Выбрать главу

– Выходим без вещей за стражей во двор!

Шэрае ліцвінскае неба. Шыбеніца, смяротны каравул. Пошчак барабанаў і зачытанне прысуду. Пад кожным словам ён мог падпісацца шматкроць – падбіваў, “оскорблял власть императора”, бухторыў, “давал нечаянные надежды низкому сословию”, аказваў супраціў, “покушался на государственное устояние”, узбройваў атрады “инсургентов”, бунтаваў, “препятствовал экспедиции начальствующих”, забіваў служылых казакаў, “собственноручно проводил пристрастные дознания офицеров”, стварыў сетку “неблагонадежной литературы”, “содействовал убытию от преследования политических преступников”, “с жестокостью прерывал работу служителей”… Ваніты бралі ад гэтых чужых словаў. Як іхняя ўлада яшчэ пануе з такой брыдкай казённай мовай?! Маё пакаранне ім нічога не дасць, ужо тысячы крочаць па гэтым следзе.

Але адкуль гэтая прыязнасць да свайго? Дзе тая магутная крыніца – у якіх мясцінах? Ці часінах? Здагадка прымроілася і знікла, потым зноў праявілася ўжо бліжэй... Непераможаны дух зварушыўся і пачаў сыходзіць далёка, за тло нечаканай лёгкасці ў скронях…

– Алаізка, я проста замілавалася вершамі аднаго паэта! У ягоным зборніку ёсць паэма, напісаная паводле рэальнай гісторыі, што адбылася ў маёнтку недзе на Лагойшчыне. Гэта гісторыя няроўнага кахання з трагічным канцом. Слухай, там пакахаліся хлапец з дзяўчынкай, але ён з беднай сялянскай сям’і, а яна з багатага панскага роду. Яе брат спачатку вельмі шкодзіў ім, а потым, уяўляеш, увогуле забіў і нават спаліў хлопца. Дзяўчына не вытрымала і наклала на сябе рукі, а яе брат-забойца ад гора і віны звар’яцеў. Трагедыя стала расплатай за шчырае каханне і за яго руйнаванне. Дык, мне вось цікава, які ён, гэты паэт, як выглядае той чалавек, што напісаў такія кранальныя радкі?

– Зноў шляхецкая фанабэрнасць, колькі я наелася яе са сваімі братамі! Потым і ў Віленскай вучэльні, і ў Львове, і ў Кракаве. Ды, паўсюль! А ці апісана хоць ў тваёй паэме жыццё нашай вёскі?

– Тааак! Паэт вельмі рамантычна і, адначасова, рэалістычна выклаў высокія прынцыпы народнай маралі!

– Такія сюжэты вельмі прыдатныя для пастановак у Батлейцы. Але, Уладзя, жанр не новы, да яго яшчэ Дунін-Марцінкевіч і Багушэвіч звярталіся.

– Я і не кажу, што новы, проста так паэтычна, так пачуццёва, ды, па-беларуску і па нашых абставінах! Я такога яшчэ не сустракала! Аўтар гэтага твора мусіць быць добры, высакародны, а можа і прыгожы!!!

– Вось і напішы яму праз “Нашу Ніву”, калі не зазнаўся – адкажа. Дарэчы, здаецца, ведаю я твайго паэта, сустракаліся ў Пецярбургу.

– Праўда?! Алаізка, распавядзі пра яго, распавядзі!

– Не, вар’ятка, не час, адкладзі сваю мілосць, дай рады разгулу пачуццяў і збярыся з думкамі, бо нам цяпер важней справа нелегальных школак пад Лідай. Калі іх накрыюць жандармы, у дзетак не будзе адукацыі на роднай мове, а ў нас з табой не будзе анічога, акрамя вязніцы, камеры і баланды.

Ужо некалькі гадоў мінула з расійскай рэвалюцыі. Гэтая імперыя руйнуе сама сябе. Імперыя, у змаганні з якой пакладзена столькі жыццяў, паламана столькі лёсаў... Жудасная драпежніца з’ядае сябе знутры.

Гародня, ахутаны гісторыяй горад, улюбёны мой горад. Тут, мусіць і наканавана мне адыйсці да Бога.

– Пані, выбачаюся, тут скрутак з аптэкі, яго перадаў пан Нагорскі, а таксама ліст з Віленскага таварыства прыяцеляў навук.

– Эльжбэтка, пакладзі ўсё на стол. Дзякуй. Ідзі дзяўчо, мне трэба паразважаць… адной.

Дзіўны лёс мне падараваны. Кляштар, накладзены на маладое шаленства, шлюб з бедным Петрыкам, які без віны так пацярпеў праз маю безкампраміснасць. Змаганне, палітыка, пераследы. Раман з Рамуальдам. Шлюб з Нагорскім. Калі Бог даў мне гэтае жыццё, то даў і магчымасць яго годна пракрочыць. Азіраюся і бачу мой падмурак, мае трывалыя слупы – народ, паўстанне, літаратура. Дзеля народу былі школы для простых дзетак, выступы за роўнасць кабетаў, клопат пра беларускую вёску, пра фальклор і духоўнае багацце сялянаў. Дзеля паўстання аддадзена нашмат болей – і грошы, і маёнтак, і маладосць. Дзеля яго было ратаванне Траўгута, клопат пра выжылых, ды і “Gloria vicis” дзеля яго. Але найвялікшым каханнем, ад усёй душы, была літаратура. Асабліва “Хам”. Нават усе намінацыі на Нобельскі дыплом не вартыя яго…