Выбрать главу

Стары цыганскі родавы пярсцёнак амаль не рухаўся на пальцы, але церабіць яго была старая звычка – калі паўставала патрэба ў цяжкіх ці глыбокіх развагах. Так было калісь з падаючай стралой, так было не так даўна і з Белай мышшу...

Палявы шэўрон паляцеў у сметніцу і лёг там на вельмі віднае месца. Вочы доўга не адрываліся ад яго. Колькі ўспамінаў. Але ехаць на Радзіму з такім шэўронам вельмі рызыкоўна.

У вачах пацямнела і яна ледзьве не звалілася. Выратавала плячо Аляксея, за якое атрымалася ўхапіцца ў апошні момант. Цяжка было выбірацца з дому і ехаць сюды, але сустрэча вартая і важная. Стан такі, што ні восеньскае сонейка, ні старыя сябры не ратавалі. А быць моцнай патрэбна, дзеля справы, у памяць бацькі і ўсіх... Усмешкі праз боль. Служэнне праз нягоды. Ідэя сярод абыякавасці. Трываласць дзяўчыны ля слабасці мужчынаў. Упартасць сярод безпрынцыповасці. І адкуль гэтая моц, невыказаная і незразумелая нават самой?

У іх не атрымлівалася завязаць кантакт з мясцовай расай, бо не існавала агульнай падставы дзеля паразумення. Ледзяныя развагі гасцей абсалютна не стасаваліся з сентыментальнымі ідэямі, якія віравалі ў свядомасці жыхароў гэтай планеты. Немагчыма было спасцігнуць мясцовы чын мыслення, насычаны прымітыўнымі пачуццёвымі каштоўнасцямі. Больш за тое, самыя пранікнёныя тубыльцы атачалі адну з атрыманых у спадчыну вербальных сістэмаў вобразамі блізкасці, сімваламі адданасці і вернасці, а таксама суправаджалі свае пачуцці абавязкам служэння ёй.

Госці мелі розум, глыбока і слепа абыякавы да нервовых узрушэнняў, таму чын мыслення, засмечаны эмоцыямі, выклікаў у гасцей агіду і няўхільна змушаў да высновы, што на гэтай планеце адсутнічае чысты інтэлект, а праявы разумовай дзейнасці выпадковыя і ажыццяўляюцца праз імпульсіўную логіку.

Згустак калектыўнага розуму гасцей карыстаўся думкавымі імпульсамі – нашмат вышэйшай формай дзейнасці за логіку. Яны маглі апынуцца ў любым месцы Сусвету і паглынаць веды любых цывілізацый. Ім, істотам, якія авалодалі часам настолькі, што маглі ствараць яго ў патрэбнай колькасці, была абсалютна незразумелая прымітыўная прывязанасць да такіх непадкантрольных субстанцый, як жарсць і апантанасць.

Адна з форм мясцовага эмацыйнага спасціжэння Сусвету – літаратура – апісвала свет у фантастычных вобразах, паводле якіх у будучыні жыхары планеты авалодаюць такімі першымі цывілізаванымі рысамі, як тэлепартацыя ў межах хаця б сваёй галактыкі. Але да сапраўдных тэхналогій яны не сягалі нават у сваіх марах.

Госці былі гатовыя дзяліцца з новымі расамі галоўным сакрэтам іх развіцця – спалучэннем канцэнтраванай парапсіхічнай волі і адсутнага інтэлекту. Але такія эмацыйныя істоты, як тут, былі няздольныя вырвацца са свайго пачуццёвага сну, які здаваўся ім у вышэйшай ступені прыцягальным. Не было надзеі навучыць гэтую расу стабілізацыі касмічных целаў, стварэнню і ўдасканаленню жывых формаў, пераносу кропкі будучыні і вызначэнню кірунка эвалюцыі. Хаця бы прымітыўным формам парапсіхікі! Немагчыма, бо прадстаўнікі гэтай расы спазнавалі свет праз гульню вобразаў, праз перажыванне абыякавасці і спачування, нянавісці і любові, чужога і роднага… І выглядае так, што яны шчаслівыя ў сваіх бясконцых прымхах і ў сваім эмацыйным палоне…

Адна з прымхаў складалася ў тым, што жыхары гэтай планеты задаволена і самаўпэўнена называлі сябе ўладарамі жыцця, хаця адзіныя сапраўды разумныя істоты жылі тут у акіяне.

– Каханая, я далучыў цябе, транслюю цудоўны ранак і ўспамін пра нашыя будучыя шчаслівыя сумесныя гады! Сузірай праекцыю – мы сям’я, у нас было вяселле, мы чакаем дзетак!

– Я больш так не магу...

– Што не так?! Зноў у эфіры гэты руйнуючы нестрым! Я так і не навучыўся цябе разумець… Ты дзікая і невытлумачальная… Чаму ізноў патрэбна пераходзіць у цела, днямі глядзець на жудасны рэал, жыць успамінамі пра страты, насіць кучу змрочных энергій?

– Таму што хачу ўсё непрыхавана адчуваць і наяве перажываць усе эмоцыі!

– Адкуль у цябе такія памкненні, чаму ты жывеш у сваіх знешніх рысах? Куды рвецца твая неспакойная душа? Я досыць зарабляю, каб арганізаваць нам найлепшы выходны, цудоўнае надвор’е, падарожжа, сумесны вечар з бацькамі, у любой частцы свету, не выходзячы з дому…