Выбрать главу

– Выбач, сыходжу з поля. І ведаеш... Мушу знайсці сабе такога ж ненармальнага рэала і ўлюбёнага ў тое ж самае…

– Сонейка, я люблю тое ж самае – краіну нашую, якую як заўгодна ствару і размалюю, гісторыю спраектую славутую, мову, музыку, культуру, тваю паспяховую кар’еру. І дамагуся прызнання цябе ва ўсіх гарызантальных і вертыкальных полісах!

– Хопіць, не хачу болей штучнай прасторы. Не хачу вірт-кахання і Радзімы ў праекцыі. Хай лепей жудасная праўда. Жывы недасканалы чалавек поруч і фізічная, змрочная, але сапраўдная зямля пад нагамі. Бо пачуцці не жывуць у вірце. Яны немагчымыя ў рухах думкі па сэнсару, але толькі ў рэчаіснасці і ва ўчынках!... Мне патрэбныя іншыя стасункі, з іншым чалавекам, іншага кшталту.

– Мамулік, а чаму ты нас вучыш вербальнай мове? Яна ж састарэла!

– Бо яе нам перадалі многія пакаленні да нас. Гэта скарб, гэта дар Боскі, як Радзіма, як маці, як каханне. Гэта тое, што мы ў жыцці не абіраем, а атрымліваем у падарунак і мусім гэты падарунак несці ахайна і ўрачыста.

– Бог, Радзіма, каханне – ты кажаш катэгорыі, якія ў садку не транслююць!

– Вось у гэтым і заганы вашай пачатковай адукацыі – усё толькі прымітыўна-тэлепатычнага ўзору. Не тое, што ў мінулых пакаленняў!

– А дзядуля і бабуля – гэта мінулыя пакаленні? Яны таксама ўжываюць толькі псіха-тыпы. А калі яны мінулыя, чаму выглядаюць як ты і тата? А раней усе карысталіся голасам, калісьці не было нават тэле-топаў? А колькі пакаленняў было да нас? А гэтая мова старая?

– Дзеткі задавайце пытанні гукавой мовай! Яна вельмі старая. Вось вам усяго па 86 годзікаў, а нашай мове паўтары тысячы!

– А чаму тады іншыя не гавораць гукамі?

– Ну, дзеткі, людзі розныя бываюць, нехта слыху фізічнага не мае, нехта адукацыі добрай не атрымаў, нехта лайдакаваты, нехта можа маляваць толькі катэгорыі, але большасць людзей проста не адчувае патрэбы ў нечым большым, чым атрымалі з псіхапачаткам. Не даў ім Бог пачуцця свайго, роднага …

– А ты маеш такое пачуццё? Адкуль ты яго ўзяла?

– Адкуль? Сама не ведаю… Усё, дзеткі, пара спаць, дабранач!

Гэта ўжо стала вельмі ўдалым бізнесам – бязмежныя ў часе сістэмы забеспячэння жыцця цела дзеля пастаяннага існавання ў віртуальнай прасторы. Усё болей і болей людзей пакідаюць рэальны свет і назаўжды сыходзяць у паралельную актыўнасць, застаючыся там да самой фізічнай смерці і нават пасля яе – наколькі доўга хапае запаветаных ці заробленых віртуальных грошай дзеля забеспячэння працы мозга. Іхнія думкі і ідэі існуюць там бясконца, бо ствараюцца ўсё новыя і новыя віртуальныя пласты, дзе можна падарожнічаць стагоддзямі. У віртуальны свет занесены самыя шчырыя перакананні і каштоўнасці, таму там утварыліся свае культуры і цывілізацыі, якія, як іх рэальныя папярэднікі, спрачаюцца і нават ваююць.

– Падмурак маёй праграмы грунтуецца на адным зразумелым і актуальным зараз прынцыпе – я патрабую поўнай і адкрытай ідэнтыфікацыі ўсіх без выключэння грамадзянаў! Патрэбна ў хуткім часе катэгарычна спыніць усе атакі на Ўніверсальную Грамадскую Сетку. Мы ўсе ведаем, што гэтыя атакі а-логікі арганізоўваюць ананімныя эмацыяналы – адшчапенцы, маргіналы, адасобленыя хворыя персоны, якія імкнуцца навязаць нам састарэлае нерацыянальнае права на асабістае, схаванае ад грамадства, жыццё, што ўшчэнт руйнуе самі падставы нашага каштоўнага, здабытага стагоддзямі і авеянага легендамі Супольнага Публічнага Ўладкавання. Дзеянні эмацыйных ананімаў падрываюць аўтарытэт Сусветнай рады і дыскрэдытуюць Глабальную Сістэму Кантроля, якая гарантуе устойлівым і лаяльным грамадзянам стабільнасць і ўпэўненасць у заўтрашнім спакойным ранку. Галасуйце за мяне і мы сумеснымі намаганнямі прывядзем грамадства да прадказальна-ураўнаважанага стану.

Ягонае палімернае цела не адчувала нічога, акрамя прыемнага забеспячэння інфармацыяй. Ён заўважыў невялікае пер’ечка, якое зачапілася за травінку і трымцела на ветры. Ён ужо пацягнуў руку, каб вызваліць пер’е з палону, але спыніла імгненна народжаная думка: не варта парадкаваць выпадковы збег жыцця, парушаць навакольныя акалічнасці і складаныя ўзаемадачыненні хаоса і прадвызначанасці. Як не варта выносіць меркаванне аб тым дзіўным урыўку інфармацыі, які нечакана патрапіў да яго праз пашкоджанае поле. Эмоцыі. Гэта было вельмі і вельмі непрыемным адкрыццём і страшэнным засмучэннем. З эмоцыямі было даўно скончана. І хаця часам знаходзіліся прымітыўныя формы жыцця, якія спыніліся на эмацыйным этапе эвалюцыі, усе цывілізаваныя істоты, тым болей зканструяваныя імі паралельныя прасторы, ніколі не дапускалі стратнай хваравітасці адчування.