Выбрать главу

Насычаны, шчыры і аватунтурны лёс, варты пражыць яго зноўку і шматкротна!

Набыць сусветнае імя і знікнуць у Заходняй Беларусі. Мець выбар жыць у любой краіне свету і пераехаць у Вільню. Магчымасць добра зарабляць і рашэнне жыць сціпла. Творчы лёс дзеля мастацтва, але жыццё дзеля каханай і паспольства. Стварыць высока ацэненыя і сусветна прызнаныя эмацыйныя пейзажы, але займацца вырабам дэкарацый. Творца мае нядоўгі перыяд квітнення, за які ён выгарае і выкладаецца ўшчэнт. А потым нібы стаіць на ўкрайку разоры, адкуль рушыць альбо ў вір поўнага распушчэння ў творах, альбо ў асалоду сямейнага жыцця і грамадскай карысці.

А яшчэ заўсёднае служэнне праз шалёнае выплёскванне эмоцыяў на холст, адлюстраванне надрыўных жалобна-агрэсіўных сюжэтаў. Хацелася выклікаць у гледача такія ж моцныя перажыванні, якія меў сам. І менавіта мясцовае гераічна-змрочнае неба над самотнымі восеньскімі дрэвамі, якія адчайна гнуцца пад злым ветрам, ушчэнт вырываюць чалавека з мяшчанскае раўнавагі.

Мінула толькі 20 гадоў пасля Першай сусветнай, а немцы пачынаюць ужо другую... Край мой заўжды між пажарамі, цяпер паміж фанатызмам нацыянал-сацыялізму і вар’яцтвам бальшавізму. Колькі яшчэ вытрымае між тымі драпежнікамі другая Рэч Паспалітая? Адвечнае жыццё на мяжы! Колькі эмоцыяў і пачуццяў! Вось чаму не магу з’ехаць адсюль, не магу збегчы з гэтага выбуховага жорнава. Хаджу ў творчым трымценні і кожны дзень адчуваю шалёную буру! Найлепшае асяроддзе для стваральніцтва!

У навучальнай майстэрні было ціха, усе працавалі моўчкі, быццам прадчувалі навіну:

– Сябры, у мяне кепская навіна: указам Сталіна адменены дзяржаўныя стыпендыі. Акрамя таго, што адмянілі стыпендыі, за навучанне будуць браць плату, ды такую вялізную, што можна параўнаць хіба з коштам каровы! Я асабіста не здолею далей вучыцца і мушу вяртацца назад да бацькоў, на вёску... Здам экстэрнам іспыты і выпраўлюся на Украіну, мо там нешта зараблю, а потым можа і ў Інстытут паступлю. А так хацелася займацца мастацтвам, так доўга пра гэта марыў і так шмат дзеля гэтага зрабіў!

– Васіль, ты таленавіты хлопец, ты знойдзеш сваё мастацтва. Можа не скульптура, можа не жывапіс, але абавязкова знойдзеш. Абавязкова, чуеш, не здавайся! Але хутка вайна, навокал усе пра гэта кажуць і ўсе да яе рыхтуюцца. Пэўна болей не спаткаемся...

Можа дарэмна адмовіўся збегчы ў Чэхію? Але ж тады не выратаваў бы Косціка Міцкевіча, ды і сваякоў бы арыштавалі. Якая крыважэрная гэтая ўлада, ніколі не даруюць мне той стары верш пра будучыню… А цяпер адмыслова вырвалі з эвакуацыі, каб цкаваць чуткамі з акупаванага Менску. Няўжо там і сапраўды вуліцу маім імем назвалі?

Не мінае напружанае пачуццё небяспекі. Нібы забіўся ў кут і ўжо не вырвацца са смярдзючых “братэрскіх” абдымкаў… Ужо класава свядомыя заганялі ў гэты кут, і тады заставалася два выйсці – ці зламацца, ці пырнуць сябе нажом. Не трапіць у іх рукі, не паказаць сябе слабым і не ўзяць на душу грэх агавору. Зараз новая пастка…

На сёння прыніжэння досыць. Сустрэчы ў Саўнаркоме ў Былінскага ўжо не будзе, дарэмна чакаў. Стары іхні спосаб прынізіць – выклікаць і прымусіць без сэнсу чакаць увесь дзень. Ці перадумалі размаўляць са мной? Тады які іншы сродак гвалту абралі? Без шкоды ў спакоі не пакінуць. Усё, варта ехаць у гатэль. А ў якім мяне пасялілі? А, “Масква”! Нават гэтым паказалі месца… А наглядчыкі ў скураных паліто цікуюць ад самага ранку – з кім перамовіў, куды пайшоў, якую газету набыў? Няўжо і ў гатэль за мной паедуць?! Досыць... Не бачыць ім болей маёй ломкі, не будзе тых фальшывых дыфірамбаў і зацвілых партыйных фарсаў! Варта да скону мець гонар і пільнаваць імя!

– Ну, шо ты, бл.., упираешся? Ты уже никто, ты просто кусок мяса. Твой муж все подписал, все признал и за себя, и за тебя. Обосрался пару раз от страха, а так держался как интеллигент! Ты же еще молодая баба, может со своим Янкам еще детей нарожаете. Ну, конечно, после трудового искупления в лесах матушки Сибири. Если выживете. Бабам там тяжело. А семья твоя почти кончена – мамка и сестры в Казахстане померли, один брат в 44-м в Италии погиб, другой – в 45-м в Германии. Сынуля твой в братской народной Польше остался. Все, теперь тебе с нами жить… Бл..! Епт…, сержант! Она снова отключается! Лей воду! Лупи по щекам! Сади ее на стул. Чево она там бормочет? Где архив, сука фашистская?!

– Можаце рабіць, што хочаце. Але я нічога сказаць не здолею, бо не ведаю, куды архіў павезлі. Меркавала, што траплю на допыт, таму загадала, каб без мяне хавалі, а самі зніклі… Усё, спадарове чэкісты, як у вас кажуць, абдзелалісь! Я нават пад катаваннем нічога не скажу! Бо не ведаю! А вас брыдотных вылюдкаў ненавіжу да... да апошняй часткі душы, бо люблю Беларусь і гэта ўзаемна! Вам не зразумець, з якіх тое крыніцаў!