Выбрать главу

Мяккі і рухомы час пры заходзе зоркі

Абняў і лёг на высокія і нізкія расліны.

Каляровыя адбіткі роўнай вадкасці

Асцярожна з паветрам зацягваюць мае вусны...

Паўзу спыніў ціхі, нібы шэпт, павеў ласкавых тэлепатычных эмоцый.

– Цывілізацыя даўно страціла тую планету, яна згубілася ў далёкіх прымітыўных напластаваннях. Але мяне працяла гэтая ідэя і я ўжо не магу ад яе адлучыцца...

Гістарычныя рэжымы катэгарычна адмоўна ставяцца да фантастычных тэорый, якія грунтуюцца на старых міфах. Паводле іх чалавецтва на золку эвалюцыі нібыта мела фізічныя формы, якія не карысталіся хаця бы простай палярнай энергетыкай, што чалавецтва нібыта зарадзілася толькі на адной планеце – недзе на ўзбочыне прымітыўнай галактыкі гравітацыйнага ўзору, што на гэтай планеце быццам існавалі адрозныя чалавечыя расы, якія асобна жылі на сваіх кантынентах, адарваных пластамі вады. Яшчэ больш неверагоднымі выглядалі міфы пра лакальную фізічна-эмацыйную прывязанасць людзей, якая прымушала ненавідзець і нават забіваць сабе падобных.

Сенсацыя прыйшла з археалогіі і адразу выклікала абурэнне. І не толькі гуманоідаў. Чалавецтва, якое даўно стала фактарам удасканалення прасторы-часу не магло ніколі жыць у такім варварскім стане. Таму навуковыя пастыры шмат якіх цывілізацый паставілі пад сумнеў арыгінальнасць і праўдзівасць новай археалагічнай знаходкі.

Па-першае, гэта былі рэшткі дагістарычнай тэхналогіі абмену інфармацыі праз рэтранслятары. Менавіта такі рэтранслятар невядомай расы гуманоідаў некалі выслаў паведамленне, злоўленае фільтрацыйным зондам, які вынырнуў у прасторы нейкай старой зоркі з даўно выпаленай планетарнай сістэмай.

Па-другое, атрыманыя ўрыўкі інфармацыі апісвалі адасобленую кліматычную зону, якая не валодала ніякімі фізічнымі каштоўнасцямі і не мела ўзораў натуральнай прыгажосці, прызнаных эстэтычна развітымі расамі. Але жыхары той культуры былі здольны да пачуццёвага захаплення невытлумачальнай этымалогіі, якое валодала самапамнажальнай здольнасцю і давяло археолагаў, што дэшыфравалі яго, да хранічнага падрыву біяполя і прымусіла прайсці працэдуру катэгарычнага структурнага ачышчэння. Якое, зрэшты, не дасягнула жаданага выніку...

Ідэя калектыўнай прывязанасці да неэстэтычнага аб’екту – невытлумачальная на сучасным этапе развіцця цывілізацыі. Такія дагістарычныя формы сацыяльнай сувязі прызнаныя шкоднымі і даўно пераадолены. Цяпер кожны мабільна-зкантактаваны інтэлект уяўляе з сябе цэлы Сусвет з мэтанакіраванымі прынцыпамі па пераўтварэнню самых глыбокіх пластоў прасторы ў кірунку Сусветнай гармоніі.

Аднавіўшы ідэнтычнасць на невядомай планеце, новапрыбылы розум пачаў шукаць стабільную і адэкватную гэтым варункам форму. Даволі хутка ён пераўтварыўся ў амаль роўную сферу, крыху спрэсаваную згары і на доле. На тле дадзеных фізічных законаў такая форма дазваляла ажыццяўляць строгую разумовую дзейнасць. Форма хутка насыцілася мясцовай энергіяй. Невялікія намаганні дазволілі злучыцца з агульнапланетным полем, і пасля доўгіх бадзянняў па ягоных лініях, розум так і не знайшоў кропку адліку – агульную думку, ад якой можна было пачынаць выразнае разважанне. Поле было завалена ўрыўкавымі згадкамі з мінулага, аскепкамі інфармацыі пра развіццё думкі і тэхнікі… Асобныя блокі інфармацыі не стасаваліся між сабой, іх узаемасувязь рвалася экспрэсіўнымі алагічнымі паняткамі, якія абсалютна не паддаваліся ніякай строгай фармалізацыі.

Пасля некаторых спробаў атрымалася зафіксаваць дзіўны гістарычны кавалак – насычаны мараллю ўспамін пра непрыветны, але энергетычна густы перыяд гісторыі гэтай планеты. Розум шукаў рэтраспектыўны сэнс успаміна, але не знайшоў анічога, апрача ледзь улоўнага павеву шкадавання страты… Розум неахвотна развітаўся з ім. Ён глыбей прасякнуў у стужку часу і знайшоў там перыяд, дзе істоты, якія валодалі прасцейшымі спосабамі кантролю часу, спекулявалі на вандроўках па розных перыядах. А поруч знайшоўся і матыў такіх паводзінаў – нескладаная абстракцыя прыязнасці да нейкай групы істотаў, ад якіх выпраменьвалася бурлівая ўсепаглынальная хваля – неўсвядомленая, непадкантрольная інтэлекту, хаатычная, складзеная з жывёльных інстынктаў і першабытных перакананняў.

Ён паспрабаваў успрыняць гэтую абстракцыю і знайсці яе часавы пачатак, але наштурхнуўся на супрацьдзейсны фон. У той жа момант сфера пачала вібраваць і губляць гармонію. Толькі адхінуўшыся ад непраходнага фону, ён здолеў спыніць парушэнне формы. Розум не паспеў класіфікаваць гэтую абстракцыю, як раптам яна самаўладна заняла трывалае месца ў ягоным архіве.