагам?!

– Здраднікі Радзімы нам не браты.

Умацаванні Альянсу ля Саратогі вытрымалі. Знясіленыя ангельцы спынілі атакі і адступілі. Над пазіцыямі генерала Гейтса ўсчаўся лямант, страляніна ўгору, спевы і нават танцы.

Палкоўнік пакінуў сваіх сапёраў за рамонтам рэдута і пайшоў на выклік да генерала. Ля ўваходу ў генеральскі намёт гуртавалася шмат афіцэраў, якія пры набліжэнні палкоўніка пачалі натхнёна вітацца з ім, пляскаць яго па эпалетах, ціснуць рукі і праз аднаго казаць: “Тэдзі, гэта твой дзень!”

Гарэзлівай хадою і з палаючымі вачыма ў намёт уварваўся генерал. Абвёў позіркам усіх прысутных і спыніў вочы на ім:

– Джэнтэльмены, вось такія таленавітыя і мужныя людзі зробяць нашую краіну вялікай! Прынесці шампанскае!

Ва ўсім наступным віры ўрачыстасці ўсё больш навальваўся сум па далёкай Айчыне, якую ўжо 15 гадоў рвалі на шматкі драпежныя суседзі. Як там каханая Людвіка? Можа час вяртацца?... Тут, за акіянам, барацьба за свабоду, дух вольнасці, поспех, шанаванне і, урэшце, вайсковая кар’ера. Тут з Людвікай яны былі б шчаслівыя. Але цяжка будзе жыць так далёка. Гэтая прага Радзімы… Яна з нейкіх няўцямных глыбіняў...