Выбрать главу

З-за такога свавольнага пранікнення не атрымлівалася пабудаваць трывалы лагічны ланцужок, а без яго немагчыма было прасачыць эвалюцыю гэтай абстракцыі за больш-менш заўважны адцінак часу. Магчыма, гэта фантазія нейкага прымітыўнага калектыўнага розуму, фантазія, якая стала для яе носьбітаў міфам ці рэлігіяй. Розум ужо не хацеў губляць набытае, якое з-за сваёй неспасцігальнай прыроды станавілася асабліва прывабным і нават каштоўным.

Пераўвасабленне – рызыкоўны і небяспечны працэс. Страта ідэнтычнасці нават на імгненне пакідае свядомасць абсалютна безабароннай, а працяглыя і шматразовыя пераўвасабленні бясконца павялічваюць сукупную працягласць існавання ў “забыцці”. Недаследаванасць гэтай часткі адкрытых вымярэнняў палохае ўсіх, але пры гэтым і вабіць катэгарычна. Усе здольныя да пераўвасаблення ведаюць пра тое, што іхняе “Я” праходзіць праз невядомую вобласць, але не могуць нічога з гэтым зрабіць, нічога прадбачыць і тым болей не здольны ацаніць вынікі і наступствы імгненнага знаходжання “там”. Усе чаканні заўважных вынікаў, якія можна было б прааналізаваць, цягнуцца неверагодна доўгі прамежак, а наступствы не праяўляюцца і не станавяцца заўважнымі. Аднак усе ведаюць, а дакладней адчуваюць, што змены ёсць, што “прастора забыцця” не пакідае цнатлівым ніводны дух – ён становіцца цяжэйшым і засвойвае, уцягвае ў сябе частку “нечага”. Падазрэнні ў мэтанакіраваным уздзеянні “цёмнай вобласці” адкінуліся самі сабой, бо ўсе пераўвасобленыя не маюць агульных дэфармаваных ці набытых рысаў. Самыя магутныя аналітычныя канцэнтраты адступілі перад фактам унутранага адчування зменаў пры поўнай адсутнасці аб’ектыўных доказаў гэтых зменаў. Псіхоз назапашваецца. Пашырыліся паранаідальныя перакананні ў прыхаваным захопе ўсіх паралельных палёў адзінай таемнай “цьмянасцю”, якая не выказвае ні прынцыпаў, ні законаў, ні намераў. Магчыма, пакуль...

Ментальнае паходжанне. Зараз ужо цяжка вызначыць, калі яго адкрылі. Нашая невялікая планета спакойна ляцела разам са сваёй закінутай галактыкай. Якая роля магла быць выканана ёй? Якое адрыццё для разумнага жыцця? На тым этапе яшчэ ніхто не ставіў мэтаў па прасторавых падарожжах і даследаваннях. У нас панаваў абсалютны фаталізм. За ім тысячагоддзямі мы хавалі ўсе жахі і горшыя перасцярогі. Але адкрыццё ментальнай радзімы перакрэсліла мінулае і дазволіла насыціць дзейнасць розуму неверагодна жывой інтэлектуальнай разнастайнасцю. Стала не важна, як выглядае тваё цела. Набор рысаў духоўнай памяці стаў галоўным вызначальнікам, асноўнай адметнасцю разумнай істоты. Пры сустрэчы ўжо не цікавіліся, як раней, фізічным. Пошук у далёкіх і блізкіх сусветах, прыстасаванне да сябе іншапланетных сродкаў мыслення, гарманічнае ці дыскамфортнае іх адчуванне – вось што стала крыніцай напружанага натхнення жыхароў усёй планеты.

З’явіліся першыя светлыя істоты, якія знайшлі сваю ментальную Радзіму. Знайшлі планету, энергія і памяць якой, незалежна, захавалася тая форма жыцця ці яе цывілізацыя даўно знікла, ідэальна супадала з лініямі іх поля. У светлых нарадзілася здольнасць дзяліцца роднымі вобразамі, формамі стасункаў, відамі гісторыі, і нават стэрэатыпамі, забабонамі і эмацыйнымі прывабнасцямі. Цікава, што некаторыя светлыя ішлі далей – пачыналі вучыць сваіх спадкаемцаў культываваць гэтыя вобразы. Утвараліся нават ментальныя генерацыі, якія звязвалі сваё жыццё з полем “сваёй” далёкай планеты. Некаторыя настолькі паглыбляліся ў іншапланетную памяць, што набывалі выразныя рысы даўно мінулых часоў, а таксама прымхаў, уласцівых гэтым часам. У адной з суполак такая адданасць была прымеркавана да невялікага рэгіёну на залітай вадкасцю маленькай планеце.

* * *

Сонца прабілася праз каляровыя вокны і асвятліла залу цырымоній. Маршалак земскі і паслы цярпліва слухалі дворнага і чакалі адказу князя.

– ...Грамата пісана ў замку Трокі, 27 кастрычніка 1430 году.

– Добра, на подпіс да Канцлера і рассылайце.

Ужо досыць вялікі час не адпускалі думкі пра ўсё перажытае, пра сходы манархаў Еўропы, пра заснаванне Каралеўства, пра вырак Папы, пра карону, паскудна скрадзеную палякамі. Пра першую жонку і двух сыноў, забітых крыжакамі. Пра бацькоў, забітых стрыечным братам. Колькі давялося дараваць дзеля палітыкі, колькі разоў хаваць свае думкі і чакаць... Чакаць зручнага моманту дзеля помсты. Колькіх людзей паслаць на смерць ці забіць дзеля ўласнае ўлады – князёў і іхніх сыноў на Ворксле, дзяўчыну-выратавальніцу ў Крэўскім замку, тэўтонаў, татараў... А сваіх рыцараў і дружыннікаў, калі адабраў іх сыноў і дачок...