Выбрать главу

Дзе старыя мудрыя старцы, захавальнікі гісторый і знаўцы гераічных радаводаў?! Тыя, што ў немцаў завуцца герольдамі, а ў продкаў нашых былі апявальнікамі традыцый? Учора на піры гусляр нахабна праспяваў баладу пра падабенства майго лёсу з жыццём князя Усяслава Брачыславіча, які жыў тры стагоддзі таму. Народзіны ад валхавання, уздым дзяржавы, доўгачасовае ўладарства, двоеверства, уцёкі з Айчыны, страта пасаду і адваёва яго нанова, узнясенне славы між суседзямі, згадкі ў летапісах і спевах. Узгадаў гусельнік і маці маю, вайдалотку Біруту, якая служыла пры вечным агні, маці, якую ўсхвалялі за мудрасць ды яшчэ на гэтым свеце шанавалі як багіню...

Але болей за іншае непакоіла тая старая гісторыя з вядзьмаркай. Асабліва вабілі думкі пра паходжанне і першакрыніцы. Калі я заклаў ланцуг будучых увасабленняў, то хто заклаў маё, з якога ланцуга я сам?... А князь Бош Стары, а Рагвалод Готландскі, а Ўсяслаў Чараўнік, а Войшалк Руды, а мой дзед Гедымін Моцны?! А мой бацька?! Нееее, вядзьмарка! Ты засцерагала, але я хачу ведаць і не адступлю. Нават праз гэты раптоўны удар у скроні!... Хто я! Адкуль мае папярэднікі? Як хаця б на імгненне звярнуць позірк у супрацьлеглы бок, у бясконцы вір мінуласці? Няўжо гэта...

Заняло дыханне, зкамянелі рукі. Млосны, стомлены сон... Свядомасць пакрысе выплыла з забыцця, цела не слухалася, але грэла толькі-толькі набытая радасць ад мрояў, убачаных па-за ускрайкам розуму. Стала спакойна, у душу пранікла трывалая раўнавага і гонар за прадзедаў. Вось і здагадка. Пераможца! Пальцы заварушыліся самі сабою, нібыта спрабуючы нешта ўхапіць – ці то прастору, ці то час, ці то зямлю, ці то стагоддзі... Скрозь далоні пацёк перамешаны ў адзіную плынь размаіты глей былога і наканаванага...

СТАРЫ ОРДЭН

– Князю, яны ўжо злучылі орды трох ханаў – падольскага, крымскага і дунайскага. Маем занадта малое войска, каб супрацьстаяць ім. І толькі тваім светлым розумам тут не адолець. Вяшчун бачыў цяжкі сон пра цябе, стаячага ў чорнай вадзе...

– Ліст да Марыі ў Віцьбеск адаслалі?

– Так.

– Брату паведамілі, што не дапаможам з крыжакамі, каб сам трымаў іх?

– Так.

– На Амсціслаў падмацунак накіравалі?

– Так.

– Срэбра і сабалёў на хабары на захад адправілі?

– Так.

– Лоўчыя колькі вазоў з бочкамі засмалілі?

– 132.

– Прызначай канцэнтрацыю ля Пінска, ідзем на татараў.

– Пане, не варта ісці на штурм, зараз шыхтуемся для самай моцнай атакі, мы здольны яе паспяхова правесці без цябе.

– Не годна мне за насыпамі сядзець, калі мая дружына бярэ Баербург! Прагну славы! Кіньце ў пустым ядры за сцяну іхнюю грамату, хопіць чакаць!

– Пане, мы меліся дачакацца гарадзенскай харугвы!

Маршалак зрабіў крок наперад:

– Усе чулі?! Князь ідзе на прыступ, драбаў з раставымі тарчамі паабапал, пільнуйце арбалеты на сценах!

– Дружына павінна быць асаблівай. Набіраць з асельнікаў спаленых крыжакамі местаў і весяў. Каб былі злыя, нібы зімовыя ваўкі ці мядзведзі-бадзягі. Каб былі гатовыя рваць немцаў зубамі!

– Але як стрымаць лад у такой вар’яцкай дружыне? Хіба жорскімі захадамі. Каб не атрымалася як у апошняй абароне Наваградка. Ці як у паходзе пад Пскоў.

– Як там старая немка мяне праклінала – забіты будзеш на чужыне сваім паплечнікам нажом у спіну! Але ж такое ваяцкае паходнае жыццё – ніколі не ведаеш, дзе загінеш!

– Трэба памоцніць ахову.

– Мо і так, аднак, пабраціме, абяцай, як бы ні здарылася, прывезці мяне і пахаваць ля Каложы! Недарма ж мы цэлы горад зруйнавалі і перасялілі сюды! Хачу спачыць пад каложскім храмам. Абяцай, як бы цяжка ні было, але не класці мяне ў чужой зямлі!

– Абяцаю.

– Да маркі Брандэнбурга далёка, невядома як там складзецца, але трэба паспрабаваць на конях уварвацца шпарка, каб немцы не паспелі зачыніцца ў замках. Каб выведка крыжакаў нічога не зразумела, мы нібыта едзем ад Гедыміна да Лакеткі, быццам дзеля стварэння ліцвінскай аховы пры ягоным двары. А там адным пераходам у галоп пад сцены Франкфурта. З Лакеткам умовімся, каб пусціў чуткі пра ахову.

– Пане кашталяне, гэты паход – найскладанейшая справа. Гэта не проста абарона Гародні, Полацеска ці Пскова, гэта не засады і пагоні, гэта не простае спаленне крыжацкіх замкаў... Гэта самая вялізная і жудасная абраза, якую немцы не забудуць ніколі!

– Вось, браце, менавіта аб тым і вядзецца! Паходы да межаў Прусіі ці на Рэвель – гэтага ўжо мала! Трэба зладзіць такі напад, каб усе зразумелі – мы не зайцы, каб гібець у разоры і чакаць чарговае навалы. Чаму б нам самім не хадзіць да немцаў і не паліць іхнія землі! Але ж вярнуся да пачатку размовы – патрэбны самыя злыя і шалёныя воі, каб гэтую дружыну немцы запомнілі надоўга! Шмат людзей не браць, недзе каля тысячы, галоўнае, каб былі дзікія! Патлумач ім, што ідзем не за рабункам, а каб абразіць і прынізіць – мужоў усіх секчы, а матрон і паненак паланіць і забіраць, асабліва знатных. А яшчэ трэба ўзяць лацінскага пісара, якога ў Прусіі схапілі, хай апіша ўвесь паход і дашле лістом храністу нямецкаму. Таму храністу, які самы знаны ў іх зараз – Петэр фон Дусбург.