Выбрать главу

– Пане Міхале, ад імя многіх тут прысутных, а таксама ад імя шматлікіх паплечнікаў, якіх сёння тут няма, скірую да вас пытанне. Чаму ў праекце аднаўлення дзяржавы нашае, які мы склалі на адрас імператара Аляксандра, мы згадваем і прапаноўваем захады па аднаўленню толькі Княства Літоўскага, мінуючы ўвагай вялікую Айчыну нашую Рэч Паспалітую абодвух народаў?! Менавіта за яе мы ваявалі, за яе ўваскрашэнне мы плацілі жыццямі і маёмасцю. Калі ж з’явілася амністыя і многія павярнуліся з выгнання, мы складаем праект адбудовы толькі Літвы, а не ўсёй вялікай Польшчы! Пане Міхале, Ваш аўтарытэт як змагара за непадлегласць варты найвышэйшага шанавання, Вы вальчылі высакародна і аддана, Вашыя дзеі па стварэнні паўстанцкіх атрадаў і Вашыя раны кажуць самі за сябе, але Вы біліся за Польшчу, а аднавіць просіце толькі Княства!

– Шчыра прашу выбачыць, але пытанне пачуцця Айчыны, прыналежнасці да крыві продкаў, павагі да нашага паходжання, як і пытанне душэўнай прывязанасці да сваёй культуры мы з вамі, шаноўная грамада, ужо абмяркоўвалі. Браты нашыя ў Польшчы могуць самастойна стварыць аналагічны праект, да таго ж яны маюць Герцагства Варшаўскае. А пра дзяржаву продкаў нашых акрамя нас, прадстаўнікоў мясцовых старадаўніх родаў, ніхто не парупіцца. Мы, ліцвіны, спрадвечныя насельнікі гэтай зямлі, 500 гадоў мелі сваю дзяржаву. А цяпер акрамя нешматлікіх нас, якія па прычынах, вядомых хіба Пану Богу, праз падзенне Рэчы Паспалітай, праз паўстанне пана Тадэвуша, мала хто захаваў патрыятычную адданасць. Але прашу выбачыць... Пане пісару, напрыканцы пазначце маё імя, а таксама “Залессе, 1811 г.”

– Пане-браце, пакуль стаім у шыхце, маю навіну – палкоўнік Хлапоўскі не проста паставіў над нашаю ротаю літвіна, ён паставіў намі кіраваць літвінскае маладое дзяўчо!

– Палкоўніку раненне ў галаву зусім здароўе зварушыла. Панове, вы яшчэ не ведаеце, што палкоўнік надаў ёй званне капітана!

– Кажуць гэтая літвінка спявае простанародныя песенькі і выплясвае прасцецкія таньчыкі ораз піша вершы на сялянскай літвінскай мове!

– Сапраўды дзівачка. Але за якія заслугі яна мае столькі гонару?! Пан Франак, ты ваяваў на Літве, паведзь нам, прошэ.

– Яна стварыла і кіравала паўстанскім аддзелам на крэсах. Камандавала так паспяхова, што захапіла не адно мястэчка паміж Вітэбскам і Дынабургам, разбіла ахову генерала Шырмана і ледзьве яго самога ў палон не схапіла. А нядаўна штурмам узяла Вількамір. А яшчэ мае рэгулярныя мігрэні, тады лютуе жорстка – уласнымі рукамі душыць палонных імперцаў.

– А імя яе як?

– Эмілія, а назвіско запаментаў, ведаю хіба, што з нейкага нямецкага роду, які даўно асеў на Літве.

Крым, як лёгка тут дыхаецца. Усё цела сілкуецца і насычаецца марскім паветрам. Дзіўны гэты край, такія велічныя горы. І гісторыя паўсюль – грэкі, скіфы, татары, туркі, расійцы… Адпачывае тут шмат рознага люду – дваране, мяшчане, інтэлігенцыя, духоўнікі. Нямала і дзівакоў, вось як гэты, што ідзе па сцяжынцы, паэта расійскі, чорна-кучаравы, нібы мурын. Пільнуе мяне ў выцечках і пазірае гэтак дзіўнавата…

Як там край мой? Ці доўга будзе трываць здзекі шляхта, калі пачнуць ужо царскіх карнікаў класці па лясах?! Край мой, Айчына, не стае мне цябе, як і здароўя. Але толькі тут, у далёкім ад’ездзе разумею, што цябе немагчыма параацаніць. І толькі як страціш цябе, тады ўсведамляеш гэта. На такой адлегласці бачу хараство тваё ва ўсёй прыроднай аздобе. Я вельмі па табе сумую. І так усё жыццё…

Час сыходзіць з гары.

– Ісці па дамах і апартаментах і ўсім прапаноўваць квіткі.

– Пане Станіславе, артысты спалоханы, білеты прадаваць забаранілі, жандармы паўсюль цікуюць нас, хутка наогул зачыняць тэатр і забароняць прэм’еру. Такія самыя оперы ў Грэцыі і Бельгіі да паўстання давялі. Ой, даможамся мы арышту…

– Шаноўныя калегі, нам нельга адступіцца, гэта наш гонар і пакліканне – праз музычны тэатр будзіць павагу да нашай багатай культуры, да нашай славутай гісторыі, да літвінскага люду!

– Ой, пане Станіславе, тымі рамансамі, на народных песеньках заснаваных, Вы ўжо стварылі сабе такое “неблаганадзёжнае імя”… Можа лепей у Варшаве?

– Не, прэм’ера мусіць адбыцца тут. Менск першы пачуе “Сялянку”! Я адчуваю гэты выклік, ён пранізвае і ахінае мяне. Але ж, прыяцеле, час нам выходзіць… З цвёрдым сэрцам і Верай!

– Аристант, встаньте и отойдите к стене. Ваша еда. А вот Вам губернаторский отказ о замене казни на каторжные работы… Пане Вінцэнце, далей мушу шэптам. Вашыя допісы пераказаў, усе вельмі задаволеныя. Прасілі яшчэ. Кажуць Ваш зварот да сялянаў вельмі дарэчы. Але ж ці не апошні гэта твор, паночку, бо на пляцы ўжо шыбеніцу рыхтуюць… Хутка прыедзе ксёндз для апошняй споведзі. Вось тут маеце яшчэ атрамант, пяро і трохі паперы. Пішыце, людзі чакаюць. Але ж ледзьве не забыўся – вось лекарскія парашкі ад Вашых боляў… Увага! Ідзе наглядальнік і варта. Аристант, здавайте библиотечные книги!