Выбрать главу

– А як ордум трымаць у такой неспакойнай дружыне? Будуць сваркі, асабліва за паланянак!

– Парадак пільнаваць даручы старэйшым пабрацімам, а каб сварак за немак не было, адразу папярэдзь – рознагалоссі вырашым дзелячы палон па-рооооўну! Ну, ты ж ведаеш, як на роўныя часткі дзяліць!!!

– А што рабіць з палякамі, якія дабраахвотнікамі да нас запыталіся?

– Хто іх правадыр?

– Нейкі рыцар з Мазоўшы на імя Анджэй, кажа з роду Госта.

– Хай ідуць, але рознымі шляхамі, сустрэнемся на мяжы Брандэнбурга...

Дождж біў па лісцях, таму крокі вояў па лесе засталіся непачутымі.

– Нават ахова балюе, варту не выставілі... Бавяцца...

– Якія вырак, княжа?

– Дружыну, ахову, дворных і абоз – усіх рэзаць, не пакідаць жывым нікога. Самога вылюдка не чапаць, хай будзе ў розуме, хачу на яго вачах аднаго за другім рэзаць ягоных сыноў. Увесь род пад камель! Туууут усе застануцца! Наперад!

...Наўскрайку лесу былі чутны енкі дабіваных дружыннікаў.

– Князю, старэйшага ягонага сына тут няма, толькі Рэпік і Рукля.

– Вядзіце іх. Зараз ты, стары злодзей, будзеш глядзець, як гіне ўся твая кроў! Дабяруся і да твайго старэйшага хітруна!

– Не чапай сыноў. Забі мяне, забірай княства, забірай скарб, але сыноў адпусці, Багамі заклінаю, не губі іх!

– Вось такія мольбы я табе і пасылаў, калі ты маю жонку схапіў. Абяцаў усё, абы адпусціў, пісаў табе пра нашае з ёй каханне. Але ты, стары пошаснік, яе зрабіў сваёй рабыняй! Яна табе ва ўнучкі прыдаецца, а ты яе на ложак!

– Тады дай сынам маім у рукі па мячу, хай патрапяць да Пяруна!

– Нееее, загінуць як бязродныя сабакі! А што, цяпер нашых багоў прыгадаў, калі ўжо трэба на неба ісці?!

– Даўмене, каханы, сыны ягоныя не пры справе, і абыходзіліся са мной добра, без абразаў, нібы з каралевай, адпусці іх!

– Табе спадабалася?! Колькі разоў рыскуны мае маглі вывезці цябе з Наваградку! Ты не паехала!

– Не хацела я вайны між вамі...

– А можа здрадзіла мне?! Можа княжной Вялікага княства сябе ўявіла?! Можа ўсе словы, што казала ў Крэве, былі падманам?! Вось зараз са сваім палюбоўнікам убачыце помсту. Жорсткую помсту. Трайнат, цягні першага сюды!

...Рукі, твар, уся каміза, нагавіцы і нават боты былі ў крыві. Дружыннікі пазіралі на князя і пераглядаліся між сабой. Ніхто не адважваўся яго спыняць, але жорсткасць была надзвычайная... І не над зарэзанымі сынамі вялікага князя, а над целам жонкі сваёй былой...

– А вось цяпер кіньце яму меч... Хачу, каб ты патрапіў на пір да багоў і каб я, калі скончыцца маё кола зямное, мог кожны дзень забіваць цябе там, кожны дзень рваць і рэзаць цябе за свой зганьбаваны гонар і за сорам жонкі маёй! І каб багі гэта бачылі! Ці ўжо нашым багам болей не служыш? Можа шчыра ўверыў у бога-жабрака? Карону ад папы хрысціянскага атрымаў, каралеўства заснаваў па іх узору, біскупаў запрасіў... Нешта хочаш сказаць? Адпусціце яго.

– Скажу табе, вар’ят крыважэрны, што жонку тваю ніхто не чапаў, а каб ты пакутваў бясконца, мусіш ведаць – цяжарная яна была, тваё дзіця насіла. І засталася яна ў Наваградку сапраўды па просьбе маёй памёрлай Марты, і сапраўды хацела змірыць нашыя княствы. Бачыла, што з’ядуць ненасытныя крыжакі твае Нальшчаны, што толькі ў Вялікім княстве выратаванне нашае супольнае. Старэйшы сын мой збудуе тое, што бачылі і пра што марылі ўсе, і жонка твая таксама, усе, акрамя цябе, стратнага ў беспрытомнасці і бязглуздзі каханка.

– Ыыы... Сякеру мне, буду секчы яго...

– Прыйшлі ўсе, каго мы клікалі, і нават болей – віцебцы, аршанцы, менчукі, амсціслаўцы, эсты, латыголы, земгалы.

– Загадай летапісцу занатаваць, што ў лета 6724 сабралася вялізнае войска, каб пайсці ў вусце Дзвіны і знішчыць крыжацкае кубло дашчэнту. Ці гатова ўсё да выправы?

– Апошнія бочкі на стругі грузяць, потым заносім зброю. Паганцы ахвяры багам чыняць. Месцічы і духоўнікі не задаволеныя. Але спыняць ніхто не адважваецца.