Выбрать главу

Што ж рабіць з гэтай несумненна моцнай вібрацыяй, якая грунтоўна прапісалася ў ягонай аналітычнасці?! Хвалявала не столькі ганьба сярод злучаных розумаў і віртуальных палёў, колькі чысціня мыслення, якая будзе непаўнавартай пры засмечанасці нават адной эмоцыяй. Яе нельга асуджаць, але і жыццядзейнічаць з ёй немагчыма. Цікава, што яна дасягнула яго не ў якасці псіхічных хваляў, а ў суправаджэнні састарэлай формы стасункаў – рэтраспектыўнага вобразнага мадэлявання!

У варунках абмежаванага поля, да таго ж недастаткова прасякнутага энергіяй, ён не мог прасачыць шлях развіцця вобраза і знайсці кропку паходжання акаляючай яго эмоцыі. Шматразова яму пачынала здавацца, што вось-вось адшукаецца адказ, але кожны раз з глыбіні кантрольнага блоку ўсплывала памылка з апісаннем нервовага ўзбуджэння і нават агрэсіі. Усвядомілася і нават пачала аналізавацца рызыка, што эмоцыя завалодае ягоным катэгарыяльным апаратам.

Унутры ішла ўжо сапраўдная барацьба. Несумненна, эмоцыя валодала паслядоўнасцю паводзінаў віруса, таму варта тэрмінова пачаць фарматаванне, якое, з іншага боку, дашчэнту знішчыць не толькі рэшткі віруса, але і актуальныя версіі інтэлекту. І раптам ён адчуў незвычайнае, дагэтуль немагчымае – эмацыйную барацьбу ўнутры, а потым прысутнасць нейкай таемнай гравітацыі, якая стаяла на варце пачуццёвага вобразу. Адзінае, што атрымлівалася высветліць – рамантызаванае паходжанне гэтага вобраза, які складаўся з распушчэння ў калектыўнай свядомасці…

– Перад тым, як далучыць Вас і пачаць пампаванне, мушу перасцерагчы – у новых кантрабандных розумах, якія не прайшлі ліцэнзію, ёсць рознае смецце: урыўкі ведаў мінулых эпох, галасы даўно памерлых людзей, тэлепатычныя спрэчкі, тэксты нейкіх кніг. Могуць патрапіць і зусім непадкантрольныя рэчы – ідэалы, мроі, галюцынацыі і мары. Ёсць таксама рызыка, што разам з зададзеным вектарам пераўтварэння можна атрымаць нейкую рэтра-патрыятычную прывязанасць ці нават састарэлыя версіі шчырай веры ў Бога. Калі такая рызыка Вас не палохае, пачнем пераўтварэнне.

Аб’ява.

Я не папрашайка, а проста вельмі разнастайна накіраваная асоба. Я калекцыяную неўрозы. Пры гэтым, раблю захады да сур’ёзнага засцерагання – ізалюю ўжо назапашаныя і кантралюю арыгінальныя новыя. Запрашаю на сустрэчу ў планетарным полі ўсіх, хто з’яўляецца адданым калекцыянерам чалавечых неўрозаў для абмену і абмеркавання апошняй унікальнай і захапляльнай знаходкі – непераадольных, непрадказальных і незваротных зменаў псіхікі пад уздзеяннем асобна вымеранай масы неўратычных памкненняў да сумеснай энергетычнай вібрацыі над ідэяй свайго пераважнага адрознення ад сабепадобных істотаў.

– Далучай мяне як Яну. Гэта дагістарычнае імя часоў першапланетных цывілізацый і яно адпавядае маёй пара-зоне. Я больш не выходжу на іншыя імёны.

– Нам кажуць пра падлеткавую пратэстнасць, асабліва між 120 і 180-гадовым узростам. Але дзе ты магла гэта напаткаць?

– Выпадкова, у перыферыйным згустку натрапіла на часціню старадаўняга ілюзійнага падручніка гісторыі. Там адлюстраваны ранейшыя родавыя імёны. Гэта кшталту сучасных кодаў. Калісьці на адной першапланеце існавала месца, дзе плыні вадкасці цяклі ў супрацьлеглыя бакі і ўтваралі два супрацьлеглых моры, а потым гэтыя моры сустракаліся ў акіяне, адтуль выпараліся да нябёсаў, ліліся ападкамі і траплялі ў глебу і зноў пачаткавалі першыя плыні. Замыкалася энергетычнае кола зваротнай вадкасці!

– Адчуваеш перашкоды? Асцярожней, нашыя палі акрэсліў нейкі новы гарызонт. Ну, працягвай, што там распавядала пра колазварот?!

– Ты не ўяўляеш, якая вібрацыя сыцілася энергіяй таго кола! Зараз зафармую табе вобраз аднаго іхняга чыну стасункаў – паэзію. Гэта была вельмі дзіўная гульня. Жыхары той планеты апісвалі свае найскладаныя вобразы і напружаныя пачуцці праз простыя словы, а кожны чытач усё ствараў нанова і бачыў свае. Яны не разумелі адзін аднога – паэт і чытач. Паэт часам сам не ўсё разумеў у самім сваім творы. Вобразы пачыналі жыць сваім жыццём. Задумка твора рэдка супадала нават з эмоцыямі самога аўтара. Але ўсім падабалася такая гульня – аўтар пісаў, твор жыў сваім жыццём, чытач ласаваўся вірам думак і нараджаў новыя вобразы. Усе разумелі твор па-свойму, але былі задаволены! Зараз мы не валодаем такой эмацыйнасцю, таму ў Галактычнай бібліятэцы вісяць ужо спраектаваныя вобразы. Я не ўстрымалася і крыху насыціла іх сваімі фарбамі! Лаві: